З канца студзеня Польшча пачала будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю. Улады краіны-суседкі мяркуюць пабудаваць сьцяну даўжынёй 186 кілямэтраў да чэрвеня 2022 году. Польскія ўлады мяркуюць, што плот абароніць іх ад нелегальнага пераходу мяжы. Эколягі кажуць, што новабудоўля нанясе калясальную шкоду як усёй Белавескай пушчы, так і яе «насельніцтву» — зубрам, ваўкам, ласям, птушкам.
Які плот будуюць палякі?
Плот будзе даўжынёй 186 кілямэтраў, вышынёй 5,5 мэтра. Гэта 5-мэтровыя сталёвыя слупы, зьверху калючы дрот. На платах будуць датчыкі руху і камэры. Для будаўніцтва будзе выкарыстана каля 50 тысяч тон сталі.
Кошт будаўніцтва ацэньваецца больш як у 1,6 мільярда злотых (больш за 353 мільёны эўра).
Польскія ўлады лічаць, што плот будзе эфэктыўна супрацьдзейнічаць хвалі мігрантаў, якія зь лета 2021 году штурмуюць мяжу з боку Беларусі.
І беларускія, і польскія эколягі не ўхваляюць ідэю будаўніцтва плота. Яны сьцьвярджаюць, што плот стане перашкодай для натуральнай міграцыі жывёл, заблякуе міграцыю мядзьведзяў, зуброў, ваўкоў, аленяў і ласёў. «Калючка» паўзьверх плота будзе пагрозай для птушак.
«Сьцяна фактычна абмяжоўвае міграцыю. Але не людзей, а зьвяроў»
Арнітоляг Адам Збырыт зь Беластоку ў камэнтары для Gazety Wyborczej выказаўся, што рана ці позна праблема зь мігрантамі на мяжы будзе вырашаная. Але плот застанецца стаяць. Прычым у Белавескай пушчы ўжо ёсьць плот зь сеткі. На працягу многіх гадоў яго абяцаюць разабраць, але ён стаіць і дагэтуль.
Арнітоляг прыводзіць у прыклад муры на мяжы ЗША і Мэксыкі, Ізраілю і Палестыны. Ён кажа, што сьцяна сапраўды абмяжоўвае міграцыю, але не людзей — жывёл.
«Людзі як праходзілі, так і пройдуць. Але мядзьведзі, ваўкі, рысі, алені, казулі, ласі, дзікі, лісы, барсукі, зайцы ня пройдуць. Наступствы для іх, асабліва самых рэдкіх, могуць быць разбуральныя. Мы можам разьвітацца з чарговымі візытамі мядзьведзяў ці зайцоў. Нашы зубры больш не сустракаюцца з зубрамі ў Беларусі. Птушкі будуць разьбівацца аб сетку, іншыя жывёлы заблытаюцца і загінуць у пакутах», — прагназуе арнітоляг.
Актывіст, абаронца прыроды і журналіст Адам Вайрак лічыць, што ахова мяжы ў Белавескай пушчы павінна быць асабліваю і ўлічваць унікальны характар гэтага месца. Апроч перашкод для міграцыі жывёл, ён адзначае такі аспэкт: будоўля пацягне высечку дрэў — і гэта ў Нацыянальным парку, будаўніцтва бэтоннай базы ў пушчы, цяжкую тэхніку там. Для будаўніцтва сьцяны трэба будзе пабудаваць дарогі — праз запаведнік, праз Нацыянальны парк, праз балоты, праз адзіны ў сваім родзе лес.
«Белавеская пушча заслугоўвае асаблівага стаўленьня, бо гэта прыродны скарб сусьветнай клясы», — выказаўся журналіст.
Ён лічыць, што за 1 мільярд 615 мільёнаў злотых будзе пабудавана «бессэнсоўная сьцяна, якая не абароніць нікога ні ад чога і разбурыць тое, што мы абараняем разам на працягу многіх гадоў».
Чакаецца, што будаўніцтва будзе ісьці паскоранымі тэмпамі.
«Больш ніякага турызму. Нас чакае зьнішчэньне аднаго з самых каштоўных і апошніх такіх лясоў у сьвеце на карысьць непрацуючай аховы дзяржаўнай мяжы», — кажа Адам Вайрак.
Праз калючы дрот на мяжы ўжо гінуць зубры
У студзені была зафіксаваная гібель як мінімум двух зуброў на мяжы з Польшчай. Спэцыялісты Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» лічаць, што зубры, якія загінулі, былі з папуляцыі на польскім баку пушчы. Статак увосень міграваў быў на Беларусь, а з наступленьнем халоднай пары вяртаўся ў Польшчу да месца зімовага прыкорму. На яго шляху стаў калючы дрот. Польскія актывісты сьцьвярджаюць, што ў пастку паміж дратамі трапіў статак з дваццаці зуброў.
Памежная служба Польшчы кажа, што наўрад ці столькі зуброў можа быць у памежнай паласе — «мы б іх бачылі». «Калі зубры захочуць пранікнуць на тэрыторыю Польшчы — плот зьнімуць і ўпусьцяць зуброў», — абяцаюць польскія памежнікі.
Прафэсар Рафал Кавальчык з Інстытуту млекакормячых Польскай акадэміі навук вывучае зуброў больш за дваццаць гадоў. Ён кажа, што калі хоць адзін зубар трапіць у пастку за калючым дротам, «наш абавязак — вызваліць яго з пасткі, якую мы яму падрыхтавалі».
Прафэсар Кавальчык нагадвае, што плот з калючага дроту быў пабудаваны на мяжы яшчэ ў 80-х гадах. Той плот «пасьпяхова адгарадзіў папуляцыі зуброў паабапал мяжы ў Белавескай пушчы, яны нават генэтычна адрозьніваюцца».
На памежжы ўтварыліся «кішэні», ці анклявы, паміж польскай мяжой і беларускай. «На працягу многіх гадоў, калі на мяжы было ціха, гэтыя „кішэні“ служылі выдатным прытулкам для жывёл. Зубры адчувалі сябе там бясьпечна», — кажа прафэсар.
Тыя «кішэні», ці анклявы, цяпер ператварыліся ў пасткі. Калючы дрот з польскага боку мяжы пачалі мантаваць у верасьні 2021 году. На мяжы зрабілася шумна, пастаянна езьдзілі памежнікі. Анклявы на беларускім баку мяжы былі бясьпечным сховішчам для зуброў. Яны ведалі гэтую мясцовасьць, таму што гадамі ёю карысталіся. Калі быў пабудаваны калючы дрот, некаторыя зубры засталіся за ім як у пастцы.
«Зубры — вялікія жывёлы, ім патрэбны вялікі аб’ём ежы. Яны прызвычаіліся, што зімой іх падкормліваюць, і будуць шукаць магчымасьці вярнуцца ў зімовыя прытулкі», — кажа Рафал Кавальчык.
Прафэсар прааналізаваў здымкі зуброў, якія ўжо загінулі ля мяжы.
«Абодва выглядаюць змучанымі. Бачныя рэбры, мышцы ўздоўж хрыбта ўваліліся. Недахоп ежы ў патрэбнай колькасьці мог быць асноўнай прычынай, але да дрэннага стану жывёлу маглі прывесьці і іншыя фактары. Напрыклад, стрэс, выкліканы тым, што на шляху гэтых жывёл вырасла перашкода, якой раней не было. Аказалася, што іх традыцыйны шлях да зімовых месцаў кармленьня або падкормкі быў адрэзаны. Характэрна, што абодва зубры ўпалі каля калючых дратоў. Гэта кажа пра тое, што яны, верагодна, шукалі праход», — кажа прафэсар.
Што можна зрабіць, каб уратаваць зуброў? Кавальчык мяркуе, што за калючы дрот на беларускі бок можна перакінуць цюкі сена і кармавыя буракі.
«Я б паклапаціўся пра тое, каб вакол такіх месцаў было як мага больш спакою. Калі зубры зьявяцца ў такіх месцах, я б расьсек плот на ўчастку некалькі дзясяткаў мэтраў, пакінуў бы якую-небудзь ежу на польскім баку і даў бы ім проста спакой. Тады там не павінна быць людзей», — лічыць прафэсар.
«Польшча павінна даказаць, што плот не зашкодзіць дзікай прыродзе», — UNESCO
UNESCO заявіла 28 студзеня, што Польшча мусіць адкласьці будоўлю 5-мэтровага плота да таго часу, пакуль улады ня здолеюць даказаць, што новабудоўля не перашкодзіць дзікай прыродзе.
Гі дэ Бонэ, кіраўнік аддзелу прыроднай спадчыны Цэнтру сусьветнай спадчыны UNESCO, сказаў, што Польшча павінна прадэманстраваць, што сьцяна не акажа нэгатыўнага ўзьдзеяньня на Белавескую пушчу.
Эўрапейская камісія таксама заклікала правесьці належную ацэнку ўзьдзеяньня сьцяны на навакольнае асяродзьдзе.
Міністэрства клімату і навакольнага асяродзьдзя Польшчы заявіла, што закон аб памежнай сьцяне не патрабуе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе і што будзе пабудавана больш за 20 пераходаў для жывёл.
«Пабудова пяцімэтровага плота — прыродная катастрофа», — беларускі эколяг
У 2014 годзе ўся Белавеская пушча паабапал мяжы была ўключана ў адзіны трансгранічны аб’ект Усясьветнай спадчыны UNESCO.
Першы плот у Белавескай пушчы зьявіўся ў часы «халоднай вайны» ў 1981 годзе на беларускай тэрыторыі.
Гэта нэгатыўна паўплывала ў першую чаргу на зуброў — спыніўся генэтычны абмен паміж «польскімі» і «беларускімі» зубрамі.
Штучныя загарадкі пазбаўляюць зьвяроў свабоды перамяшчэньня і нясуць пагрозу існаваньню і захаваньню папуляцый, асабліва рэдкіх відаў.
Ва ўразьлівым становішчы апынуцца ваўкі і рысі.
«Пабудова пяцімэтровага плота — прыродная катастрофа. Рысь, воўк, мядзьведзь — індыкатары цэласнасьці лясных сыстэм і натуральнасьці. Калі на мяжы стаяў ня плот, а толькі сетка — мядзьведзь даваў ёй рады, пралазіў скрозь сетку. Гэты плот спыніць міграцыю буйных драпежнікаў», — лічыць беларускі эколяг, абазнаны ў праблемах Белавескай пушчы (дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС).
Ён выказаў думку, што пабудова плота з польскага боку незаконная, бо і польскі бок, і беларускі — зона UNESCO, унікальная прыродная тэрыторыя.
«Пасьля пабудовы плота зубры ня здолеюць выкарыстаць выдатныя месцы для ацёлу, для кармавой базы, ня будзе абмену генамі паміж драпежнікамі. Тэрыторыя рысі можа даходзіць да 600 квадратных кілямэтраў. Гэта вялізная тэрыторыя, якая не прывязаная да межаў дзяржаў. Хоць для рысі хапае корму, але цяпер папуляцыя рысі не расьце — бо няма абмену генамі. Новы плот можа аказваць нэгатыўны ўплыў на папуляцыі драпежнікаў і празь дзесяцігодзьдзі. Тое, што польскія памежнікі абяцаюць падымаць плот ці пабудуюць брамкі, каб праходзілі дзікія жывёлы, — гэта проста адгаворкі. Ужо два зубры загінулі», — кажа экалягічны актывіст.
Плот нэгатыўна паўплывае і на ваўкоў. Ваўчыная зграя займае 300–500 квадратных кілямэтраў.
«І вось частцы зграі загародзяць тэрыторыю. Здаецца — ну, гэта проста плот. Але яго пабудова цягне шмат нэгатыву для дзікіх жывёл», — дадаў эколяг.