Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бульба сёлета на другім месцы ў падаражэньні сярод харчовых тавараў у Беларусі, пасьля чырвонай ікры


За 11 месяцаў 2024 году больш за ўсё цэны ў Беларусі вырасьлі на чырвоную ікру, бульбу і курсы кіроўцаў, сьведчыць аналіз зьвестак Белстату, які правёў «Позірк».

Пры агульным росьце спажывецкіх цэнаў за гэты час на 4,57% цана чырвонай ікры павялічылася на 40,74%, бульбы — на 25,26%, курсаў кіроўцаў — на 25,94%.

Сярод усесэзонных харчовых тавараў, якія ў цэлым падаражэлі на 5,07%, у тройцы лідэраў, акрамя чырвонай ікры, аліўкавы алей (24,32%) і шакаляд (21,49%). Сярод сэзонных, акрамя бульбы, таксама найбольш падаражэлі салодкі перац (19,70%) і часнок (14,80%).

Патаньнелі сярод усесэзонных тавараў толькі грэчка (-12,85%), цукар (-0,35%) і воцат (-0,15%). У лідэрах зьніжэньня цэнаў сярод сэзонных тавараў гуркі (-25,88%), белакачанная капуста (-23,33 %) і рэпчатая цыбуля (-15,70%).

Нехарчовыя тавары за студзень–лістапад 2024 году сталі даражэйшымі ў сярэднім на 3,56%. У тройцы лідэраў у падаражэньні — штомесячныя часопісы (20,46%), ювэлірныя вырабы (13,44%) і штотыднёвыя газэты (11,46%). Больш за ўсё патаньнелі ваўняная і паўваўняная пража (-3,00%), сродкі для мыцьця вокнаў (-2,82%) і фарба для валасоў (-2,66%).

У сфэры паслуг, акрамя курсаў кіроўцаў, найбольш вырасьлі ў цане квіткі ў тэатар (22,38%) і цырк (19,99%). Патаньнелі толькі ацяпленьне (-2,87%) і рытуальныя паслугі (-2,62%).

  • 12 сьнежня ў Беларусі ўвялі ліцэнзаваньне на вываз бульбы за межы Беларусі — «у мэтах забесьпячэньня ў міжсэзонны пэрыяд унутранага рынку сельскагаспадарчай прадукцыяй у поўным аб’ёме».
  • Паводле зьвестак Белстату, на 1 лістапада 2024 году ў Беларусі сабралі 534,8 тысячы тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасьці 302 цэнтнэры з гектара. Пры гэтым на аналягічную дату 2023 году сабралі 827,2 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасьці 358 ц/га. Такім чынам, агульны ўраджай бульбы зьнізіўся ў 1,55 раза.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG