Андрус Кубілюс крытычна выказаўся супраць Аляксандра Лукашэнкі ў сваім звароце адносна падзей у Беларусі.
«Спадар Лукашэнка шмат гадоў, ад самага пачатку свайго аўтарытарнага праўленьня, быў рабом Крамля і бясьсільным слугой прэзыдэнта Пуціна. У 2020 годзе ён меў шанец стаць на баку беларускага народу, але ўрэшце вырашыў супрацьстаяць сваёй нацыі і працягнуць службу Крамлю. Як марыянэтка Пуціна Лукашэнка ня ў стане зьмяніць і нават супрацьстаяць рашэньню Крамля разьмясьціць у Беларусі 30 000 вайскоўцаў. Усё, што мог зрабіць Лукашэнка, гэта выканаць загады Крамля. У яго не прасілі дазволу, яму далі дырэктыву прыняць найбуйнейшае расейскае разьмяшчэньне ў Беларусі з часоў халоднай вайны».
Ніякага апраўданьня рэжым, на думку экс-прэм’ер-міністра Літвы, мець ня можа.
«Як бы ні называлася гэтае разгортваньне: вучэньнямі ці то вайсковым альянсам, за наступствы свайго вайсковага супрацоўніцтва супраць волі беларускага народу будзе адказваць спадар Лукашэнка. Калі прэзыдэнт Пуцін прыме рашэньне ўварвацца ва Ўкраіну, ён зьдзейсьніць міжнароднае злачынства і будзе асуджаны за гэта перад міжнародным трыбуналам у Гаазе. Калі гэта ўварваньне адбудзецца зь беларускай тэрыторыі, то Лукашэнка стане саўдзельнікам у зьдзяйсьненьні ваеннага злачынства і будзе ў судзе разам з Пуціным».
Кубілюс лічыць, што Лукашэнку цяпер «варта проста маліцца (паколькі ў яго няма іншых інструмэнтаў, каб уплываць на рашэньні Пуціна), каб расейскія войскі, якія знаходзяцца цяпер на беларускай зямлі, ня ўдзельнічалі ў ваенным уварваньні ва Ўкраіну».
Эўрапейскі палітык назваў Лукашэнку здраднікам беларускай дзяржаўнасьці.
«Калі ў пэрыяд, у якім Беларусь ня мае законнай улады, расейскія войскі ўварвуцца ва Ўкраіну зь Беларусі або застануцца ў Беларусі на неабмежаваны тэрмін, гэта будзе фактычным доказам таго, што Крэмль акупаваў Беларусь, а Лукашэнка зьяўляецца здраднікам беларускай дзяржаўнасьці, і гэтая здрада будзе ягонай адзінай спадчынай.
Захад адкажа жорсткімі санкцыямі на акупацыю Беларусі, як гэта было ў выпадку расейскай акупацыі Крыму ў 2014 годзе. Гэты адказ будзе ўключаць пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні чыноўнікаў Крамлю, сэктаральныя санкцыі супраць эканомікі Расеі, комплексныя санкцыі — прызнаньне палітыкі анэксіі Беларусі і неадкладнага пачатку міжнароднага трыбуналу для суду над Лукашэнкам за злачынствы супраць народу Беларусі і беларускай дзяржаўнасьці».
Калі беларускія вайскоўцы падтрымаюць расейскае ўварваньне, іх камандзіры будуць сядзець на адной лаве ў Гааскім трыбунале побач з Лукашэнкам і Пуціным, перакананы Андрус Кубілюс.
Аднак, лічыць ён, беларускія дзяржаўныя органы ўсё яшчэ могуць дыстанцыявацца ад ваенных злачынстваў Лукашэнкі і выбраць іншы шлях працы: не на дыктатара, а на будучыню народу і дэмакратычнай Беларусі.