Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«50 пацыентаў з COVID-19 за зьмену». Беларуская лекарка расказвае, як прайшлі суткі на дзяжурстве


Чэргі ў паліклініках Менску, 31 студзеня 2022 году
Чэргі ў паліклініках Менску, 31 студзеня 2022 году

Тыдзень у Беларусі пачаўся зь вялізных чэргаў у паліклінікі, праблемаў з выклікам лекараў на дом і тлумачэньняў Міністэрства аховы здароўя, што «гэта проста панядзелак», «гэта зьвязана з жаданьнем грамадзян прайсьці лябараторнае дасьледаваньне».

Пра сваё дзяжурства ў шпіталі, калі на беларусаў «напаў омікрон», расказала лекарка аднаго са шпіталяў. Яна дзяжурыла ў шпіталі з 30 на 31 студзеня.

«Спачатку паступленьне пацыентаў было стандартнае. Хтосьці на плянавую шпіталізацыю, хтосьці з экстраным зваротам па „хуткай“ або самастойна зь нейкай скаргай. Мая задача па дзяжурстве ў выходны дзень — працаваць на сваё аддзяленьне і ў прыёмным пакоі з пацыентамі майго профілю, кансультаваць пацыентаў ад іншых лекараў па неабходнасьці.

Усё было спакойна і нічога, як кажуць, не прадвяшчала бяды. Так, пацыенты „плюсавалі“ [мелі пазытыўны тэст на Covid-19. — РС] пэрыядычна, але гэта былі адзінкавыя выпадкі. Мы іх выпісвалі, адпускалі дадому або пераводзілі ў інфэкцыйныя аддзяленьні. Дзень ішоў спакойна. Бліжэй да 17-й гадзіны ў прыёмным аддзяленьні апынулася адначасова каля 15 тэрапэўтычных пацыентаў з дыягназам COVID, пнэўманія пад пытаньнем. Гэта выглядала так, як быццам нехта даў каманду „фас!“», — узгадвае лекарка.

Паводле яе словаў, людзі прыяжджалі і на «хуткай», і самастойна. Многія ўжо былі на бальнічным лісьце па COVID.

«Адзіны тэрапэўт у прыёмным аддзяленьні з такім рэзкім аб’ёмам паступленьняў проста „патануў“ у іх. Усе, хто працаваў на зьмене, мабілізаваліся і дапамагалі. Нехта выйшаў па-за сваёй зьменай. Лекары ў аддзяленьні ў экстраным парадку арганізоўвалі вольныя месцы, а мы дапамагалі тэрапэўту прымаць COVID», — расказала мэдык.

Лекарка падлічыла, што з 17.00 да 8.00 у стацыянар паступілі 30 пацыентаў з COVID-19. Яшчэ 20 дыягнаставаных пацыентаў мелі лёгкую форму, і іх адправілі лячыцца дахаты.

«Людзі былі розныя. Хтосьці лёгкай, хтосьці сярэдняй ступені цяжкасьці. Хтосьці адкрыта сказаў, што прыехаў на хуткай, каб яму зрабілі КТ, і казаў: „Чорт вазьмі, я яшчэ доўга буду чакаць?!“ Матывы людзей часам складана зразумець. Мы проста працавалі і рабілі сваю справу. І я скажу, што гэта ня самая складаная ноч. Бывала і горш. Але мы дапамагалі адзін аднаму як маглі. Проста гэта было рэзка і раптам!» — кажа лекарка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG