Першая і апошняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага адбылася на форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў 2019 годзе. Тады Лукашэнка прызнаваўся ў любові да ўкраінцаў, гаварыў аб супрацоўніцтве і абяцаў, што ніякіх цяжкасьцяў для Ўкраіны Беларусь ня створыць: «Я хачу вас запэўніць, што ніколі вы ўвогуле ня мелі праблем з тэрыторыі Беларусі і Беларусьсю, вы ніколі ня будзеце іх мець. Мы заўсёды будзем самымі добрымі, надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнэрамі». Уладзімір Зяленскі на сустрэчы ў Жытоміры таксама гаварыў пра партнэрства паміж краінамі, пра новыя кантракты, і нават жартаваў з Лукашэнкі.
Але менш чым праз год адносіны паміж краінамі пачынаюць пагаршацца: Аляксандар Лукашэнка перадае затрыманых пад Менскам байцоў ПВК «Вагнэр» Расеі, хаця, паводле Ўладзіміра Зяленскага, абяцаў выдаць баевікоў украінскім уладам.
Дыпляматычным адносінам Беларусі і Ўкраіны — 30 гадоў. За гады незалежнасьці паміж краінамі заключана сотні дамоваў аб супрацоўніцтве. Беларусь пастаўляе электраэнэргію, трактары, аўтобусы МАЗ, нафтапрадукты і іншую сыравіну. Украіна экспартуе ў Беларусь сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю.
Сьледам за краінамі ЭЗ і ЗША афіцыйны Кіеў не прызнаў легітымнасьці Аляксандра Лукашэнка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. У адказ на прымусовую пасадку самалёта і арышт блогера Рамана Пратасевіча Украіна спыніла авіязносіны зь Беларусьсю. Але, нягледзячы на пагаршэньне палітычных адносін, эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі працягваецца. Паводле нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», у 2021 годзе Беларусь прадала Ўкраіне рэкордныя за апошнія сем гадоў 17,1 млрд кВт/г электраэнэргіі.
Эканамічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю, на думку ўкраінскага палітоляга Яўгена Магды, можа мець сур'ёзныя палітычныя наступствы для афіцыйнага Кіева. «Такія вялікія закупкі электраэнэргіі, вядома, зьвязаныя з нашым украінскім разгільдзяйствам. Але не забывайцеся, што сама энэргасыстэма Ўкраіны — яшчэ шмат у чым рудымэнты Савецкага Саюзу ў ёй застаюцца. І таму, з аднаго боку, гэта [купля электраэнэргіі ў Беларусі] вымушаны крок. З другога боку, АЭС у Астраўцы пабудаваная „Росатамом“, і пабудаваная для экспарту электраэнэргіі. Таму нас як бы ловяць на кручок, — лічыць Яўген Магда. — Цяпер, пастаўляючы ва Ўкраіну электраэнэргію, калі мароз стане яшчэ мацнейшым, могуць гэтым пачаць шантажаваць: мы вам зараз рубільнічак клацнем — і ўсё».
Калі яшчэ пару гадоў таму Лукашэнка гаварыў, што Беларусь ня створыць праблем Украіне, дык ужо ў канцы 2021 году рыторыка палітыка прынцыпова зьмянілася. «Яны выдатна разумеюць: калі зноў разьвяжуць вайнушку ў Данбасе або дзесьці на мяжы з Расеяй, Беларусь у баку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь», — заявіў Лукашэнка 29 лістапада на нарадзе ў пытаньнях ваеннай бясьпекі.
Украінскі палітоляг Яўген Магда ўпэўнены, што такія дзеяньні ня пойдуць на карысьць беларускім уладам. «Любы стрэл ракетны, артылерыйскі з тэрыторыі Беларусі проста зьнішчыць і без таго вельмі кволую легітымнасьць Лукашэнкі. Яна і цяяпер кволая. Яго там за кошт апэрацыі ў Казахстане Расея крыху падцягнула, паказала, што ён прымае нейкія рашэньні. А далей — агрэсія супраць Украіны?.. Гэта проста размажа самога Лукашэнку», – лічыць Яўген Магда.
«Пачынаючы з восені 2021 году [ідзе] дэманстрацыя беспрэцэдэнтнай падтрымкі Расеі на міжнароднай арэне і ўвогуле расейскіх авантур. Заява Лукашэнкі аб тым, што ў выпадку новай вайны на Данбасе або ў прынцыпе Расеі і Ўкраіны Беларусь не застанецца ў баку, проста перакрэсьлівае ўсю лінію афіцыйнага Менска, якую ён выконваў, вёў апошнія сем гадоў», – камэнтуе сытуацыю палітычны аглядальнік Ігар Ільляш.
- Яшчэ ў лютым 2021 году, паводле зьвестак Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі, Аляксандар Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў, абагнаўшы ў рэйтынгу Джо Байдэна і Эманюэля Макрона. Але ўжо да верасьня, як паказала апытаньне сацыялягічнай групы «Рэйтынг», да кіраўніка Беларусі нэгатыўна ставіліся 59 % грамадзян Украіны.
- У лютым у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі пройдуць пазаплянавыя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні: у краіну ўжо прыбывае расейская вайсковая тэхніка. У выпадку чарговага расейска-ўкраінскага канфлікту, на думку вайсковых экспэртаў, адзін з удараў можа быць нанесены з тэрыторыі Беларусі.