Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Расея перакідвае вайсковыя сродкі ў Беларусь і паскарае стварэньне саюзнай дзяржавы


Сродкі беларускай супрацьпаветранай абароны. Ілюстрацыйнае фота
Сродкі беларускай супрацьпаветранай абароны. Ілюстрацыйнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на ўмацаваньне Расеяй супрацьпаветранай абароны (СПА) пад Менскам.

«Расея працягвае перакідваць вайсковыя сродкі ў Беларусь, адначасова паскараючы намаганьні ў рэалізацыі ключавых пунктаў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 21 лістапада.

Экспэрты паведамілі, што 21 лістапада Расея перакінула ў Беларусь чарговую батарэю ЗРК «Тор-М2» для ўзмацненьня магчымасьцяў супрацьпаветранай абароны пад Менскам.

«Расейскія вайскоўцы, магчыма, інтэгруюць гэтыя новыя сыстэмы ў існуючую расейска-беларускую рэгіянальную сыстэму супрацьпаветранай абароны (СПА), даючы Маскве кантроль па іх выкарыстаньні», — мяркуюць экспэрты.

У справаздачы зьвярнулі ўвагу на тое, што перадача сыстэм адбылася на тле камэнтароў старшыні камітэту Дзярждумы Расеі па абароне Андрэя Картаполава аб тым, што Расея прадаставіць Беларусі неабходную падтрымку для абароны ад нападу з боку нявызначаных заходніх краін.

Беларусь і Расея ў 2009 годзе падпісалі дамову аб супольнай ахове паветранай мяжы саюзнай дзяржавы і стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА. Фармаваньне агульнай супрацьпаветранай абароны завяршылі ў 2016 годзе, тады ж пачаліся супольныя з Расеяй баявыя дзяжурствы.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зацьвердзіў сваім указам асновы дзяржаўнай палітыкі Расеі ў галіне ядзернага стрыманьня, у якой прадугледжваецца магчымасьць выкарыстаньня ядзернай зброі ў выпадку прымяненьня гэтай або іншай зброі супраць Расеі або яе хаўрусьніцы Беларусі.

21 лістапада ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што неўзабаве на баявое дзяржурства заступіць чарговая батарэя ЗРК «Тор-M2», якую атрымалі з Расеі. Згодна з паведамленьнем, перад перадачай комплексу Беларусі яго дапрацавалі «расейскія канструктары з улікам досьведу выкарыстаньня ў СВА, у тым ліку і па малых лятальных апаратах».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG