- Золатаву, як і яшчэ 14 супрацоўнікаў парталу, затрымалі ў траўні 2021 году; Леўшыну — у жніўні 2021 году.
- Tut.by улады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», БелаПАН — «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- Што яны пішуць у лістах з турмы, даведалася Свабода.
«Мы абсалютна ўсё перажывём і вытрымаем»
Ірына Леўшына ў лісьце з турмы піша, маючы на ўвазе, што ня ўсе лісты даходзяць:
«Наша карэспандэнцыя знаходзіцца ў руках «вышэйшых сілаў», якім «Бог судзьдзя». «Вось хай ён іх і судзіць. Мяне менавіта такія суды цікавяць, а ня тыя, якія паставілі на паток прысуды амаль кожнаму дзясятаму ў гэтай краіне», — піша Ірына.
Яна радая любой інфармацыі пра знаёмых, калег і сяброў.
«Якая ўсё ж важная сувязь паміж людзьмі! Нават самая дробная інфармацыя пра знаёмага, аблічча, якое ледзь мільганула ў калідоры ізалятару — ужо радасьць і цеплыня. Свае людзі побач! Яны ў норме, і гэта здорава. Мы абсалютна ўсё перажывём і вытрымаем. Бо гэты сьвет сюррэалізму не пакідае нам выбару. Застаецца толькі глядзець на тое, што адбываецца, як на спэктакль і воляй-няволяй удзельнічаць у ім.
Але свае ролі трэба выконваць годна, што бы ні адбывалася. Бо спэктакль рана ці позна падыдзе да свайго лягічнага фіналу. І далей працягнецца ўжо нармальнае жыцьцё, у якім мы будзем рабіць тое, што хочам і што лічым патрэбным, а ня тое, што нам навязваюць гора-рэжысэры. Ну а пакуль глядзім, рэагуем на пэўныя моманты і абавязкова запамінаем усё да самых дробных падрабязнасьцяў», — разважае Ірына Леўшына.
Сябе ў лістах яна называе «выразным аптымістам».
«Гэта нават ня я, а мае тата з мамай і бабуля зь дзядулем. Вось апошнім было рэальна цяжка. Людзі вайну перажылі і цягнулі дзяцей у холад і голад. Ці нам пасьля гэтага ныць? Ды і ўвогуле — ці нам радаваць некага сваім ныцьцём? Вось жа не! Гэтага ад мяне не дачакаюцца дакладна», — піша яна.
Ірына пераймаецца за калег і сяброў.
«Вельмі хочацца, каб усе неяк змаглі ўладкаваць сваё жыцьцё ў гэты пэрыяд бяссчасься. Думаю пра ўсіх літаральна пайменна. Амаль кожны дзень, калі засынаю, працягваю бачыць вельмі цікавыя, насычаныя сны. Такія цікавыя, што нават не рызыкую іх тут апісваць. Я б нават сказала, сымбалічныя сны ўва многім. Прычым у добрым напрамку сымбалічныя. Што гэта? Мая пазытыўная сьвядомасьць ці пасланьне звонку? Ня ведаю», — піша Ірына Леўшына.
«Балюча назіраць за тым, што адбываецца ў нас»
Марына Золатава шмат чытае, бярэ кнігі ў турэмнай бібліятэцы. Нядаўна яна прачытала аўтабіяграфію Эміра Кустурыцы «Дзе маё месца ў гісторыі?». У турме яна адкрыла для сябе Нарынэ Абгаран.
«Увогуле, чым больш кніг тут чытаеш, тым больш паралеляў праводзіш зь цяперашнімі падзеямі. „ЖД“ Быкава, напрыклад. Альбо „Цмок“ Шварца», — піша Марына Золатава.
Золатава ўспамінае свае шматлікія падарожжы ў Баўгарыю, а таксама ў Косава і Харватыю.
«Альбо вось горад у Альбаніі, а побач праваслаўны манастыр, у якім 22 манашкі пад аховай KFOR. Альбо разбураная царква, у двары якой пасьвяцца каровы. Балюча глядзець на такія рэчы. Балюча назіраць за тым, што адбываецца ў нас. Бо ўсе людзі розныя, сьвет вялікі і можна жыць у міры. Але атрымліваецца нейкая фігня. Так, напэўна людзі самі па сабе ў стане жыць у міры. Ды ўзяць Беларусь, якой яна была да вайны (Другой сусьветнай. — РС), колькі ў нас было адсоткаў габрэяў? Сорак? А палякаў? Надпіс на чыгуначным вакзале — на чатырох мовах.
Пакуль не прыходзяць „якія-небудзь“ і не пачынаюць нацкоўваць людзей у сваіх інтарэсах. Вось што крыўдна. Але ж якія людзі цудоўныя — гэта я ўжо пра нашы падзеі ў тым ліку. Успамінаю словы Дзьмітрыя Быкава пра тое, што дабро ў выніку перамагае, бо зло неэфэктыўнае, і пагаджаюся!» — напісала Марына Золатава з турмы.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.