Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 студзеня: ператрусы ў магілёўскіх праваабаронцаў; затрымалі сябру прэзыдыюму БСДП


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

Ператрусы ў магілёўскіх праваабаронцаў

«Вясна» паведаміла пра ператрусы ў сябраў грамадзкай арганізацыі «Магілёўскі праваабарончы цэнтар».

18 студзеня супрацоўнікі невядомага сілавога ведамства ў цывільным прыйшлі да сябра праўленьня «МПЦ» Аляксандра Паўловіча, аднак нічога не канфіскавалі.

Раніцай 19 студзеня сілавікі ўварваліся да члена кантрольна-пагаджальнай камісіі, 82-гадовай Яўгеніі Цюркінай, і канфіскавалі ў яе сыстэмны блёк кампутара.

У гэты ж дзень з працы забралі яшчэ аднаго сябра «МПЦ», Васіля Ліпскага. Яго завезьлі ў ягоную кватэру, якую таксама абшукалі, але нічога не канфіскавалі.

«Магілёўскі праваабарончы цэнтар» — адзіная ў Беларусі рэгіянальная арганізацыя праваабаронцаў, зарэгістраваная ўладамі. Аднак апошнія паўтара года «МПЦ» актыўна не функцыянавала.

Затрымалі сябру прэзыдыюму БСДП Людмілу Волкаву

19 студзеня затрымалі сябра прэзыдыюму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Людмілу Волкаву, якая кіравала тэлеграм-каналам партыі, паведамляе партыя БСДП.

Сілавікі затрымалі яе на працы і разам зь ёй паехалі да яе дахаты, дзе правялі ператрус. Пасьля таго як тэлефон трапіў у рукі сілавікоў, паводле БСДП, партыйную сымболіку замянілі на дзяржаўны герб, а ўсіх падпісчыкаў тэлеграм-каналу партыі выдалілі.

Цяпер вырашаюць, як даць Волкавай адваката.

Раней Людміла Волкава праходзіла сьведкай па крымінальнай справе і год таму (22 студзеня 2021 году) у яе прайшоў вобшук, які зладзіў ГУБАЗік.

У канцы 2020 году Міністэрства юстыцыі ініцыявала праверку дзейнасьці БСДП. Гэта адбылося пасьля таго, як 10 партый, у тым ліку праўладных, падпісалі сумесную рэзалюцыю з заклікам спыніць гвалт і правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары. Пазьней БСДП атрымала папярэджаньне за публікацыю ў партыйным часопісе аднаго з твораў мастака Ўладзімера Цэсьлера — улады ўбачылі ў гэтым зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі.

На гамельчука, якога падазраюць у нанясеньні надпісаў на дамах у Навабеліцы, завялі новую справу

12 студзеня 36-гадовага Аляксандра Булашова затрымалі супрацоўнікі АУС Навабеліцкага раёну па падазрэньні ў нанясеньні надпісаў на фасады дамоў. Агулам яго вінавацяць у нанясеньні 20 надпісаў цягам 2020–2021 гадоў (апошні раз — 17 сьнежня 2021 году). У той жа дзень прайшлі ператрусы ў яго дома і ў кватэры, дзе жывуць ягоныя бацькі. Забралі кампутарную тэхніку і тэлефоны. Булашову прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 341 КК РБ («Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці».

18 студзеня ў 16.00 Булашова адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, паведаміўшы, што суд над ім пачнецца ў красавіку. А ўжо празь дзьве гадзіны яго зноў затрымалі. Гэтым разам — па адміністрацыйным артыкуле па падазрэньні ў распаўсюджваньні інфармацыйнай прадукцыі, якая заклікае да экстрэмісцкай дзейнасьці. Суд прызначаны на 19 студзеня. Да суду Булашоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, паведамляе «Гомельская Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG