Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 студзеня: у Мазыры пакаралі яшчэ 2 футбольных фанатаў, адзін зь іх непаўналетні


 Суд Фрунзэнскага раёну Менску. Ілюстратыўнае фота
Суд Фрунзэнскага раёну Менску. Ілюстратыўнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

Хроніка перасьледу 17 студзеня: двух футбольных фанатаў у Мазыры пакаралі 1,5 гадамі калёніі, адзін зь іх непаўналетні

14 студзеня суд Мазырскага раёну вынес прысуд у справе Мікіты Сілівона і Максіма Куксачэнкі.

Хлопцаў абвінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў — ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і арт. 364 «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».

У выніку 17-гадоваму Максіму Куксачэнку прысудзілі 1 год і 6 месяцаў выхаваўчай калёніі, а 18-гадоваму Мікіту Сілівону 1 год і 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму. На абодвух у залі суду надзелі кайданкі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зазначае, што падрабязнасьцяў з залі суду мала, але вядома, што справа Сілівона і Куксачэнкі амаль ідэнтычная справе футбольных фанатаў Данілы Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнкі і Кірыла Канапацкага. Летась 23 лістапада пяцёх гэтых юнакоў таксама абвінавацілі па ч.1. арт 342 і арт. 364 КК і пакаралі пазбаўленьнем волі на тэрміны ад 3 да 3,5 года.

На бацькоў абаронцы дубоў Аляксандра Дземчука чыняць ціск


На бацькоў Аляксандра Дземчука, які адбывае 30-суткавы арышт за спробу абараніць старажытныя дубы ў вёсцы Ахова, чыняць ціск, паведамляе Радыё Рацыя. Перадусім сваякоў запужваюць тым, што кантакты з грамадзянскай супольнасьцю толькі нашкодзяць. Таксама, па папярэдніх зьвестках, Дземчука ўжо звольнілі з пасады дырэктара Ахоўскага Дома культуры.

На працягу мінулага году Дзямчук зь вяскоўцамі-аднадумцамі дабіваўся захаваньня 300-гадовых дубоў на ахоўскіх могілках. Іх прызналі надзвычай аварыйнымі, і мясцовыя ўлады пастанавілі зрэзаць дрэвы. 22 сьнежня, калі справа дайшла да ліквідацыі, Дземчук паспрабаваў перашкодзіць камунальнікам, за што і быў затрыманы міліцыянтамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG