У «працоўных калектывах» і арганізацыях праходзяць абмеркаваньні праекту Канстытуцыі. Для гэтага на прадпрыемствы накіраваныя дэпутаты і чыноўнікі. Апошнія ўваходзяць у склад «інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў» (ІПГ).
На студзень ІПГ мусяць даносіць да працоўных калектываў інфармацыю пра праект Канстытуцыі. Толькі ў Магілёўскім аблвыканкаме створана 8 такіх групаў, у кожнай яшчэ 2–4 падгрупы.
18 студзеня галава адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка заявіў, што «дыялёг з грамадзкасьцю ідзе вельмі актыўна, людзі праяўляюць высокую цікавасьць да канстытуцыйнага рэфармаваньня».
Свабода прааналізавала выступы чыноўнікаў перад насельніцтвам у розных гарадах і зьвяртае ўвагу на характэрныя супадзеньні.
«Усе мы падпісаныя на інтэрнэт- і sms-рассылкі»
10 студзеня абмеркаваньне праекту Канстытуцыі праходзіла ў Гомлі.
На мерапрыемстве выступала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Даўгала — былы галоўны ідэоляг вобласьці.
Яна спынілася на тлумачэньні часткі праекту Канстытуцыі, які тычыцца абароны пэрсанальных дадзеных.
«Усе мы падпісаныя на інтэрнэт- і sms-рассылкі пра зьніжкі і акцыі, а ў краму прыходзім зь веерам скідкавых картаў, добраахвотна пакідаючы асабістыя дадзеныя, тэлефон, электронную скрыню і іншыя рэквізыты нават на касе крамы. Тым часам некаторыя нядобрасумленныя апэратары сувязі, агенцтвы нерухомасьці і іншыя арганізацыі „зьліваюць“ дадзеныя сваіх кліентаў і нават вытрымкі з кадастраў на першае патрабаваньне „заказчыкаў“. Усьведамленьне адказнасьці, якая наступіць за парушэньнем пастулятаў Канстытуцыі, павінна іх абразуміць. Падрабязьней мэханізмы рэалізацыі гэтай праграмы прапісаныя ў законапраекце аб абароне пэрсанальных дадзеных», — выказалася Ірына Даўгала.
Праз чатыры дні пасьля публікацыі ў гомельскім выданьні зьмены ў Канстытуцыю абмеркавалі ў Чэрвені (Менская вобласьць).
Там у працоўным калектыве раённага вузла электрасувязі выступіла старшыня раённага аб’яднаньня прафсаюзаў Вольга Коціна.
Яе прамова з тэзісамі «ўсе мы падпісаныя на інтэрнэт- і sms-рассылкі», «...іншыя арганізацыі „зьліваюць“ дадзеныя сваіх кліентаў» ні на коску не адрозьнівалася ад выступу дэпутаткі ў Гомлі.
«Абнаўленьні Асноўнага Закону накіраваныя на захаваньне і падтрыманьне міру і стабільнасьці»
Чыноўнікі на сустрэчах тлумачаць людзям, для чаго наогул патрэбныя зьмены ў Канстытуцыю.
5 студзеня на гэтую тэму выказалася першы сакратар Гомельскага абкаму БРСМ Вераніка Гудкова. Яна лічыць так: «Абнаўленьні Асноўнага Закону накіраваныя на захаваньне і падтрыманьне міру і стабільнасьці, удасканаленьне сацыяльных гарантый і магчымасьцяў для разьвіцьця грамадзян». «Нам удалося пабудаваць асновы дзяржавы, закласьці фундамэнт для далейшага разьвіцьця незалежнай Беларусі. Прыйшоў час ісьці далей», — выказалася сакратарка БРСМ.
8 студзеня ў Горках тлумачыла, для чаго патрэбныя зьмены ў Канстытуцыю, першы сакратар раённага БРСМ Марына Бандык — слова ў слова, як і гомельская калега.
Тлумачэньне наконт таго, што зьмены Канстытуцыі накіраваныя на мір і стабільнасьць і што «час ісьці далей», прагучала:
— 10 студзеня — для жыхароў Віцебску з вуснаў дырэктара Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Аляксандра Варашэні;
— 11 студзеня — з вуснаў старшыні прафсаюзу АПК Ірыны Лёгенькай з Рэчыцы;
— 17 студзеня з вуснаў старшыні раённага Савету дэпутатаў Тацяны Бяспалай — для жыхароў Лельчыцаў.
«З боку міжнародных арганізацый гучалі заклікі адмовіцца ад сацыяльных праграмаў»
6 студзеня ў дзіцячым садку № 2 Воранава (Горадзенская вобласьць) праводзіла сустрэчу аб праекце Канстытуцыі раённы прафсаюзны дзяяч Лілія Валынец.
Яна выказалася: «У апошнія гады з боку розных міжнародных фінансавых арганізацый неаднаразова гучалі заклікі да кіраўніцтва краіны адмовіцца ад шэрагу сацыяльных праграмаў, у тым ліку скараціць падтрымку шматдзетных сямей, прапрацаваць пытаньне ўвядзеньня платнай мэдыцыны. Дзяржава адмовілася ад такіх падыходаў».
— 12 студзеня ідэнтычную заяву, слова ў слова — «У апошнія гады з боку міжнародных арганізацый... прапрацаваць пытаньне платнай мэдыцыны» — агучыла старшыня Мастоўскага раённага аб’яднаньня прафсаюзаў Алена Рагацэвіч.
У гэты ж дзень, 12 студзеня, у Гомлі выступіў старшыня абласной арганізацыі прафсаюзу «Белпрафмаш» Аляксандар Балошка. Ягоная прамова не адрозьнівалася ад сказанага калегамі з Горадзенскай вобласьці ні на слова.
«Сям’я была і павінна быць захавальніцай духоўных і маральных каштоўнасьцяў»
Пра гэта паведаміў 2 студзеня дэпутат Андрэй Злотнікаў, калі тлумачыў новы пункт Канстытуцыі пра тое, што шлюб — саюз мужчыны і жанчыны.
4 студзеня гэты тэзіс паўтарыла намесьніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка.
Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае
Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?
З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:
- прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
- са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
- вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
- прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.
Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»
Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.
Сярод іх:
- «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
- зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
- прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
- прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
- мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
- прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі
- Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
- Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
- Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
- З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.
«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі
- Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
- Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
- Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».