Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У славян закладзена кіраваньне царом». Як абмяркоўваюць зьмены ў Канстытуцыю


Свабода пачытала раённыя выданьні Беларусі, дзе цяпер друкуюцца справаздачы пра абмеркаваньне праекту Канстытуцыі.

Асноўны характар прамоў чыноўнікаў такі: зьмены патрэбныя, яны дапамогуць захаваць стабільнасьць.

Але некаторыя выказваньні выбіваюцца з агульнага шэрагу.

«У нас на ўзроўні архетыпу закладзена кіраваньне царом»

Так, ігумен Аўксенцій з Калінкавічаў незадаволены, што ў праекце прапісана, што «шлюб — саюз жанчыны і мужчыны». «Паўтаруся, праваслаўная царква выступала за тое, каб было ўдакладненьне: саюз біялягічных мужчыны і жанчыны. Гэта больш канкрэтызуе паняцьці і не стварае шчылін для магчымых спрэчак у будучыні», — выказаўся сьвятар.

Яму не падабаецца слова «дэмакратыя». «Кожны павінен жыць сваім розумам, а не чакаць ласкі ад „добрага дзядзькі“, які абяцае „дэмакратыю“. Бяру гэтае паняцьце ў двукосьсе, таму што ўспрымаю яго амаль як лаянку», — заўважыў ігумен.

Сьвятар хоча, каб прэзыдэнта выбіралі «да сьмерці». «Бо ў нас, славян, на ўзроўні архетыпу закладзена кіраваньне царом, і гэта было ад каранацыі да сьмерці. Пастаянныя перавыбары ствараюць спакусы, фармуюць нейкую зьменлівасьць, уносяць разлад», — лічыць ігумен.

«Трэба да паняцьця „гістарычная памяць“ дадаць „дакладная“»

Сяргей Равінскі, старшыня Калінкавіцкай ДТСААФ, ухваляе зьмены ў Канстытуцыю, асабліва пункт пра тое, што прэзыдэнтам можа быць толькі той, хто ня мае грамадзянства ці віду на жыхарства іншай краіны.

«Беларусь будзе абароненая ад вонкавага кіраваньня. Бо не сакрэт, што былі выпадкі, калі ў дзяржавы, якія былі калісьці рэспублікамі СССР, прэзыдэнтаў прывозілі з-за мяжы», — заявіў старшыня таварыства. У якія краіны прэзыдэнтаў прывезьлі з-за мяжы, ён не ўдакладніў.

Жыхар Калінкавічаў лічыць, што перад словазлучэньнем «гістарычнай памяці» варта ўставіць яшчэ адно слова — «дакладнай». «Каб не пакідаць аматарам перапісаць гісторыю нават маленькай шчыліны для выдумак на тэму нашага агульнага мінулага», — патлумачыў Равінскі.

«Што будзе з курэньнем?»

Будучыя зьмены ў Канстытуцыю абмяркоўвалі і ў Гомлі.

У праекце Асноўнага Закону прапісана, што грамадзянін абавязаны сачыць за сваім здароўем. «Але ці ня стануць у такім выпадку некаторыя шкодныя звычкі, напрыклад, курэньне, расцэньвацца як парушэньне Канстытуцыі?» — такое пытаньне паступіла чыноўнікам з залі.

Дэпутат Аляксандар Машкароў пагадзіўся, што паняцьце «абавязак» прадугледжвае наяўнасьць адказнасьці за невыкананьне. І тут жа супакоіў: адпаведнае пытаньне (пра курэньне, імаверна. — РС), напэўна, будзе прапрацавана ў асобным заканадаўчым акце.

«Свабода меркаваньняў і выказваньняў — гэта спадцішка кінуць цагліну ў дзіцячы сад?»

Сваё меркаваньне наконт праекту Канстытуцыі выказаў на старонках раённай газэты старшыня Веткаўскай арганізацыі таварыства ратаваньня на водах Аляксандар Ксяндзоў. Яго зацікавіў 33 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выяўленьне.

«А ці ўсе разумеюць, што кінутая спадцішка ў акенца дзіцячага саду цагліна — гэта не свабода выказваньня меркаваньня, гэта крымінальнае злачынства! Знакамітая эўрапейская талерантнасьць ня цалкам падыходзіць славянам-беларусам! Наш выбар прапісаны чорным па белым у праекце новай Канстытуцыі!» — заявіў старшыня таварыства.

«Нам настойліва рэкамэндуюць адмовіцца ад сацыяльных праграмаў, перавесьці мэдыцыну на платныя рэйкі!»

Старшыня Жыткавіцкага раённага аб’яднаньня прафсаюзаў Уладзімер Гулюта правёў сустрэчу з калектывам аддзяленьня Дэпартамэнту аховы МУС.

Ён выказаўся, што сёньня з боку Захаду ідзе «навязваньне ілжывых, чужых нам арыенціраў, прычым ва ўсіх сфэрах».

«Мы бачым, як ён імкнецца разбурыць традыцыйны інстытут сямʼі, перапісаць гісторыю аб Вялікай Айчыннай вайне... Калі гэтаму не паставіць заслон, мы разумеем, да чаго гэта можа прывесьці. Нам спрабуюць навязаць заходнюю мадэль эканомікі, дзе ў прыярытэце не чалавек, а выключна бізнэс і грошы. Менавіта таму нам настойліва рэкамэндуюць адмовіцца ад сацыяльных праграм, выключыць падтрымку шматдзетных, перавесьці мэдыцыну на платныя рэйкі», — выказаўся прафсаюзны лідэр.

«Калі УНС будзе надзелена магчымасьцю адхіліць прэзыдэнта, то гэта выключыць магчымасьць каляровых рэвалюцый»

У Кармянскім раёне пытаньне наконт праекту Канстытуцыі карэспандэнты раёнкі «Зара над Сожам» задалі прыбіральшчыку школы Віктару Папову. Яму ў праекце Канстытуцыі спадабалася тое, што «ўлада будзе належаць Усебеларускаму народнаму сходу».

«Сход будзе надзелены правам нават адхіліць ад пасады прэзыдэнта, а гэта, у сваю чаргу, выкараніць магчымасьць каляровых рэвалюцый», — лічыць вясковец.

Старшыня паэтычнага клюбу «Бумэранг» Сьвятлана Крупініна з Калінкавіч цешыцца, што кожны грамадзянін Беларусі можа выказацца пра праект Канстытуцыі, прыняць удзел у абмеркаваньні.

«І я спачатку хацела ўнесьці асабістыя прапановы па зьменах, але перадумала. Тэкст новага праекту Канстытуцыі складзены, на мой погляд, ідэальна, улічылі абсалютна ўсё, я з усім згодная і дадаваць нічога ня трэба».

«Трэба менш свабоды». Што кажа пра ўсё гэта мэдыяэкспэрт

Мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што публікацыя выказваньняў наконт канстытуцыйнага рэфэрэндуму мае «збольшага фармальны характар ухваленьня любых дзеяньняў кіроўнага рэжыму, а ня ўласна тэксту прапанаваных зьменаў у Асноўны Закон».

«У сытуацыі, калі тэкст усё ж закранаецца, бывае нават яго крытыка, але выключна з пазыцыі „трэба менш свабоды“. Мы не назіраем палітычнага дыскурсу, палемікі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі праекту, няма нават імітацыі дыялягізму», — кажа экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG