Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК завёў крымінальную справу па факце інцыдэнту ў клюбе Crazy Horse, дзе падчас вечарынкі распылілі пярцовы газ


Начны клюб Crazy Horse у Менску
Начны клюб Crazy Horse у Менску

Паводле інфармацыі ведамства, асобу падазраванага ўстанавілі вельмі хутка. Ім аказаўся 17-гадовы навучэнец адной з сталічных школ. Яго ўжо затрымалі міліцыянты.

У выніку супрацьпраўных дзеяньняў затрыманага пацярпелі 4 непаўналетнія дзяўчыны. Цяпер яны знаходзяцца ў шпіталі, сказалі ў СК. Сьледчы з прыцягненьнем спэцыяліста ГКСЭ правёў агляд месца здарэньня, дапытаў сьведак і пацярпелых, канфіскаваў запісы камэр відэаназіраньня.

Ленінскі раённы аддзел Сьледчага камітэту гораду Менску ў дачыненьні 17-гадовага падлетка распачаў крымінальную справу паводле ч.3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу Беларусі. З удзелам затрыманага праводзяць сьледчыя дзеяньні. Падчас допыту ён так і ня здолеў растлумачыць прычыны свайго ўчынку.

Пры расьсьледаваньні зьбіраюцца высьветліць прычыны і ўмовы, якія прывялі да здарэньня. З гэтай мэтай сьледзтва вывучае ўсе акалічнасьці, у тым ліку прычыны знаходжаньня ў клюбе непаўналетніх у такі позьні час, зазначылі ў ведамстве.

Некаторыя дэталі ўчорашняга інцыдэнту высьветліў партал Zerkalo.io.

Дыскатэка пачалася а 16-й, а інцыдэнт, як кажуць супрацоўнікі клюбу, адбыўся каля 19-й, калі юнак распыліў пярцовы балёнчык. У некаторых гасьцей і пэрсаналу сталі сьлязіцца вочы.

— [У клюбе] адразу спынілі музыку, адчынілі вокны і папрасілі ў мікрафон усіх выйсьці на вуліцу, — растлумачылі ва ўстанове і ўдакладнілі, што ніякай дымавой шашкі, пра якую пісалі на некаторых рэсурсах, не было, толькі пярцовы балёнчык.

Ва ўстанову выклікалі «хуткую». Па назіраньнях прадстаўнікоў Crazy Horse, да мэдыкаў зьвярнуліся каля дзесяці чалавек, іх агледзелі на месцы.

«Нічога сур’ёзнага ў іх не было», — адзначаюць у клюбе.

— Наколькі нам вядома, [у лякарню] забралі толькі адну дзяўчынку, але, магчыма, яе ўчора ж і адпусьцілі дадому, — кажуць у Crazy Horse і ўдакладняюць: наведніца стаяла побач зь месцам, дзе распылілі балёнчык, і ў яе астма.

Пасьля надзвычайнага здарэньня мерапрыемства ўжо не працягвалі. У клюбе працавала сьледча-апэратыўная група. Па запісах з камэр відэаназіраньня парушальніка вызначылі — гэта хлопец-падлетак. Былі, гавораць ва ўстанове, і сьведкі, якія бачылі, як ён гэта зрабіў.

З маладым чалавекам, па словах работнікаў клюбу, учора ўжо размаўлялі сілавікі — яго знайшлі дома. Ці затрыманы ён, ва ўстанове ня ведаюць, як і матываў яго дзеяньняў.

На пытаньне «Як думаеце, навошта ён гэта зрабіў?» супрацоўнікі Crazy Horse адказалі: «Відаць, вырашыў падурэць».

У шэрагу тэлеграм-каналаў зьявілася інфармацыя пра маладога чалавека, які нібыта і распыліў балёнчык. У сторыс яго Instagram зараз напісана: «Усім пакуль. Прабачце, я не ўсьведамляў, што раблю... Прабачце, калі ласка». Невядома, ці сапраўды ён мае нейкае дачыненьне да інцыдэнту ў Crazy Horse.

Афіцыйнай інфармацыі аб гэтай сытуацыі ад праваахоўных ведамстваў пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG