Калі Лукашэнка кажа, што ён не ваюе з жанчынамі — сотні жанчын знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя перакананьні, тысячы — прайшлі праз «суткі», штрафы і зьдзекі сілавікоў.
Калі Лукашэнка абвяшчае «год народнага адзінства» — бесьперапынна павялічваецца колькасьць сем’яў, разьяднаных ці то турмой, ці то эміграцыяй.
Калі Лукашэнка называе цяперашні 2022-гі «годам гістарычнай памяці» — няма сумневу, што ўзмоцніцца працэс вынішчэньня нацыянальнай памяці.
Працэс гэты пачаўся з так званага рэфэрэндуму ў 1995-м, які быў прызначаны і праведзены з парушэньнямі Канстытуцыі і законаў, тады гістарычныя нацыянальныя сымбалі былі замененыя квазісавецкімі (праекты якіх, як потым высьветлілася, былі накрэмзаныя паўпʼянымі паплечнікамі Лукашэнкі пасьля банкету ў мітрапаліта Філарэта).
Але за 25 гадоў, што прайшлі з моманту, калі на даху прэзыдэнцкай адміністрацыі быў разарваны бел-чырвона-белы сьцяг, а з Дому ўраду скінулі «Пагоню», з народнай памяці гэтыя сымбалі ўладам сьцерці не ўдалося — сотні тысяч беларусаў у жніўні 2020-га выйшлі пад нацыянальнымі сьцягамі. Такой іх колькасьці Беларусь, магчыма, ня бачыла ніколі — нават у пачатку 90-х.
«Мы приберём этот флаг красиво», — заявіў тады Лукашэнка. Ператрусаў, арыштаў, зьбіцьцяў, прысудаў падалося недастаткова, і цяпер пад барацьбу з нацыянальнымі сымбалямі падводзіцца «прававая» і «гістарычная» база.
У ноце, якую амбасада РБ у Кіеве накіравала ў МЗС Украіны, бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня названыя «символикой белорусских коллаборационистов и прислужников Третьего Рейха».
Такія фармулёўкі з вуснаў і прапагандыстаў, і праўладных гісторыкаў, і самога Лукашэнкі гучалі і раней, але ўпершыню яны скарыстаныя ў афіцыйнай заяве дзяржаўнай установы.
Гэта азначае, што змаганьне з нацыянальнымі каштоўнасьцямі выходзіць на якасна іншы ўзровень, і хутка мы ўбачым новыя фальсыфікацыі шматпакутнай беларускай гісторыі і новыя зьдзекі з таго, што для любой нацыі зьяўляецца сьвятыняй.
Для цяперашняй улады гісторыя Беларусі пачынаецца зь «Вялікай Айчыннай вайны» (выкарыстоўваецца фармулёўка савецкіх часоў). Гэта, праўда, парушае лёгіку, бо ўступае ў некаторую супярэчнасьць з ранейшымі датамі — скажам, з рэвалюцыяй 1917-га, у гонар якой існуе дзяржаўнае сьвята, ці з заснаваньнем у 1918 ВЧК, «слаўныя традыцыі» якой працягваюць цяперашнія чэкісты, сьведчаньне чаму — справаздачы праваабаронцаў. І нават з выбарамі ў 1994-м, ад якіх прапануецца адлічваць сучасную беларускую дзяржаўнасьць.
Але, перафразуючы, «часам бывае не да лёгікі».
І таму адлік вайны вядзецца з 22 чэрвеня 1941 году, а ня з моманту падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа (а фактычна Гітлера-Сталіна) у жніўні 1939 і нападу на Польшчу. Не гаворыцца ні пра пастаўкі СССР стратэгічна важнай сыравіны Трэцяму Райху ў момант, калі Гітлер акупаваў Бэльгію, Данію і Францыю, ні пра ахвяраў бамбаваньня люфтвафэ гарадоў Вялікай Брытаніі — пры палітычнай падтрымцы Крамлём нацысцкага Бэрліну.
Не гаворыцца, бо ніяк ня ўпісваецца ў клішэ, распрацаваныя яшчэ ў савецкія часы і замацаваныя пуцінскай прапагандай.
А як быць з палітычнай адказнасьцю Масквы за тое, як хутка, цягам некалькіх тыдняў, пакінулі тэрыторыю БССР нацысцкім акупантам — разам зь мільёнамі беларусаў?
І хто з прапагандыстаў патлумачыць, ці ўваходзяць у лік «калябарантаў» настаўнікі беларускіх школаў, якія ў 1941–1944 вучылі дзяцей, мэдыкі, якія лячылі людзей, тыя, хто пёк хлеб — усе, хто спрабаваў неяк наладзіць існаваньне мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі?
Што рабілі б людзі бяз гэтых калябарантаў, як выжывалі б ва ўмовах, калі савецкі ўрад пакінуў іх на сьмерць?
Адказаў на гэтыя пытаньні мы, перакананы, не пачуем.
Што ж да пытаньня, чаму акупанты дазволілі выкарыстаньне нацыянальных сымбаляў, дык адказ даўно дадзены. І адказ гэты Лукашэнка чуў — у Авальнай залі 19 верасьня 1991 году, калі бел-чырвона-беламу сьцягу і «Пагоні» надаваўся статус дзяржаўных сымбаляў.
У сваёй кнізе «Дзевяноста першы» я цытую выступ на сэсіі колішняга старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР (а яшчэ раней — першага сакратара Менскага гаркаму КПБ) Георгія Таразевіча, тут прывяду некалькі сказаў:
«...Фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі гістарычную нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах...
Рабілася гэта дзеля таго, каб у чыста прапагандысцкіх мэтах заваяваць грамадзкую думку, давер, каб прыцягнуць насельніцтва на свой бок і паказаць сябе зь лепшага боку перад усясьветнай супольнасьцю. На нашай зямлі гэта было тым болей зручна і выйгрышна, паколькі тут у свой час настойліва адмаўлялася старая гістарычная сымболіка і паўсюль уводзілася новая.
Апроч сказанага, гэтыя прыклады паказваюць толькі тое, на мой погляд, што гэтая сымболіка рэальная і ў свой час гістарычна была агульнапрызнаная. Нейкіх іншых нацыянальна-гістарычных сымбаляў (больш папулярных, больш распаўсюджаных), Беларусь ня мела. І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ні забраць, ні зьмяніць».
Гэтак казаў Георгі Таразевіч, які, між іншым, стаяў ля вытокаў сучаснай беларускай дыпляматыі (у пачатку 90-х быў намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі, затым — амбасадарам у Польшчы).
Сумняюся, аднак, што цяперашнія беларускія дыпляматы прыслухаюцца да ягоных словаў — найхутчэй, неўзабаве акцыі актывістаў беларускай дыяспары і ў іншых эўрапейскіх краінах будуць суправаджацца зваротамі амбасадаў РБ з канстатацыяй, што яны праводзяцца пад «сымболікай калябарантаў».
Але тых, хто аддае адпаведныя каманды амбасадам (чамусьці мне думаецца, што фармулёўка распрацаваная не ў МЗС, а ў іншым ведамстве), чакае расчараваньне.
Практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах нацыянальная сымболіка ў часе Другой сусьветнай вайны выкарыстоўвалася і акупантамі, і калябарантамі, пра што слушна нагадваў Таразевіч. І нідзе гэта не падстава ні для адмовы ад яе ўжываньня ў якасьці дзяржаўнай, ні для нават сумневу ў яе гістарычнай каштоўнасьці.
Забароненая толькі нацысцкая сымболіка. А таксама (у некаторых краінах, дзе давялося жыць пры камуністычным рэжыме) — і савецкая. Вельмі падобная да тае, якая ў Беларусі з 1995 году лічыцца дзяржаўнай.
Між іншым, апошнім часам сам Лукашэнка ўсё часьцей апынаецца пад сьцягам, пад якім армія Ўласава ваявала на баку Гітлера супраць Чырвонай арміі. Чырвона-сіне-белы трыкалёр стаіць на ўсіх сустрэчах Пуціна і Лукашэнкам як дзяржаўны сьцяг Расейскай Фэдэрацыі.
Ці варта чакаць адпаведнай ноты амбасады РБ у Маскве?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.