Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Лукашэнка ведае пра сьцяг


Прысяга Аляксандра Лукашэнкі на Канстытуцыі, 1994.
Прысяга Аляксандра Лукашэнкі на Канстытуцыі, 1994.

У інаўгурацыйнай прамове ў 1994-м, той самай, дзе Лукашэнка заклікаў да паразуменьня «нас, самых розных», ён ні словам не згадаў бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім прыносіў прысягу, і не сказаў, што ён «нацысцкі».

А здавалася б — вось ён, самы момант: пачынаецца новая, прэзыдэнцкая, старонка гісторыі, і трэба расставіць кропкі над «і»: давайце пачнем жыцьцё, ачысьціўшыся ад таго, што нас кампрамэтуе — ад сьцяга, пад якім калябаранты нібыта расстрэльвалі мірных грамадзян.

І не сказаў не таму, што гэта адразу выклікала б абурэньне ня толькі ягоных палітычных апанэнтаў, але і значнай часткі яго прыхільнікаў (у 1994 годзе бел-чырвона-белы сьцяг трывала замацаваўся ў масавай сьвядомасьці як дзяржаўны).

А таму, што ведаў: сьцяг ніякі не нацысцкі, і пад ім не расстрэльвалі.

Дэпутат Лукашэнка прысутнічаў на паседжаньні Вярхоўнага Савету 19 верасьня 1991 году, калі разглядалася пытаньне аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў.

Ён бачыў выставу пра нацыянальныя сымбалі ў фае перад Авальнай заляй, якую на просьбу Пазьняка падрыхтавалі гісторыкі і мастакі, але ведаў ён і пра тое, што рыхтаваліся да дыскусіі і палітычныя апанэнты БНФ. І калі б факты расстрэлаў пад бел-чырвона-белым сьцягам былі, яны, безумоўна, прагучалі б з трыбуны сэсіі.

Але не прагучалі, бо іх не было.

Так, дэпутат ад вэтэранскай арганізацыі, былы віцэ-мэр Менску Міхаіл Жукоўскі сказаў, што бел-чырвона-белы сьцяг вывешвалі разам са свастыкай.

Аднак адкрыцьцём гэтыя словы не зрабіліся.

Вельмі даходліва для дэпутатаў (у тым ліку і для Лукашэнкі) патлумачыў сытуацыю колішні старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Георгі Таразевіч. У сваёй кнізе «Дзевяноста першы» я прыводжу ягоныя разважаньні цалкам, тут дам фрагмэнт:

«Фашыстоўскія прапагандысцкія службы дзейнічалі вельмі спрытна і хітра. Тыя дзеячы выкарыстоўвалі нацыянальную сымболіку ня толькі ў нас у Беларусі, але і практычна ва ўсіх акупаваных краінах... Рабілася гэта дзеля таго, каб у чыста прапагандысцкіх мэтах заваяваць грамадзкую думку, давер, каб прыцягнуць насельніцтва на свой бок і паказаць сябе зь лепшага боку перад усясьветнай супольнасьцю. На нашай зямлі гэта было тым болей зручна і выйгрышна, паколькі тут у свой час настойліва адмаўлялася старая гістарычная сымболіка і паўсюль уводзілася новая. ...І самае галоўнае: тое, што здаўна належыць народу, нікому ніколі нельга ні запляміць, ці забраць, ні зьмяніць».

Хаця найбольш ляканічна на гэтую тэму выказаўся ў свой час Васіль Быкаў: «Гітлер насіў штаны — дык нам цяпер без штаноў хадзіць?».

Дарэчы, вышэй прыгаданы Міхаіл Жукоўскі прагаласаваў усё ж за бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню».

Чаму ж Лукашэнка ў 1995-м зьмяніў дзяржаўныя сымбалі? Бо ўласны разьлік паставіў вышэй за дзяржаўныя інтарэсы.

У 1995 годзе, праводзячы з парушэньнем Канстытуцыі і законаў рэфэрэндум, Лукашэнка імкнуўся палітычна зьнішчыць галоўнага свайго апанэнта — Беларускі Народны Фронт, які і быў ініцыятарам наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу і «Пагоні» статусу дзяржаўных сымбаляў, дэмаралізаваць яго прыхільнікаў.

Трэба прызнаць, што гэтай мэты, у значнай ступені, ён дасягнуў: зьмена сымболікі была моцным ударам для тых, хто блізка да сэрца прымаў нацыянальныя каштоўнасьці. Перачытваючы кнігу Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» ў новым выданьні, зьвярніце ўвагу на даты сьмерці герояў зусім яшчэ не старога веку; ведаю дакладна, што вынік рэфэрэндуму 1995-га загнаў у магілу не аднаго і ня двух людзей, адданых Беларусі.

Але была і стратэгічная мэта: пазбавіць беларусаў нацыянальнай ідэнтычнасьці. Яна таксама была зьвязаная з палітычным разьлікам — Лукашэнка нацэліўся на Крэмль, і сьвядомыя беларусы ў гэтай справе яму б толькі заміналі, патрэбны былі, як ён сам казаў, «русские со знаком качества».

Лукашэнка ведаў (альбо яму падказалі), якое значэньне для нацыянальнай ідэнтычнасьці маюць сымбалі і, вядома ж, мова.

І хаця ў канцы 1999 году мара Лукашэнкі разьбілася аб Пуціна, палітыка зьнішчэньня беларускамоўнай адукацыі, кнігавыданьня, выцясьненьня беларускай мовы з усіх сфэраў, найперш — са СМІ, пасьлядоўна працягвалася.

А што ў выніку?

Мова ня зьнішчаная, прычым колькасьць ахвотных аддаць дзяцей у беларускія клясы нашмат перавышае магчымасьці, прапанаваныя ўладай.

На першым мітынгу Ціханоўскай у Менску, які адразу сабраў дзясяткі тысяч, бел-чырвона-белых сьцягоў было — літаральна па пальцах пералічыць; трэба думаць, паліттэхнолягі параілі іх не выкарыстоўваць, каб пазьбегчы атаясамліваньня з «нацыяналістамі».

Але ўжо на другім мітынгу сьцягоў было сотні, і, што асабліва прыкметна, шмат іх было і ў рэгіёнах. Людзі прынесьлі іх самі, без падказак «штабоў».

Пасьля ж крывавых падзеяў 9−12 жніўня бел-чырвона-белых сьцягоў на вуліцах гарадоў было тысячы, іх вывешвалі на дваццаць паверхаў у спальных раёнах, 50-мэтровыя сьцягі несьлі па праспэктах.

«Мы приберём этот флаг красиво», — заявіў Лукашэнка; «красота» у ягоным разуменьні, трэба думаць — гэта зьбіцьцё і суды з парушэньнем усіх магчымых працэсуальных нормаў.

Нацыянальны сьцяг ізноў, як у 1995-м, зрабіўся ці не галоўнай мішэньню рэжыму; людзі ў форме і бяз формы з абліччамі крымінальнай гапаты распачалі на яго бязьлітаснае паляваньне.

Цяперашняя «правапрымяняльная пректыка» ўладаў выйшла далёка за межы абсурду, за «выказваньне палітычнай пазыцыі» (а такія фармулёўкі ўжо сустракаюцца ў міліцэйскіх пратаколах) пры Сталіну маглі і расстраляць, але за ўжываньне колераў не судзілі.

Ці дамогся рэжым ліквідацыі пратэстаў пад бел-чырвона-белым сьцягам?

Безумоўна. Беспрэцэдэнтныя для Эўропы апошніх дзесяцігодзьдзяў рэпрэсіі зрабілі сваю справу: вулічных пратэстаў няма. Ня толькі пад сьцягамі — увогуле няма.

Ці ўдалося ўладам скампрамэтаваць нацыянальныя сымбалі, выкрасьліць іх са сьвядомасьці людзей?

Дастаткова зазірнуць у бадай што адзіную ў сёньняшняй Беларусі прастору — у сацсеткі — каб пераканацца, што не, не ўдалося: аватарак зь бел-чырвона-белым аздабленьнем паболела ў дзясяткі разоў.

Для моладзі, якая сотнямі тысяч выходзіла ў сярэдзіне жніўня пад нацыянальным сьцягам на свабодныя ад сілавікоў плошчы і праспэкты, гэты сьцяг назаўсёды застанецца сымбалем свабоды.

Аж да самай перамогі.

І недзе ў глыбіні сьвядомасьці Лукашэнка пра гэта ведае.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG