Празь некалькі гадоў (ці дзесяцігодзьдзяў), калі ў Беларусі будуць вяртаць нацыянальным сымбалям дзяржаўны статус, тым, хто будзе гэта рабіць, варта зазірнуць за заслону гадоў і пацікавіцца: як гэта было ў 1991 годзе. І чаму тагачасная беларуская ўлада не захацела па-сапраўднаму зрабіць нацыянальныя сымбалі каштоўнасьцю для большасьці сваіх грамадзянаў.
Я добра памятаю той дзень 19 верасьня 1991 году. Ці было тады адчуваньне, што на нашых вачах адбываецца значная гістарычная падзея, што гэты момант трэба нейкім чынам адзначыць і вылучыць? Было, але ня ў многіх.
Успамінаю, як мы ў рэдакцыі газэты «Звязда» бурна абмяркоўвалі, якім павінен быць заўтрашні нумар — за 20 верасьня 1991 году. Выяву новага сьцяга вырашылі разьмясьціць паўз усю першую паласу. Загалоўкам узялі радок з гімна БНР аўтарства Макара Краўцова «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»: «Штандар наш бел-чырвона-белы...». Тады было ўстойлівае перакананьне, што гімн БНР вось-вось вернуць разам са сьцягам і гербам, але ў той дзень да гэтага не дайшло: чамусьці не хапіла ў дэпутатаў запалу яшчэ і на гімн. (Здаецца, многія палічылі тэкст Краўцова занадта ваяўнічым).
Дарэчы, у той дзень мянялі і афіцыйную назву дзяржавы. Адным з варыянтаў таксама было вяртаньне да назвы 1918 году — Беларуская Народная Рэспубліка. Але з прычыны таго, што падобныя абрэвіятуры былі скампрамэтаваныя досьведам краін «сацыялістычнага лягеру» («народнымі рэспублікамі» пасьля вайны называліся Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, а Кітай называецца і цяпер), гэты варыянт адпаў.
Хацелі разьмясьціць на першай паласе і вялікую выяву Пагоні, але гэта было ня так проста: дакладнай выявы новага герба ў той вечар яшчэ ня мелі. Затое трохі пазьней Пагоня ў «Звяздзе» пачала зьяўляцца ў кожным нумары, бо яе зрабілі складовай часткай лягатыпу (і так працягвалася ажно да сярэдзіны 1995-га).
Сьцягі памянялі, з гербамі — не сьпяшаліся
За вокнамі рэдакцыі ў той дзень не адчувалася ні атмасфэры сьвята, ні ўрачыстасьці.
Новыя сьцягі назаўтра вывесілі над дзяржаўнымі будынкамі — але неяк незаўважна, цішком. Яшчэ ўчора ўвечары над райвыканкамам быў адзін сьцяг — сёньня зьявіўся другі. Проста загадчык гаспадаркі атрымаў распараджэньне ад кіраўніка спраў — вось і вывесілі. Нібы шыбу ў вакне памянялі.
Дарэчы, над Менскім гарвыканкамам БЧБ-сьцяг можна было бачыць яшчэ раней, на пачатку месяца. 5 верасьня 1991 году Менгарсавет пад уплывам падзей у суседзяў прыняў рашэньне аб выкарыстаньні ў сталіцы нацыянальнай сымболікі — бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» нароўні зь дзяржаўнай сымболікай БССР, якая тады яшчэ панавала. Але і гэтая падзея прайшла неяк будзённа, малазаўважна. Прынамсі, ні пра якія натоўпы і сьвяткаваньні размовы не ішло: проста над будынкам гарсавету аднойчы раніцай побач з чырвона-зялёным сьцягам зьявіўся бел-чырвона-белы. І гэтае дзіўнае суседзтва праіснавала паўтара тыдня.
Гістарычным сымбалям тады быў адведзены вельмі кароткі адрэзак часу — усяго тры з паловай гады. Калі новыя сьцягі над дзяржаўнымі ўстановамі павывешвалі даволі хутка, то са зьменай герба ніхто асабліва не сьпяшаўся. Старыя савецкія шыльды з гербамі БССР і СССР віселі яшчэ вельмі доўга — некаторыя ажно да адмены Пагоні ў 1995-м. Тое ж было і зь дзяржаўнай сымболікай у аздабленьні будынкаў, ва ўніформе вайскоўцаў і міліцыянтаў, на блянках дакумэнтаў.
У 1994-м, калі я ажаніўся, дык пасьведчаньне аб шлюбе нам выдалі савецкае, з гербам СССР — гэта праз тры гады пасьля зьмены сымболікі. (Праўда, пячатка ЗАГСа была ўжо з Пагоняй. Пагоня ж упрыгожвала і залю цырымоніяў у ЗАГСе.) А выраб новых пашпартоў з Пагоняй сьвядома ці адмыслова зацягнулі настолькі, што і ў 1995-м мы яшчэ працягвалі выяжджаць за мяжу з чырвонымі савецкімі пашпартамі. Пашпарты з Пагоняй, праўда, на той час ужо зьявіліся, але атрымаць іх пасьпелі нямногія.
Зрэшты, былі некаторыя дзяржаўныя інстытуцыі, якія і зьмену сымболікі заўзята падтрымалі, і неблагія грошы на гэтым зарабілі. Адно з такіх выключэньняў — Белпошта.
Скрозь сьціснутыя зубы і прыжмураныя вочы
Вядома, можна было зрабіць па-іншаму — так, як гэта адбывалася ў суседзяў. З урачыстымі сходамі і маршамі, з канцэртамі і салютамі, са сьвяточнымі шоў і цырымоніямі спуску старога сьцяга і перадачы яго ў музэй...
У Беларусі так не адбылося найперш таму, што для ўладнай намэнклятуры (і ў першую чаргу для ідэолягаў) зьмены, што адбывалася ў краіне, былі чужымі і незразумелымі. Гэта былі ня іхныя сьцяг, герб, мова. І ў цэлым ня іхная незалежнасьць. Яны, безумоўна, ведалі, як урачыста і дастойна ўсё гэта магло б адбывацца. Але рабілі па-іншаму. Дакладней, амаль нічога не рабілі, каб новая сымболіка ўкаранялася ў грамадзкім і дзяржаўным жыцьці.
БЧБ-сьцягі, дарэчы, не зьявіліся ні ў школьных клясах, ні ў чыноўніцкіх кабінэтах. Гэты сьцяг, хоць і зацьверджаны на дзяржаўным узроўні, заставаўся нібыта напаўлегальным. У многіх дзяржаўных установах яго ігнаравалі — і яўна не без падтрымкі «зьверху».
Было крыўдна гэта назіраць. У сябе ў кабінэце ў рэдакцыі «Звязды» я знарок з уласнай ініцыятывы паставіў побач з працоўным сталом БЧБ сьцяг, купіўшы яго ў ЦУМе. Нехта з калегаў рэагаваў на гэта ўхвальна, нехта пазіраў коса. Але майго прыкладу тады не пераняў ніхто.
З вышыні гадоў разумею, што з боку чынавенства гэта быў такі малапрыкметны, але яўны і дзейсны сабатаж. Такое ўражаньне, што многія зь іх успрынялі гэта скрозь сьціснутыя зубы і прыжмураныя вочы. Потым, у 1995-м, я назіраў, зь якім энтузіязмам многія зь іх зрывалі і адмянялі ўсё бел-чырвона-белае — усьлед за тагачасным кіраўніком прэзыдэнцкіх спраў Іванам Ціцянковым, які асабіста рваў на кавалкі сьцяг, зьняты з будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. Рэстаўрацыя савецкай сымболікі ў 1995-м адбывалася намнога больш шпарка, жвава і заўзята, чым укараненьне нацыянальных сымбаляў у 1991-м.
Напэўна, усё магло б быць іначай, калі б само грамадзтва запатрабавала іншага стаўленьня да сваіх гістарычных сымбаляў, калі б на вуліцы ў тыя дні выйшлі дзясяткі тысяч людзей.
Але людзі ў тыя дні пераважна жылі іншымі клопатамі: стаялі ў чэргах, капалі бульбу, «атаварвалі» талёны... Крытычная маса была іншая. Для яе гэта не было ні каштоўнасьцю, ні эпахальнай падзеяй. І ў бальшыні сваёй гэтыя людзі зь недаверам, апаскай і неўразуменьнем назіралі за тым, як на іхных вачах рушыцца тая вялікая краіна, да якой яны прывыклі, і ў якіх пакутах нараджаецца краіна новая — невялікая, незнаёмая і незразумелая.
Ці азначае гэта, што за мінулыя 30 год яны памянялі свае перакананьні, пераасэнсавалі і зразумелі? Упэўнены, што не. У жніўні 2020-га на вуліцах Менску тое мора сьцягоў і БЧБ-транспарантаў несьлі ўжо іншыя людзі — пераважна тыя, хто верасьня 1991 году ня бачыў альбо ня памятае. Гэта — дзеці і ўнукі тых беларусаў, якія трыццаць год таму абыякава і бязвольна назіралі за тым, як на іхных вачах, але бязь іхнага ўдзелу тварылася гісторыя іхнай уласнай краіны. І зусім не задумваліся пра тое, да якіх драматычных наступстваў гэтая абыякавасьць потым прывядзе.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.