Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед паведаміў БелТА, што ягонае ведамства сабрала новыя пацьверджаньні таму, што бел-чырвона-белую сымболіку нібыта выкарыстоўвалі падчас Другой сусьветнай вайны карныя батальёны як абавязковы элемэнт уніформы.
«Мы завяршаем рыхтаваць матэрыялы для звароту ў Вярхоўны суд з мэтай прызнаньня гэтага палатна экстрэмісцкай сымболікай», — праінфармаваў кіраўнік Генэральнай пракуратуры.
З словаў Андрэя Шведа, у Беларусі выяўлена больш за 100 новых месцаў масавых пахаваньняў, у некаторых ляжаць 15-20 тысяч беларускіх грамадзянаў.
«Намі дапытана больш за 4 тысячы сьведак, выяўленыя прозвішчы больш за 400 карнікаў, якія жывуць у 13 краінах. Праца ў гэтым кірунку актыўна працягваецца сумесна са Сьледчым камітэтам, органамі ўнутраных справаў», — падсумаваў чыноўнік.
Ён таксама адзначыў, што страты ад нацысцкай акупацыі Беларусі ацэньваюцца прынамсі ў 500 мільярдаў даляраў. Паводле факту генацыду беларускага народу была распачатая крымінальная справа.
Важныя факты пра бел-чырвона-белы сьцяг
Праект сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга распрацаваў беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч Кляўдуш Дуж-Душэўскі не пазьней за 1917 год. Пад ім праходзілі беларускія акцыі ў 1917–1918 гадах, у тым ліку Першы Ўсебеларускі кангрэс, ён стаў сьцягам БНР.
- 10–13 сакавіка 1917 году бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным элемэнтам сьвята «Дзень беларускага значка», калі бел-чырвона-белыя адзнакі, кукарды і сьцяжкі можна было пабачыць на вуліцах Менску. Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Дуж-Душэўскага, былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі.
- 5 жніўня 1917 году на 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.
- У сьнежні 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі распачаў працу Першы Ўсебеларускі кангрэс.
- 25–27 студзеня 1918 году бел-чырвона-белы сьцяг выкарыстоўваўся падчас Беларускай нацыянальнай канфэрэнцыі.
- 19 лютага 1918 году, пасьля выгнаньня бальшавікоў, упершыню беларускі сьцяг узьняўся над будынкам губэрнатарскага палацу ў Менску .
- 5 жніўня 1918 году Сакратарыят БНР зацьвярджае бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўны.
- 11 жніўня 1918 году ў газэце «Вольная Беларусь» зьяўляецца першае апісаньне сьцяга. У артыкуле «Што трэба ведаць кожнаму Беларусу» (разьдзел VII «Сымбалі Беларусі») Вацлаў Ластоўскі піша: «Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак — белай, чырвонай і зноў белай».
- У 1918 годзе друкуюцца паштоўкі зь дзяржаўнымі сымбалямі Беларускай Народнай Рэспублікі.
- У сьнежні 1918 г. у Менск вярнуліся бальшавікі, урад БНР перабраўся ў Коўна, а потым у Прагу. Сьцяг Рады БНР 1920–1925 гадоў быў бел-чырвона-белы, дапоўнены дзьвюма вузкімі, праўдападобна, чорнымі (жалобнымі), палоскамі, якія падзяляюць белы і чырвоны колеры.
- У 1920 годзе бел-чырвона-белым сьцягам як нацыянальным і дзяржаўным карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча.
- Факт існаваньня беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Я. Гросвалдса, які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі.
- У пэрыяд з 1924 па 1927 год БССР фактычна ня мела адметнага дзяржаўнага сьцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу 1926 году, залю ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бел-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бел-чырвона-белымі прамянямі.
- У 1927 годзе бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваў нацыянальна-вызвольны рух у акупаванай Польшчаю Заходняй Беларусі.
- У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада).
- Як сьведчыць распараджэньне райхсміністра акупаваных усходніх тэрыторыяў (14 чэрвеня 1944 г.), гэтае выкарыстаньне не было афіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі.
- У савецкі час у БССР бел-чырвона-белы сьцяг трапляе пад забарону, але актыўна выкарыстоўваецца беларускай дыяспарай за мяжою.
- 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», а таксама аб назьве дзяржавы. У адпаведнасці з гэтымі законамі яна стала называцца Рэспублікай Беларусь, дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».
- 20 ліпеня 1994 году пад бел-чырвона-белым сьцягам адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
- Сьцяг перастаў быць дзяржаўным пасьля ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму 1995 году, пасьля чаго стаў сымбалем пратэстаў супраць ягонага рэжыму.