Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў у Расеі. Лічым, колькі разоў ён там быў пасьля выбараў і колькі разоў размаўляў з Пуціным праз тэлефон


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 9 верасьня 2021 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 9 верасьня 2021 году

Усе сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным пасьля выбараў 9 жніўня прайшлі ў Расеі, анансаваны кастрычніцкі візыт кіраўніка Расеі ў Менск так і не адбыўся.

У перадапошні дзень году, 29 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка чарговы раз сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным. Гэтым разам іх сустрэча пройдзе ў межах спатканьня кіраўнікоў краін – удзельніц СНД, якая адбываецца ў Пецярбургу.

Свабода падлічыла, колькі разоў пасьля выбараў 2020 году Лукашэнка сустракаўся з Пуціным і размаўляў праз тэлефон.

1-я сустрэча пасьля выбараў — 14 верасьня 2020 году, Масква

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 14 верасьня 2020 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 14 верасьня 2020 году

Гэта была першая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году. Па вуліцах беларускіх гарадоў яшчэ хадзілі тысячы дэманстрантаў. Да верасьня 2020 году Лукашэнка езьдзіў да Пуціна двойчы — напачатку лютага яны разам гулялі ў хакей у Сочы, а ў чэрвені садзілі ялінкі на цырымоніі адкрыцьця вайсковага мэмарыялу ў Ржэве.

З Масквы ў верасьні 2020 году Лукашэнка вярнуўся з 1,5 мільярда даляраў новага крэдыту. «Перш за ўсё хачу Вам падзякаваць, — сказаў ён Пуціну падчас той паездкі. — Гэта натуральна, усе гэта цудоўна разумеюць. Падзякаваць не за тое, што мы выконваем дамовы: гэта натуральна. Вы зрабілі вельмі прыстойна, па‑чалавечы, таму я вам асабіста дзякую».

2-я сустрэча — 22 лютага 2021 году, Сочы

Падчас сустрэчы ў Сочы, 22 лютага 2021 году
Падчас сустрэчы ў Сочы, 22 лютага 2021 году

Наступная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным прайшла празь пяць месяцаў. Лукашэнка прыляцеў да кіраўніка Расеі на шэсьць гадзінаў, пасьля чаго вярнуўся ў Менск.

«У цэлым сустрэча была вельмі карыснай, своечасовай, канструктыўнай і адкрытай, — расказваў пра яе пасьля прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў. — Прэзыдэнт Расеі вельмі пазытыўна ацэньвае вынікі праведзенай сустрэчы». Крэмль таксама афіцыйна паведамляў, што Лукашэнка з Пуціным абмяркоўвалі ў асноўным эканоміку.

Празь дзень пасьля сустрэчы Лукашэнка з Пуціным стэлефанаваліся, а яшчэ празь дзень у Менск званіў ужо кіраўнік Савету бясьпекі Расеі і былы прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў.

3-я сустрэча — 22 красавіка, Масква

Лукашэнка і Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 22 красавіка
Лукашэнка і Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве 22 красавіка

Трэцяя пасьля выбараў 2020 году сустрэча Лукашэнкі з Пуціным працягвалася чатыры гадзіны. Пяскоў пасьля яе зноў паведаміў, што размова ішла ў асноўным пра эканамічнае супрацоўніцтва. Візыт Лукашэнкі ў Маскву праходзіў на фоне «выкрыцьця змовы» Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча, затрыманых у Маскве раней і абвінавачаных у спробе арганізацыі дзяржаўнага перавароту. Лукашэнка пасьля вяртаньня ў Менск расказваў, што гаварыў з Пуціным пра інтэграцыйныя праграмы, а таксама пра ўзмацненьне вайсковае супрацы.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка напярэдадні трэцяй пасьля выбараў сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным паведамляў, што яе вынікам можа стаць інтэнсыфікацыя вайсковай супрацы ў сфэры супрацьпаветранай абароны. Ні афіцыйны Крэмль, ні беларускія дзяржаўныя структуры гэта ніякім чынам не асьвятлялі, аднак ужо летам 2021 году над Беларусьсю зьявіліся расейскія стратэгічныя бамбавікі. А ля Горадні стварылі сумесны з Расеяй вучэбна-баявы цэнтар СПА.

4-я сустрэча — 28 траўня, Сочы

Яна працягвалася больш за пяць гадзінаў. Як паведамлялі афіцыйныя расейскія СМІ, з Лукашэнкам Пуцін размаўляў сам-насам да позьняй ночы. Гаварылі яны зноў на фоне чарговага скандалу з удзелам беларускіх уладаў — за шэсьць дзён да гэтага ў Менску пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair. З словаў Лукашэнкі, на сустрэчу ў Сочы ён прывёз расейскаму калегу «ўвесь пакет дакумэнтаў», датычны скандальнага выпадку. Апублікаваны гэты «пакет» так і ня быў. Афіцыйнае расьсьледаваньне інцыдэнту працягваецца.

5-я сустрэча — 13 ліпеня, Пецярбург

Пуцін і Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу, 13 ліпеня 2021 году
Пуцін і Лукашэнка ў Санкт-Пецярбургу, 13 ліпеня 2021 году

Спатканьне аказалася нечаканым (яго не было ў графіках абодвух дзеячоў) і спарадзіла шэраг вэрсіяў. Афіцыйную выклаў кіраўнік прэс-службы Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, які заявіў, што бакі абмяркуюць «спробы Захаду разгойдваць човен у Беларусі і тое, што Масква і Менск могуць гэтаму супрацьпаставіць». Паводле іншых меркаваньняў, прычынай сустрэчы стаў усё мацнейшы мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Літвы, які ў сярэдзіне ліпеня дасягнуў піку. Агульнай прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы ў Пецярбургу не было, Лукашэнка вярнуўся ў Менск.

Паводле вэрсіі, агучанай праўладным тэлеграм-каналам «Пул первого», пра сустрэчу Лукашэнка з Пуціным дамовіліся яшчэ падчас тэлефоннай размовы 1 ліпеня, а яе зьместам стала абмеркаваньне «актуальных пытаньняў».

6-я сустрэча — 9 верасьня, Масква

9 верасьня 2021 году падчас сустрэчы ў Маскве
9 верасьня 2021 году падчас сустрэчы ў Маскве

Адбывалася перад анансаваным падпісаньнем інтэграцыйных праграмаў. «Я папрасіў вас пад’ехаць, каб падвесьці вынікі зробленага за апошні час для фармаваньня праграмаў разьвіцьця Саюзнай дзяржавы на экспэртным, урадавым узроўні, — тлумачыў Пуцін Лукашэнку прычыны сустрэчы. — Мы цягам многіх месяцаў і, можна сказаць, шмат гадоў напружана працавалі. Хацеў бы адразу адзначыць: тое, пра што мы, спадзяюся, дамовімся сёньня, не зьвязана зь нейкай бягучай палітычнай каньюнктурай у нашых краінах альбо з палітычным календаром».

Завяршылася сустрэча зноў бяз прэсавай канфэрэнцыі і гучных паведамленьняў. А таксама без публікацыі інтэграцыйных праграмаў, абмеркаваньне якіх Пуцін з Лукашэнкам меліся завяршыць. Паводле інфармацыі расейскага выданьня РБК, беларускі бок падняў пытаньне аб вылучэньні Расеяй Менску новага крэдыту. У гэты раз на 3 мільярды даляраў. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьвярджалася.

7-я сустрэча — 29 сьнежня, Пецярбург

Нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў – удзельніц СНД. 28 сьнежня 2021 году
Нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў – удзельніц СНД. 28 сьнежня 2021 году

Афіцыйная мэта чарговага візыту Лукашэнкі ў Расею — нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў — удзельніц СНД. «Лідэры краін падвядуць вынікі старшынства Беларусі ў Садружнасьці ў 2021 годзе, абмяняюцца думкамі наконт вырашэньня агульных актуальных праблемаў, абмяркуюць далейшыя меры для павышэньня эфэктыўнасьці супрацы і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краін СНД», — гаворыцца ў яе анонсе.

Анонсаў тэмаў размовы Лукашэнкі з Пуціным не было.

Агулам за 2021 год Лукашэнка і Пуцін сустракаліся шэсьць разоў. Магло быць і сем, але Пуцін не прыехаў у Менск на анансаванае падпісаньне інтэграцыйных дакумэнтаў. У папярэднія гады спатканьняў было менш — па 4-5 на год. Да таго ж яны часта былі пратакольнымі і адбываліся падчас нейкіх урачыстасьцяў.

16 тэлефанаваньняў за год

Акрамя паездак Лукашэнкі да Пуціна, яны пэрыядычна размаўляюць праз тэлефон. Зьмест гэтых размоваў яшчэ больш схаваны, чым парадак дня сустрэчаў. Яны нават не заўсёды адлюстраваныя ў афіцыйных паведамленьнях прэс-службаў. І даты званкоў на сайце Лукашэнкі president.gov.by і на пуцінскім kremlin.ru супадаюць ня ўсе.

Калі верыць афіцыйным паведамленьням, то найбольш інтэнсіўна Лукашэнка з Пуціным сазвоньваліся неўзабаве пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году. У навінах прэс-службаў не ўдакладняецца, хто каму званіў, але толькі за жнівень яны пагаварылі пяць разоў. Для параўнаньня — столькі ж тэлефонных размоваў было паміж Пуціным і Лукашэнкам за ўвесь 2019 год. А ў 2020-м да жніўня пасьпелі сазваніцца тройчы (адзін раз з нагоды 9 траўня. — РС).

У 2021 годзе Лукашэнка стэлефаноўваўся з Пуціным прынамсі 16 разоў. Найчасьцей у лістападзе, падчас вострай фазы крызісу на беларуска-польскай мяжы. Тады ж Лукашэнка двойчы размаўляў з Мэркель. Больш ніводзін кіраўнік дзяржавы не размаўляў з Лукашэнкам праз тэлефон так часта. Раз на некалькі месяцаў Лукашэнка размаўляе з кіраўніком Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, а ў красавіку 2021 году нават наведаў Баку з афіцыйным візытам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG