28 траўня Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы на перамовы з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Перамовы сам-насам зацягнуліся да позьняй начы, гаварылі больш як 5 гадзінаў. Журналісты крамлёўскага пулу паведамілі, што заяваў для прэсы ў пятніцу ня будзе, а вынікі перамоваў стануць вядомымі толькі ў суботу. Расказваем, з чаго пачалася сустрэча.
- Першае паведамленьне: Лукашэнка паскардзіўся, што ягоныя праціўнікі спрабуюць разгойдаць сытуацыю ў Беларусі да ўзроўню жніўня 2020 году.
- Лукашэнка сказаў Пуціну, што прывёз і пакажа яму дакумэнты, зьвязаныя з інцыдэнтам з самалётам Ryanair, які выклікаў міжнародны рэзананс. Пуцін адзначыў, што такіх пратэстаў не было, калі самалёт з прэзыдэнтам Балівіі быў вымушаны прызямліцца на Захадзе ў 2013 г. (гаворка пра пасадку ў Вене ў 2013 годзе лайнэра, на якім ляцеў Эва Маралес, тады ў самалёце шукалі Эдварда Сноўдэна).
- Расказвае, як «Белавія» дапамагала вывозіць замежнікаў, калі краіны закрылі межы на пандэмію. Крыўдзіцца на цяперашнюю блякаду: «Белавія» тут пры чым»?
- Пуцін сказаў, што першы блёк БелАЭС запусьцяць у прамысловую эксплюатацыю ў чэрвені.
- Лукашэнка пра таваразварот Беларусі: «Мы пралічваем цяпер кожную долю працэнта». Але кажа, што сёлета Беларусь з Расеяй пераўзыйдуць свой таваразварот даковіднага ўзроўню.
Напярэдадні ўдакладнялася што Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін плянуюць абмеркаваць далейшыя крокі і працу ўрадаў па разьвіцьці інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, найбольш актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама абмяняюцца думкамі па міжнароднай тэматыцы.
Раней у прэс-службе Крамля паведамлялі, што на парадку дня актуальныя пытаньні далейшага разьвіцьця двухбаковых сувязяў Расеі і Беларусі, рэалізацыя сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай, энэргетычнай і культурна-гуманітарнай сфэрах, а таксама тэматыка прасоўваньня інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.
- Сёньня падчас сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў краін СНД Лукашэнка расказаў, што разьлічвае дамовіцца з Пуціным аб аднаўленьні авіязносінаў паміж дзьвюма краінамі, бо ў выніку інцыдэнту вакол самалёта кампаніі Ryanair Беларусь апынулася фактычна ў паветранай блякадзе.
- Таксама Лукашэнка заявіў, што інтэграцыя павінна ісьці «на новых прынцыпах». «Сьвет зьмяніўся, ідыётаў няма сёньня сярод нас, каб каляніяльным чынам занявольваць дружалюбныя дзяржавы. Гэта немагчыма сёньня. Любая спроба паглынуць дзяржаву ці нейкай сілай аб’яднаць, далучыць, выкліча страшны адпор у гэтай дзяржаве», — сказаў ён.
Сустрэча адбываецца на тле салідарнай пазыцыі Захаду наконт увядзеньня сэктаральных эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Непасрэднай нагодай стала прымусовая пасадка авіялайнэра Ryanair у Менску, што многія краіны ўспрынялі як «акт дзяржаўнага тэрарызму». Маштаб і інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі пасьля выбараў ужо прывялі да ўвядзеньня эўрапейскіх і амэрыканскіх санкцыяў супраць афіцыйнага Менску.
Сёлета гэта ўжо трэці візыт Лукашэнкі ў Расею для перамоваў: 22 лютага ён сустракаўся з Пуціным у Сочы, а 22 красавіка — у Маскве.