Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што рэакцыя Масквы на адмову ЗША і NATO разгледзець «прапановы Расеі па бясьпецы» можа быць «рознай».
«Гэта залежыць ад прапаноў, якія мне робяць нашы вайсковы экспэрты», — цытуюць Пуціна расійскія СМІ 26 сьнежня.
Такім чынам Пуцін адказаў на пытаньне, якім можа быць вайскова-тэхнічны адказ Расеі, калі ЗША і NATO «не пачуюць нас і на гэты раз».
Паводле Пуціна, патрабаваньні Масквы аб «гарантыях бясьпекі» з боку ЗША і NATO былі выстаўленыя «для таго, каб дасягнуць юрыдычна абавязковага выніку дыпляматычных перамоваў».
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг прапанаваў прызначыць на сярэдзіну студзеня першае за 2,5 гады пасяджэньне рады NATO з Расеяй. Аб гэтым паведаміла нямецкае агенцтва dpa са спасылкай на прэс-службу альянсу. У пятніцу аб запрашэньні на сустрэчу паведаміла на брыфінгу ў Маскве прэс-сакратарка расейскага МЗС Марыя Захарава.
Напярэдадні Расея заявіла аб адводзе часткі войскаў ад мяжы з Украінай. Аднак 23 сьнежня агенцтва Bloomberg са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, дасьледаваныя кампаніяй абароннай выведкі Janes, паведаміла, што Расея працягвае нарошчваць сілы побач ў мяжой Украіны, рыхтуючыся да перамоў са Злучанымі Штатамі па пытаньнях бясьпекі.
На прэс-канферэнцыі 23 сьнежня Пуцін заявіў, што краіны NATO павінны «неадкладна» даць Расеі гарантыі непашырэньня альянсу і што менавіта ад гэтага будуць залежаць дзеяньні Расіі, а не ад перамоў, сказаў ён.
У апошнія тыдні Расея рэзка ўзмацніла вайсковую прысутнасьць ля межаў Украіны, і ўкраінская выведка і Захад не выключаюць, што ўварваньне расейскіх войскаў у краіну можа пачацца ў студзені.
17 сьнежня МЗС Расеі апублікаваў «праекты пагадненьняў» з NATO і ЗША аб узаемных «гарантыях бясьпекі». Яны патрабуюць ад альянсу гарантый далейшага непашырэньня ваеннага на ўсход і, у прыватнасьці, неўступленьня Украіны і Грузіі ў NATO.