Расея працягвае сьцягваць вайсковую тэхніку і канцэнтраваць войскі на мяжы з Украінай, паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі, вывучаныя вайскова-выведнай кампаніяй Janes.
Паводле дадзеных Janes, зь лістапада да мяжы Ўкраіны былі перамешчаныя танкі, артылерыя і сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Як адзначае агенцтва, нягледзячы на абмежаваную колькасьць войскаў на мяжы, Расея зможа хутка «ўмацаваць гэтыя сілы», адправіўшы буйныя фармаваньні на цягніках і самалётах.
Як сьцьвярджаюць украінскія вайскоўцы, Масква сканцэнтравала ўжо 122 тысячы вайскоўцаў за 200 кілямэтраў ад межаў з Украінай.
Сытуацыя на мяжы РФ і Ўкраіны ў апошнія месяцы рэзка абвастрылася. ЗША і іншыя прадстаўнікі Захаду абвінавачваюць у гэтым улады РФ, якія сьцягваюць вайсковую тэхніку да межаў Украіны. Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскай улады заяўлялі, што іх дзеяньні нібыта прадпрымаюцца ў адказ на дзеяньні Захаду.
У лістападзе 2021 году дасьледнікі з Conflict Intelligence Team зафіксавалі канцэнтрацыю расейскіх войскаў ля межаў Украіны, у прыватнасьці перакідваньне новай тэхнікі ў Варонескай вобласьці, а таксама перамяшчэньне эшалёнаў з Стаўрапольля ў бок Крыму. У Пэнтагоне таксама заявілі аб «значных» сілах расейскіх вайскоўцаў ля межаў Украіны.
Асабовага складу Расея пакуль не перакідвае, зазначаюць аналітыкі Conflict Intelligence Team. На тое, каб перакінуць да месцаў базаваньня тэхнікі вайскоўцаў, трэба толькі два-тры тыдні, кажа заснавальнік CIT Руслан Левіеў.
Тым часам вэрбавальнікі пачалі набіраць групы наёмнікаў у Расеі для «баявой выправы» на Данбас, рэальныя яе мэты не называюцца, піша «Медуза» са спасылкай на крыніцы.
Паводле дадзеных выданьня, прапанову паехаць у «выправу ва Ўкраіну» з канца лістапада 2021 году атрымалі ня толькі прафэсійныя наёмнікі, але і ўдзельнікі канфлікту на Данбасе. Ідзе набор і сярод жыхароў так званых «ЛНР» і «ДНР», якія маюць баявы досьвед.