Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO заклікаў Расею адвесьці войскі ад мяжы з Украінай


Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

У Масквы ёсьць шанц забясьпечыць спакойны пэрыяд навагодніх сьвят, заявіў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг. Ён нагадаў аб праве краін самастойна вырашаць, ці імкнуцца ім да сяброўства ў NATO.

Пра гэта інфармуе DW са спасылкай на агенцтва dpa.

Паўночнаатлянтычны альянс заклікаў Расею напярэдадні Раства адвесьці свае войскі ад украінскай мяжы і тым самым зьнізіць напружанасьць у рэгіёне. У Масквы ёсьць магчымасьць забясьпечыць усім зацікаўленым бакам мірны і спакойны сьвяточны пэрыяд, заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг у інтэрвію агенцтву dpa, апублікаваным у чацьвер, 23 сьнежня.

Па словах Столтэнберга, гаворка ідзе аб дзясятках тысяч вайскоўцаў, сканцэнтраваных паблізу расейска-ўкраінскай мяжы. РФ ужо чыніла агрэсію да Ўкраіны пры анэксіі паўвострава Крым вясной 2014 году, адзначыў генсек NATO. Ён асабліва вылучыў маштаб нарошчваньня сілааў і адсутнасьць прыкмет яго спыненьня ці запаволеньня. Столтэнбэрг не патлумачыў, ці бачыць у перамяшчэньні расейскіх войскаў спробу Масквы дабіцца саступак ад альянсу ў пытаньнях бясьпекі.

«Права NATO — абараняць усіх саюзьнікаў»

Генэральны сакратар NATO выказаў гатоўнасьць да размовы з Масквой у сьвятле яе патрабаваньняў «гарантыяў бясьпекі». У той жа час кіраўнік альянсу абверг ідэі аб магчымым непрыняцьці ў склад NATO асобных дзяржаў. «Мы ня можам ставіць пад сумненьне права NATO абараняць усіх саюзьнікаў, а таксама асноўны прынцып, паводле якога кожная нацыя мае права выбіраць свой уласны шлях», — падкрэсьліў Столтэнбэрг.

Пазыцыя Расеі, што яна можа вырашаць, што могуць або чаго ня могуць рабіць яе суседзі, азначае паўторнае ўвядзеньне паняцьця «сфэр уплыву», зазначыў генэральны сакратар альянсу. «Гэта абсалютна супярэчыць усяму, што забясьпечвала мір і стабільнасьць у Эўропе пасьля заканчэньня халоднай вайны», — дадаў ён.

Абвастрэньне расейска-ўкраінскага канфлікту

Увесну 2021 году Расея перакінула ў анэксаваны Крым і да мяжы з Украінай больш за 100 тысяч вайскоўцаў у рамках вучэньняў. Лідэры заходніх краін баяцца, што Масква рыхтуецца да вайны.

МЗС РФ 17 сьнежня апублікаваў пакет патрабаваньняў у гарантыях бясьпекі, які прадугледжвае, у ліку іншага, адмову NATO ад далейшага пашырэньня на Ўсход і прыёму ў свой склад Украіны, ад вядзеньня вайсковай дзейнасьці на тэрыторыі краін Усходняй Эўропы, Закаўказьзя і Цэнтральнай Азіі, а таксама адмову ад разьмяшчэньня ракет сярэдняй і малой далёкасьці на пазыцыях, зь якіх яны могуць паразіць тэрыторыю іншых удзельнікаў пагадненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG