Папярэдне суд вызначыў некалькі датаў для правядзеньня судовых пасяджэньняў — 3 і 18 сакавіка, а таксама 12 і 15 красавіка 2022 году.
Цягам двух гадоў — ад моманту вызваленьня Юрыя Палітыкі ў кастрычніку 2019-га да сьнежня 2021-га — суд ня змог правесьці ніводнага пасяджэньня ў ягонай справе.
Беларус аргумэнтаваў немагчымасьць прыехаць на пасяджэньне суду ў Чарнігаў спачатку хваробай і знаходжаньнем на стацыянарным лячэньні ў Менску, а потым і эпідэміяй каранавірусу ў Беларусі і ва Ўкраіне. Пасяджэньні таксама ігнаравалі і ягоныя адвакаты.
Цяпер Юры Палітыка папрасіў суд аб сваім удзеле ў судовых пасяджэньнях у рэжыме відэаканфэрэнцыі, бо «эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі і ва Ўкраіне, ягоныя матэрыяльнае становішча і стан здароўя не дазваляюць яму прыбыць у Чарнігаў».
Юры Палітыка, затрыманы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы» праз падазрэньне ў шпіянажы, быў звольнены з-пад варты 3 кастрычніка 2019 году — за дзень да першай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з новаабраным ва Ўкраіне прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.
Пры вызваленьні з-пад варты суд абавязаў Юрыя Палітыка зьяўляцца на пасяджэньні па выкліках і не ўплываць на сьведак.
Зьмена меры папярэдняга ўтрыманьня для беларуса ва Ўкраіне зрабіла магчымым вяртаньне ва Ўкраіну ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі — яго арыштавалі ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. Шаройку абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры» і прысудзілі 8 гадоў пазбаўленьня волі. Да абмену на Юрыя Палітыку Паўло Шаройка пачаў адбываць пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2.
Гісторыя шпіёнскага скандалу
- Грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
- Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Суд пачаў разглядаць ягоную справу па сутнасьці толькі сёлета ў красавіку.
- Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
- 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2, а Камісія памілаваньня пры прэзыдэнце Беларусі вывучае ягоныя дакумэнты аб памілаваньні.
Увесь гэты час праваахоўныя органы Беларусі і Ўкраіны не выключалі магчымага абмену Юрыя Палітыка і Паўла Шаройкі. У жніўні 2018 году група беларускіх пракурораў прыяжджала ў Кіеў на сустрэчу з калегамі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Але бакі не змаглі дамовіцца, бо Беларусь настойвала на тым, што Юры Палітыка ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў.
На сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасьня 2019-га Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў найбліжэйшы час гатовы разгледзець памілаваньне асуджанага ў Беларусі за шпіянаж украінца Паўла Шаройкі, а таксама беларуса Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ў шпіянажы ва Ўкраіне. Дамоўленасьці пра гэта, сьцьвярджае ён, былі з папярэднім прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, але сваіх абавязкаў ня выканаў украінскі бок.
Аднак тады Лукашэнка не ўдакладніў, ці плянуецца абмен для вырашэньня «шпіёнскага» пытаньня між Беларусьсю і Ўкраінай.
Першая і адзіная пакуль сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім адбылася 4 кастрычніка 2019 году ў Жытоміры.