Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі дасьледавалі добра захаваны эмбрыён дыназаўра


Эмбрыён «Дзетка Інлян», знойдзены ў правінцыі Ганьчжоў
Эмбрыён «Дзетка Інлян», знойдзены ў правінцыі Ганьчжоў

Навукоўцы абвясьцілі аб знаходцы выдатна захаванага эмбрыёна дыназаўра, які быў амаль гатовы вылупіцца з свайго яйка.

Эмбрыён знайшлі ў правінцыі Ганьчжоў на поўдні Кітаю, дасьледнікі лічаць, што яму ня менш за 66 мільёнаў гадоў.

Мяркуецца, што гэта бяззубы дыназаўр-тэрапод, або овіраптаразаўр, яму далі імя «Дзетка Інлян».

Дасьледніца доктар Фіён Вайсум Ма сказала, што гэта «найлепш захаваны эмбрыён дыназаўра, калі-небудзь знойдзены за ўсе часы».

Адкрыцьцё таксама дае навукоўцам глыбейшае разуменьне сувязі паміж дыназаўрамі і сучаснымі птушкамі. Скамянелая знаходка паказвае, што эмбрыён быў у скурчанай пазыцыі — зусім як птушкі незадоўга да вылупленьня.

«Гэта сьведчыць, што такія паводзіны сучасных птушак упершыню разьвіліся яшчэ ў іхных продкаў дыназаўраў», — сказала доктар Ма агенцтву AFP.

Овіраптаразаўры, што азначае «яшчары — выкрадальнікі яек», былі птушкападобнымі дыназаўрамі, жылі на тэрыторыі цяперашняй Азіі і Паўночнай Амэрыкі ў позьнім крэйдавым пэрыядзе — ад 100 да 66 мільёнаў гадоў таму.

«Дзетка Інлян» мае 27 см у даўжыню ад галавы да хваста і ляжыць у яйку даўжынёй 17 см у Музэі гісторыі каменнай прыроды Інлян ў Кітаі.

Упершыню яйка выявілі ў 2000 годзе, але доўгі час захоўвалі ў музэі і не дасьледавалі.

Толькі калі ў музэі пачаўся рамонт і супрацоўнікі мусілі разьбіраць старыя скамянеласьці, дасьледнікі зьвярнулі ўвагу на яйка, у якім, як яны падазравалі, можа быць эмбрыён.

Частка цела дыназаўра ўсё яшчэ пакрытая каменным пластом, і дасьледнікі будуць выкарыстоўваць перадавыя мэтады сканаваньня, каб стварыць выяву поўнага шкілета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG