Бюджэт будзе дэфіцытны
У Палаце прадстаўнікоў паведамілі, што задачамі бюджэтнай палітыкі ў 2022 годзе стануць «забесьпячэньне збалянсаванасьці і ўстойлівасьці бюджэтаў усіх узроўняў, падтрыманьне даўгавой устойлівасьці на бясьпечным узроўні за кошт абмежаваньня дзяржаўнай запазычанасьці і паляпшэньня структуры даўгавога партфэля, сацыяльная абароненасьць насельніцтва і павышэньне на гэтай аснове дабрабыту грамадзян», перадае БелТА.
Даходы згодна з праектам бюджэту на 2022 год прадугледжваюцца ў суме 27 мільярдаў 827 мільёнаў рублёў, што на 1,5 мільярда (або 6%) больш за чаканае выкананьне 2021 году. Расходы заплянаваныя ў суме 30 мільярдаў 670 мільёнаў рублёў, або плюс 4,4% да чаканага выкананьня гэтага году.
Праект бюджэту на 2022 год сфармаваны з дэфіцытам у памеры 2 мільярды 844 мільёны рублёў.
Новае ў падатках
Гэтаксама дэпутаты прынялі ў першым чытаньні законапраект, які тычыцца пытаньняў падаткаабкладаньня:
- з 1 студзеня 2023 года фізычныя асобы змогуць карыстацца новай сыстэмай падаткаабкладаньня — «падатак на прафэсійны даход». Ён будзе замяняць выплату падаходнага падатку і страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны. Яго стаўка складзе 10 %;
- законапраект прадугледжвае з 1 ліпеня 2022 году абавязак вылічэньня і выплаты ПДВ замежнымі арганізацыямі і прадпрымальнікамі пры электронным дыстанцыйным продажы тавараў;
- касуе ільготу па падатку на нерухомую маёмасьць для фізычных асобаў адносна кватэр у шматкватэрных жылых дамах, давядзецца плаціць падатак на і адзіную кватэру, раней былі падаткі на другую і наступныя кватэры;
- плацельшчыкамі падаткаў на нерухомасьць з 1 студзеня 2022 года будуць уладальнікі кватэр, пакояў, дач, садовых домікаў, гаражоў, машына-месцаў і іншых будынкаў.
- надаецца права абласным і Менскаму гарсавету павялічваць стандартную стаўку падатку на прыбытак з 18% на 2 працэнтныя пункты адносна платнікаў гэтага падатку ў мясцовы бюджэт;
- у Падатковым кодэксе таксама прадугледжваюцца сыстэмныя зьмены ў падыходзе да падаткаабкладаньня самазанятых грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў;
- карэкцыя ставак адзінага падатку ў 2–4 разы;
- пашырэньне пераліку відаў дзейнасьці з выплатай адзінага падатку для самазанятых грамадзян;
- выключэньне магчымасьці прымяненьня спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня для індывідуальных прадпрымальнікаў у сфэры паслуг;
- для мікраарганізацый у рамках прымяненьня спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня прапануецца адмяніць выплату падатку на дабаўленую вартасьць і ўстанавіць адзіную стаўку падатку ў памеры 6 % ад выручкі.
- вызначэньне стаўкі збору для аграэкасядзіб у памеры 31 рубель на месяц за кожную сядзібу і стаўкі збору па рамеснай дзейнасьці 62 рублі на год, і г.д.
Паводле ўладаў, захады накіраваныя на «выраўноўваньне падатковай нагрузкі згаданых катэгорый платнікаў у параўнаньні з найманымі работнікамі і павышэньне ступені іх удзелу ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў».