Ад’езд ІТ-сфэры, узьдзеяньне санкцый і міграцыйнага крызісу. Што адбылося ў сфэры беларускага бізнэсу за год? Падсумоўваем разам са старшым навуковым супрацоўнікам BEROC Львом Львоўскім.
— Як зьмяніліся ўмовы для бізнэсу за год?
— Пагоршылася празрыстасьць вядзеньня бізнэсу з пункту гледжаньня ўзаемасувязяў зь дзяржавай. Калі раней была «белая» бухгальтэрыя і бізнэсовец не разглядаў нават магчымасьцяў нейкіх прычэпак, то цяпер ня важна нават, якая ў яго палітычныя пазыцыя.
Вы можаце даваць чыстую справаздачнасьць. А потым раптам аказваецца, што на бізнэсе вісяць нейкія штрафы, і будзе складана ў судзе даказаць неправамернасьць гэтых штрафаў, бо суды таксама працуюць у «ваенных» умовах.
Вырасьлі ўсе магчымыя рызыкі і нестабільнасьць. Прамыя палітычныя рызыкі, што прыйдуць за палітычную пазыцыю. Вырасьлі рызыкі ўскоснага ўзьдзеяньня санкцый. Ёсьць сытуацыі, калі кожны плацеж з-за мяжы можа дайсьці, а можа і не дайсьці. Банк можа заблякаваць транзакцыю, нават калі вы не датычныя да санкцыйнай дзейнасьці. Таксама ёсьць рызыкі ўвядзеньня будучых санкцый.
Яшчэ адна праблема — крэдытаваньне. Ад пачатку палітычнага крызісу многія банкі наогул не выдавалі крэдытаў прыватным кампаніям. Цяпер сытуацыя палепшылася за кошт прытоку ліквіднасьці, але крэдыты пры гэтым усё яшчэ вельмі дарагія.
«Санкцыі ўжо закранулі бізнэс»
— Можа, маеце ужо прыклады, калі санкцыі некага закранулі?
— Калі «Дана Холдынг» трапіла пад санкцыі, то некаторыя эўрапейскія брэнды, якія мелі крамы ў яе гандлёвым цэнтры ці чыя прадукцыя там прадавалася, пачалі патрабаваць ад беларускіх прадаўцоў, каб тыя не трымалі крамы ў «Дана Холдынгу». Бо эўрапейскія брэнды асьцерагаюцца за сваю рэпутацыю і ня хочуць нават, каб іх тавары прадаваліся ў крамах, дзе прадпрымальнікі плацяць арэнду падсанкцыйнай кампаніі.
Ёсьць санкцыйныя рызыкі, зьвязаныя зь лягістыкай. Прадпрымальнікі, ніяк не зьвязаныя з палітычным крызісам, цярпяць ад чэргаў на мяжы. Ёсьць рызыка, што ў будучыні гэтыя шляхі наогул будуць перакрытыя, а гэта азначае страты.
Яшчэ адна праблема для тых, хто вядзе бізнэс у Беларусі, — нестабільнасьць дзяржаўнай палітыкі. Людзі, якія галасавалі за Лукашэнку, галасавалі за стабільнасьць. Калі глянуць цяпер новыя законы, то ніякай стабільнасьці няма і блізка. Законы ўвесь час мяняюцца, мяняюцца падаткі, абмяркоўваецца новы кодэкс прадпрымальніцкай дзейнасьці. Законы прымаюцца хутка, бязь нейкіх абмеркаваньняў.
Справа нават ня ў тым, што прымаюцца нейкія кепскія законы. Калі вы прадпрымальнік, вы хочаце сплянаваць сваю дзейнасьць на год-два наперад. Прыбытак — гэта заўжды рызыкоўная рэч. А цяпер усё робіцца рызыкоўным, бо ўвесь час усё мяняецца, прычым непрадказальна. Урад гаворыць адно, пасьля Лукашэнка іншае.
«У цяперашняй сытуацыі нават закрыць бізнэс — праблема»
— Сытуацыя неяк паўплывала на колькасьць юрыдычных адзінак?
— Тут трэба разглядаць два эфэкты: закрыцьцё ўжо існых бізнэсаў і адкрыцьцё новых. Прадпрымальнікі рэдка з уласнай ахвоты закрываюць бізнэсы. Да таго ж закрыць бізнэс у цяперашняй сытуацыі таксама праблематычна. Калі вы закрываеце ІП, напрыклад, трэба прайсьці пэўную колькасьць праверак, і там могуць быць сюрпрызы. Мы ня бачым масавага закрыцьця, але і ня можам яго пабачыць.
— А ці ёсьць для бізнэсу нешта пазытыўнае?
— 2021 год для макраэканомікі Беларусі быў адным з найлепшых за апошні час. У нейкі час рост ВУП дасягаў 3% — гэта шмат для Беларусі. Першыя тры кварталы расьлі заробкі. У такія добрыя гады мусіў бы быць бум адкрыцьця бізнэсаў, але мы гэтага ня бачым.
— Мы закранулі тэму заканадаўства. Але што, калі абяцаныя законы прымуць?
— Наабяцалі шмат, але ўсё гэта вельмі разнаплянавае. Для ІП пастаянна дадаюцца зьмены ў будучы праект закону. Некаторыя рэчы там добрыя, некаторыя ня вельмі. Лукашэнка яшчэ зь мінулага году абяцаў закрыць усе кампаніі, дзе няма прафсаюзаў. Гэта, вядома, была б вельмі кепская рэч. Пасьля гэтая мера забылася.
Адбыўся важны момант з павышэньнем падатку для ІТ-сфэры. Самае важнае, гэта ня проста павышэньне падатку — гэтым павышэньнем перакрэсьлілі дэкрэт аб ПВТ. Сам факт гэтага павышэньня значыць разрыў дамовы з айцішнікамі, што ім ня будуць ускладняць умовы дзейнасьці. Былі павышаныя розныя падаткі на невялікія адсоткі. Гэта закранула асобных прадпрымальнікаў, напрыклад тых, хто займаўся продажам дзіцячых тавараў.
Яшчэ адзін фактар — разгон інфляцыі, што адбылося з прычыны сусьветных цэнаў і кантролю ўраду над цэнамі. Гэта пагаршае стан рытэйлераў.
«15–20 тысяч айцішнікаў ужо зьехалі»
— Калі гаварыць пра рэлякацыю, наколькі гэта масавы працэс?
— Калі гаварыць не пра ІТ, то рэлякацыя ў іншых сфэрах больш складаная. Паступова яна таксама адбываецца, мы бачым гэта на прыкладзе асобных бізнэсаў.
Многія адкрываюць міні-падразьдзяленьні і цэхі ў іншых краінах. Гэта ўсё нашмат складаней, чым для ІТ-сфэры, таму масава мы такога не назіраем пакуль. Ёсьць асобныя прыклады вывазу прадпрыемстваў, якія вырабляюць тавары. Ёсьць тэндэнцыя вывазу цэнтраў прыбытку. Гэта калі робіцца фірма-пракладка, напрыклад у Літве, якая купляе затанна ў вас жа тавар і прадае за мяжой па нармальнай цане.
— А што з ад’езьдам ІТ-сфэры?
— Гэта значны адсотак, па розных зьвестак — каля 15–20 тысяч прадстаўнікоў сфэры выехалі. ЭЗ кажа, што да іх прыехала 60 тысяч, але ня ўсе яны айцішнікі. Да таго ж людзі выяжджаюць зь сем’ямі.
Рэлякацыя ў ІТ ідзе даволі актыўна, для гэтага ёсьць шмат падставаў. Ціск унутры Беларусі, Лукашэнка не спрабуе пераканаць тых, хто застаўся, што ўсё будзе добра і іх ня будуць чапаць. Краіны вакол Беларусі таксама вырашылі, што ім патрэбны беларускія айцішнікі, бо яны плацяць падаткі, паляпшаюць рынак жыльля, маюць нармальны даход, ведаюць замежныя мовы — ідэальныя мігранты.
Іншыя краіны пачалі рабіць зоны, падобныя да ПВТ. Для ІТ перавесьці цэнтры прыбытку прасьцей за ўсё. Часам кампаніі самі настойваюць на пераезьдзе супрацоўнікаў, бо яны думаюць пра свае рызыкі. Калі ў кампаніі ёсьць ключавы супрацоўнік у Беларусі, то кампанія ня хоча, каб у адказны дзень яго затрымалі. Часта кампаніі прапануюць ключавым супрацоўнікам пераехаць, хаця б на час. Не абавязкова ў Эўропу, у беларускіх ІТ-кампаній ёсьць аддзяленьні і ў Расеі. Звычайна прапануюць шырокае мэню краін, куды можна пераехаць.