Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які эфэкт будуць мець новыя санкцыі?


Дасюль сытуацыя ў Беларусі разглядалася толькі як унутраная гуманітарная драма, парушэньне правоў беларусаў. Атакай мігрантамі Лукашэнка ператварыў Беларусь у пагрозу міжнароднай бясьпецы.

Сьцісла:

  • Лукашэнка дамогся таго, што супрацьстаяць яму будзе менавіта калектыўны Захад.
  • Менск падвысіў стаўкі. Увёўшы новыя санкцыі, фармальна Захад прыняў выклік.
  • Аднак, насуперак санкцыям, экспарт тавараў зь Беларусі ў Эўразьвяз за 9 месяцаў 2021 году павялічыўся ў 2 разы.
  • Любыя санкцыі — гэта гульня ўдоўгую.
  • Шмат будзе залежаць ад таго, як строга ЭЗ і ЗША стануць сачыць за рэалізацыяй санкцый.

Важна зьвярнуць увагу, што санкцыі адносна афіцыйнага Менску ўведзеныя сынхронна ЭЗ, ЗША, Канадай і Вялікай Брытаніяй. Паміж імі існуюць значныя супярэчнасьці па розных пытаньнях. Аднак Лукашэнка дамогся таго, што супрацьстаяць яму будзе менавіта калектыўны Захад.

Бо, арганізаваўшы мігранцкі крызіс, афіцыйны Менск моцна памяняў для Захаду якасьць беларускай праблемы. Дасюль сытуацыя ў Беларусі разглядалася толькі як унутраная гуманітарная драма, парушэньне правоў беларусаў. Атакай мігрантамі Лукашэнка ператварыў Беларусь у пагрозу міжнароднай бясьпецы.

Менск падвысіў стаўкі. Увёўшы новыя санкцыі, фармальна Захад прыняў выклік. Але пакуль рана ацэньваць, наколькі ЭЗ, ЗША гатовыя фармальны ціск на Беларусь канвэртаваць у рэальны.

Бо глядзіце, які дзіўны парадокс. ЭЗ прымае ўжо пяты пакет санкцый, які павінен нэгатыўна паўплываць на беларускую эканоміку. Аднак у рэальнасьці ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. Экспарт тавараў зь Беларусі ў Эўразьвяз за 9 месяцаў 2021 году павялічыўся ў 2 разы. А, напрыклад, у Нідэрлянды — у 5 разоў, у Нямеччыну — на 105%, у Латвію — на 92%, у Літву — на 41%, у Польшчу — на 74%. За студзень — верасень Беларусь нарасьціла пастаўкі тавараў у ЗША амаль у 3 разы.

Вось так «працуюць» санкцыі. Ня дзіва, што беларускія высокія чыноўнікі пагардліва камэнтуюць іх увядзеньне.

Зразумела, што любыя санкцыі — гэта гульня ўдоўгую. І эфэкту можна чакаць толькі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Да таго ж санкцыі — гэта найперш фактар палітычнага, маральна-псыхалягічнага ўзьдзеяньня на эліты і грамадзтва, і толькі ў другую чаргу — эканамічны чыньнік. То бок спроба ціску на палітыку кіраўніцтва краіны праз эканоміку. Але чым больш аўтарытарны ў краіне рэжым, тым менш працуе такі апасродкаваны мэханізм.

Таксама шмат будзе залежаць ад таго, як строга ЭЗ і ЗША стануць сачыць за рэалізацыяй санкцый. Бо за паўгода беларускія ўлады шмат зрабілі для таго, каб ухіліцца ад іх. Алігархі перапісалі свае актывы на дзяцей, іншых асоб, некаторыя юрыдычныя суб’екты памянялі назву. Ці будуць заходнія краіны строга кантраляваць гэтыя працэсы і не дазваляць ухіляцца ад санкцый? Таксама важна, ці будуць працаваць другасныя санкцыі, ці будуць яны распаўсюджвацца на фірмы трэціх краін?

Пакуль незразумела, наколькі Расея гатовая падставіць плячо беларускай эканоміцы. Ці гатовыя расейскія кампаніі выконваць ролю пасярэднікаў дзеля продажу беларускай прадукцыі заходнім спажыўцам? І ці стане РФ ратаваць бюджэт Беларусі з дапамогай дадатковых крэдытаў?

Пакуль на ўсе гэтыя пытаньні няма адказу. Таму цяжка ацаніць нават эканамічны эфэкт санкцый, ня кажучы ўжо пра палітычныя наступствы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG