Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка.
Мажэйка
- Тэма, што рабіць у будучыні, для беларусаў актуальная. Таму інтэрвію Клінава выклікалі такую гарачую дыскусію.
- Клінаў ідэалізуе нядаўнюю мінуўшчыну 2015-2019 гадоў на фоне таго, што адбываецца цяпер.
- Наіўна спрабаваць вярнуцца ў мінуўшчыну.
- 2020 год — вынік таго, да чаго высьпела беларускае грамадзтва.
- Так, яно скарысталася пэрыядам адноснай лібэралізацыі 2015-2019 гадоў.
- 2020 год — неадʼемная частка таго, па чым Клінаў сумуе і куды хоча вярнуцца.
Казакевіч
- Рэакцыя на інтэрвію Клінава была больш зьвязаная з эмоцыямі, чым з аналітычным падыходам.
- Варыянт Клінава — гэта прымірэньне, кампраміс дзеля незалежнасьці.
- Гэты варыянт не рэалістычны, улада ўвесь гэты год дэманстравала, што яна ня хоча ніякага дыялёгу.
- Той пэрыяд 2015-2020 году, які Клінаў лічыць «залатым», улада лічыць памылкай.
- На думку ўлады, лібэралізацыя, стварэньне грамадзянскіх ініцыятываў, падрывалі рэжым.
- Умацаваньне заходняга ўплыву, на іх погляд, спрыяла пратэстам.
- Улады могуць спыніць рэпрэсіі толькі тады, калі перастануць лічыць сваіх апанэнтаў палітычнай праблемай.
- Схема Клінава прадугледжвае, што людзі забываюць пра гвалт, прычым шчыра забываюць; палітвязьні пішуць пакаяльныя лісты, абяцаюць не займацца палітыкай.
- Але ўнутры ўлады занадта шмат боязі паўтарэньня 2020 году.
- Шмат хто зь іх не паверыць, што апазыцыя перастала, паводле іх лексыкі, «ірвацца да ўлады», а Захад не зьбіраецца «падрываць канстытуцыйны лад Беларусі».
- Усе такія варыянты прадугледжваюць наяўнасьць даверу паміж бакамі.
- Гэта тое, чаго ў Беларусі ў прынцыпе няма.
Мажэйка
- Крэмль цяжка падазраваць у вялікай любові да субʼектнасьці беларускага народу.
- Але Крэмль замаўляе дасьледаваньні, кшталту таго, якое праводзіў ВЦИОМ.
- Там хочуць ведаць думку беларускага народу і разумеюць, што беларускі народ уплывае і будзе ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.
- У развагах Клінава бракуе субʼектнасьці беларускага народу.
- Яму бачыцца «рука Крамля» у дзеяньнях новай апазыцыі.
- За гэта няма фактаў, ёсьць кансьпіралёгія і паўтарэньне тэзаў беларускай дзяржаўнай прапаганды.
- Спадзеў на мірную дэмакратычную эвалюцыю беларускага рэжыму ўзору 2015-2019 году — гэта тое, пра што пісаў у сваім артыкуле ў красавіку летась Яўген Прэйгерман.
- Калі зараз паўторыцца тое, што было пасьля 2010 году, то ў якім 2030 годзе мы зноў прыйдзем да паўтарэньня 2020 году.
- Клінаў кажа, што асноўныя эмоцыі, якімі ён кіруецца, — гэта стома і страх.
- Гэтыя пачуцьці і сапраўды зараз уласьцівыя шмат каму зь беларусаў.
- Ёсьць праблемы з унутраным ціскам, прабуксоўваюць заходнія санкцыі.
- Няма ідэальнага, лёгкага і гарантаванага шляху зьмены аўтарытарных рэжымаў.
Казакевіч
- 2020 год — гэта аргумэнт за тое, што беларускі народ мае субʼектнасьць.
- У 2018-2019 гадах апазыцыя фактычна прызнавала першынства Лукашэнкі, прызнавала правілы гульні аўтарытарнай дзяржавы.
- А ў 2020 годзе робяцца шалёна папулярнымі людзі, якіх да таго ў палітыцы не было.
- Людзі не забудуць 2020 году. І тыя, хто спужаўся на тым баку, таксама яго не забудуць.
- На шчасьце, у Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, Кіргізстану ці Сырыі, раскол у грамадзтве значна менш глыбокі.
- Ёсьць сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх большасьць апытаных гатовыя, каб іх апанэнты былі прадстаўленыя ва ўладзе.
- Праўда, сярод прыхільнікаў Лукашэнкі большасьць нязгодная з тым, каб іх апанэнты былі прадстаўленыя ва ўладзе.
- Няма ўзаемнай нянавісьці, выключэньня магчымасьці палітычнага суіснаваньня.
- Грамадзкая аснова для прымірэньня даволі шырокая, калі мы будзем абапірацца на думкі большасьці з кожнага боку.
Мажэйка
- «Мяккая беларусізацыя» ў 2015-2019 гадах сапраўды была: мы бачылі, якога колеру былі сьцягі на вуліцах у 2020 годзе.
- Гэта адыграла сваю ролю.
- Што тычыцца прэцэдэнтаў, дык дастаткова прыгадаць «круглы стол» у Польшчы ў 1989 годзе.
- Такія «круглыя сталы» узьнікаюць, калі ўсе часткі грамадзтва ўсьведамляць, што з такім «сталом» лепш, чым безь яго.
- Лукашэнка нядаўна на нарадзе казаў, што хопіць ганяцца за апазыцыянэрамі.
- Ён таксама ўсьведамляе, што яго сыстэма губляе час.
- Калі б мы пайшлі па шляху ўзброенага супрацьстаяньня, няма гарантыяў, што сытуацыя была б яшчэ горшай, чым яна цяпер ёсьць.
- Калі б мы «завісьлі» і пэрыяд 2015-2019 гадоў расьцягнуўся яшчэ на 5 гадоў, не ўпэўнены, што гэта было б добра.
- Яшчэ ў жніўні 2020 году Каардынацыйная рада і Ціханоўская і прапаноўвалі дыялёг, «круглы стол».
- Але гэты дыялёг мусіць быць пра будучыню, а не пра вяртаньне ў мінуўшчыну.
- Не на любых умовах варта дамагацца вызваленьня палітвязьняў.
- Мяркую, што Марыя Калесьнікава ня скажа „дзякуй“, калі яе вызваляць і вернуць у мінуўшчыну.
- Калі палітвязьні выйдуць на ўмовах капітуляцыі, многія зь іх скажуць „Мы не за гэта змагаліся“.
Казакевіч
- Аляксандар Лукашэнка і яго прыхільнікі за «круглы стол» не гатовыя.
- Яны разумеюць, што такі «стол» прадугледжвае пэўную дэмакратызацыю, больш свабодныя выбары.
- Яны тады могуць стаць палітычнай меншасьцю, і невядома, што большасьць зь імі зробіць.
- У 1989 годзе польскія камуністы былі ў больш складаным становішчы, Масква тады перастала іх падтрымліваць.
- Дэмакратычныя сілы гатовыя да дыялёгу. Ня маючы цяпер нічога, яны ў выніку перамоваў у любым выпадку нешта атрымаюць, нейкае палітычнае прадстаўніцтва.
Што было раней
- Пісьменьнік Артур Клінаў у інтэрвію DW і Радыё Свабода выказаў думку, што неабходна прымірэньне пратэставай і ляялісцкай частак беларускага грамадзтва.
- Паводле Клінава, формула прымірэньня: прызнаньне права ўлады на ўладу ў абмен на лібэралізацыю: спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў, у пэўным сэнсе вяртаньне ў эпоху да 2020 году, у 2016-2019 гады.
- Заявы пісьменьніка выклікалі гарачую дыскусію ў байнэце.