Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка праводзіць нараду аб санкцыях: «Мы адкрытыя да канструктыўнага дыялёгу»


Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду аб супрацьдзеяньні санкцыям супраць ягонага рэжыму з удзелам ураду і кіраўніцтва прадпрыемстваў, якія трапілі пад абмежавальныя захады Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і ЗША.

«Нашы контрамеры не нацэленыя на нейкую дробязную помсту. Задача — выкарыстоўваць існыя ўмовы нам на карысьць. Тут пытаньне трэба разглядаць мінімум зь дзьвюх пазыцый: насычэньне рынку неабходнымі таварамі і недапушчальнасьць росту цэнаў. Катэгарычна папярэджваю ўсіх пра захаваньне гэтых умоваў», — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА.

Ён прызнаў, што санкцыйны ціск будзе адчувацца, але заклікаў «працягваць жыць і спакойна працаваць»:

«Санкцыі ёсьць, і гэта дадзенасьць. Яны ўжо сталі часткай нашага жыцьця. Уведзены чарговы комплекс захадаў супраць нас. Нягледзячы на тое, што яны будуць мець пэўны нэгатыўны эфэкт, трэба захаваць дынаміку працы галін нашай эканомікі. Санкцыйныя гульні не павінны адбіцца і на маючых адбыцца ўнутрыпалітычных падзеях. Рана ці позна мы выйдзем з гэтай гонкі, але пакуль вымушаныя адказваць на працяг ціску», — сказаў Лукашэнка.

Ён пры гэтым адзначыў, што Беларусь «заўсёды адкрытая да канструктыўнага дыялёгу» без папярэдніх умоваў і ўльтыматумаў.

«Што да захадаў у адказ, якія ўжо прынятыя і яшчэ будуць выпрацаваныя: гэта не актыўная пазыцыя нашага народу, у нас у крыві няма духу вайны і, дарэчы, ня мы яе пачыналі. Таму заўсёды адкрытыя да канструктыўнага дыялёгу на раўнапраўнай аснове», — заявіў Лукашэнка.

У адказ на заходнія санкцыі Беларусь ад 1 студзеня 2022 году абмяжуе пастаўку шэрагу тавараў з краін, якія далучыліся да абмежавальных мераў супраць рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым давядзецца замясьціць прадукцыі прыкладна на паўмільярда даляраў.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG