Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уцяклі, калі зразумелі, што наперадзе турма». За мяжу выехалі лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч зь сябрам Віталём Трыгубавым


Дзяніс Урбановіч у судзе ў 2019 годзе
Дзяніс Урбановіч у судзе ў 2019 годзе

«Мы ўжо ў Кіеве», — паведаміў Дзяніс Урбановіч пра сябе і Віталя Трыгубава, разам зь якім перабраўся ва Ўкраіну. Расказаць больш падрабязна пра тое, як гэта ўдалося зрабіць, Дзяніс адмовіўся, спаслаўшыся на меркаваньні бясьпекі.

«Адно скажу, што гэта быў нелегальны шлях. Часам было нават страшна, даводзілася кансьпіравацца. Але баяўся ня столькі за сябе, колькі за тых людзей, якія нам дапамагалі і засталіся на радзіме. Каб ім не пагоршыць становішча, пра дэталі прамаўчу».

Дзяніс і Віталь падалі заявы на часовы побыт, чакаюць адказу.

У Беларусі на Дзяніса Ўрбановіча як на лідэра «Маладога фронту» былі складзеныя дзясяткі пратаколаў, агулам ён адбыў за кратамі больш за 200 дзён. Найбольш — за абарону Курапатаў, але некалькі апошніх арыштаў — за падзеі пасьля выбараў. Дзяніс кажа, што мог яшчэ трываць і арышты, і зьдзекі ў камэрах на Акрэсьціна, але апошняе затрыманьне ў Мазыры паказала, што далей гаворка будзе не пра содні, а пра гады за кратамі.

«Калі раней былі толькі „адміністратыўкі“, дык у жніўні абвясьцілі пра завядзеньне крымінальнай справы па 342 артыкуле (Арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. — РС). Нас зь Віталікам затрымалі спачатку ў Нароўлі. Потым выпусьцілі, але празь дзень затрымалі ўжо ў Мазыры. Нібыта мы там 10 жніўня мінулага году, на наступны дзень пасьля выбараў, нешта зладзілі. Але гэта лухта. Віталь у тыя дні сядзеў пад арыштам, а я быў у Менску. У выніку праз 3 дні мазырскія міліцыянты нас адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд з краіны, але дамоў мы ўжо не вярнуліся. Ведаю, што да майго бацькі на Лагойшчыне прыходзілі, мяне шукалі, да сястры прыходзілі. Віталіка таксама шукалі. Ну і вось — цяпер мы тут».

«Бацька яшчэ ня ведае, што я за мяжой»

Бацьку Дзяніса Ўрбановіча 74 гады, ён ужо даўно на пэнсіі. У вёсцы без гаспадаркі не пражывеш: куры, сад, агарод. Таму Дзяніс перажывае, што цяпер ня мае магчымасьці дапамагаць.

«Шмат ведаю тых, хто зьехаў з думкай, што вось-вось вернецца, літаральна ўвесну, але атрымалася інакш. І пакуль канца эміграцыі ня бачна. Разьлічваю на год расстаньня, але можа быць і больш. Бацька яшчэ ня ведае, што я ўжо за мяжой. Днямі паспрабую неяк зьвязацца, але гэта складана, бо ён жыве ў вёсцы. А прыехаць, каб разьвітацца, я не адважыўся. Хутчэй за ўсё, за хатай сачылі», — мяркуе актывіст.

Дзяніс са шматдзетнай сям’і, пра якую расказвае зь любоўю і з прыхаваным болем адначасова:

«Мой бацька, Іосіф Іосіфавіч, раней быў прадпрымальнікам, займаўся продажам мяса, паважаны на вёсцы чалавек. Але ўжо даўно на пэнсіі. Нас у яго чацьвёра, і ён усіх дзяцей выгадаваў сам, бо як мне было 7 год, маці нас кінула. Я ў яго старэйшы сын, яшчэ ёсьць два сыны і дачка. Мы вельмі дружныя і блізкія па поглядах».

Калі Дзяніс адбываў арышты, некалькі разоў яго моцна зьбівалі. Гэта адбілася на здароўі.

«Мне бацька калісьці казаў, што як пойдзеш у апазыцыю, дык рыхтуйся да турмы і таго, што ўсё жыцьцё потым будзеш лячыцца. Відаць, да таго ідзе сапраўды», — усьміхаецца Дзяніс Урбановіч. Але дадае, што наракаць яму на лёс не даводзіцца, бо ў іншых, як, напрыклад, у Міколы Статкевіча, частка жыцьця за кратамі вымяраецца гадамі. Але яны трымаюцца, не здаюцца.

«Ходзім па вуліцах няшмат, толькі па справах»

У Кіеве Дзяніс пакуль прыглядаецца да новых рэаліяў, нават па вуліцах, як кажа, гуляе няшмат і з аглядкай. «Бо тут ёсьць іншая небясьпека, пра якую сябры папярэджваюць. Што сярод уцекачоў-беларусаў могуць быць „агенты“ ад лукашэнкаўскіх спэцслужбаў, таму асьцярожнасьці ўсё ж не губляем».

Часта размаўляе з украінцамі. Чым найчасьцей цікавяцца ўкраінскія суразмоўцы?

«Што ў нас адбываецца, за што затрымліваюць людзей, за што саджаюць на тэрміны. Жахаюцца парадкамі, якія ўвёў Лукашэнка. У ім расчараваліся, ужо не сустракаў такіх, хто называе яго „бацькам“. Нават абмяркоўваюць, што ён ня супраць прыхапіць кавалак Украіны. Але найбольш зьдзіўляюцца цярплівасьці беларусаў. Пра сябе кажуць, што яны б такога ня вытрымалі».

Паводле Дзяніса, у яго ня раз ужо пыталіся, як беларусы зьбіраюцца далей дамагацца перамогі. «І падводзілі выснову, што самі вінаватыя, бо згубілі мову», — згадвае Дзяніс і прызнаецца, што ад пачутага не раз адчуваў сорам, але не пярэчыў, бо гэта праўда.

«Украінец у бары са мной загаварыў па-беларуску. Сказаў, што адмыслова вывучыў некалькі словаў, бо беларусы да яго прыходзяць як кліенты. А мы самі? Сярод уцекачоў-беларусаў, з кім кантактаваў, можа два-тры размаўляюць па-беларуску. Гэта ж сорам! Нашы людзі хутчэй украінскую тут вывучаць, чым на сваёй загавораць».

«Магчыма, пайду на будоўлю»

У Беларусі Дзяніс Урбановіч працаваў будаўніком, зьбіраўся аформіць індывідуальнае прадпрымальніцтва, каб заняцца рамонтам кватэр, але з прычыны бурных леташніх падзей гэтую мару давялося адкласьці. Цяпер не выключае, што ва Ўкраіне вернецца да працы будаўніка, а яшчэ зьбіраецца далучыцца да дзейнасьці праваабаронцаў, якія апякуюцца ўцекачамі-беларусамі.

Сябра Дзяніса Віталь Трыгубаў паводле прафэсіі палітоляг, скончыў у Менску Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва, але працаваць паводле атрыманага дыплёму не давялося. «Ужо праходзіў у гарадзкой адміністрацыі гутарку, як прыйшлі «людзі ў форме» і сказалі чыноўнікам: «Каго вы бераце на працу? Ён жа ў апазыцыі», — згадвае Віталь падзеі 2016 году.

«Магу паспрабаваць сябе ў гандлі, на будоўлі, ды дзе заўгодна. Пачынаем новую старонку жыцьця», — кажа пра будучыню Віталь Трыгубаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG