Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць лідэраў гурту Irdorath, якія гралі на маршах пратэсту. Пракурор запрасіў ім па 2 гады турмы


Дудар Зьміцер Шыманскі зь іншымі музыкамі гурту Irdorath на маршы пратэсту. Менск, 2020
Дудар Зьміцер Шыманскі зь іншымі музыкамі гурту Irdorath на маршы пратэсту. Менск, 2020

9 сьнежня пачаліся судовыя працэсы над удзельнікамі гурту Irdorath і прадусарам Уладзіславам Савіным.

Суд Савецкага раёну Менску 9 сьнежня пачаў разгляд крымінальнай справы палітвязьняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фолк-гурту Irdorath Уладзімера і Надзеі Калач, якіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу такіх дзеяньнях, а роўна фінансаваньні ці іншым матэрыяльным забесьпячэньні такой дзейнасьці (ч. 2 арт. 342 КК).

Як паведамляе «Вясна», справу разглядае судзьдзя Аляксандар Якунчыхін, дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Вольга Емяльянчанка.

Пракурор запрасіў два гады турэмнага зьняволеньня для палітвязьняў Надзеі і Ўладзіміра Калачоў, лідэраў гурту Irdorath, паведамляе @by_culture. Вырак суду будзе агучаны ў аўторак.

У справе некалькі эпізодаў — удзел у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасьня і 25 кастрычніка 2020 году.

«Атмасфэра была сьвяточная, усе ўсьміхаліся»

Уладзімер Калач патлумачыў у судзе, што 16 верасьня 2020 году, даведаўшыся з сацыяльных сетак пра маючы адбыцца марш, прыняў рашэньне разам з Надзеяй далучыцца да яго. Стэлефанаваліся з музыкам Дзьмітрыем Шыманскім:

«Паколькі мы заўсёды выступалі і выступаем супраць гвалту, узялі з сабой дуды і ўпрыгожылі іх кветкамі, каб падкрэсьліць мірны характар шэсьця. Сустрэліся каля плошчы Якуба Коласа зь сябрамі, якія таксама ўзялі музычныя інструмэнты — дуды, гітары, бубны. Падышлі Пятро і Юля Марчанкі (палітвязьні, затрыманыя разам з Калачамі, чакаюць суду).

«Агрэсіі ніякай не было, атмасфэра сьвяточная, усе вакол усьміхаліся. Усе разам прайшліся праспэктам Незалежнасьці да плошчы Перамогі, потым па Пераможцаў калёна пайшла да стэлы. Патрабаваньняў і папярэджаньняў аб незаконнасьці акцыі ня чуў, бо гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты, і людзі павярнулі ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазыцыю Цоя „Перамен!“, а потым разышліся», — патлумачыў ён у судзе.

Наконт падзей 25 кастрычніка Ўладзімір Калач адзначыў, што гэта быў выходны дзень, людзі ішлі вуліцамі Янкі Купалы і Багдановіча, руху не перакрывалі. Музыкі ішлі ў галаве калёны, выконвалі кампазыцыі, грамадзкага парадку не парушалі.

І Ўладзімер, і Надзея віну ў судзе прызналі толькі па частцы першай арт. 342. Па частцы другой (навучаньне і фінансаваньне асобаў для групавых дзеяньняў) не прызналі.

Як затрымалі музыкаў

Мужа і жонку Ўладзімера і Надзею Калачоў і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 году на сьвяткаваньні дня народзінаў Надзеі.

Спачатку ўсіх вінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі вароты дому пад Менскам. А потым стала вядома, што на шасьцярых зь іх завялі крымінальныя справы. Да суду Ўладзімера і Надзею ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску.

Прэс-служба МУС паведамляла, што «ў жніўні мінулага году група „дудароў“ неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў і з выкарыстаньнем музычных інструмэнтаў залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян. Пэрформанс каардынатараў узмацняў пратэставы настрой удзельнікаў».

Раней 3 гады «хіміі» атрымаў дудар Зьміцер Шыманскі, але пасьля абвяшчэньня выраку ён пакінуў Беларусь.

Згодна з раскладамі менскіх судоў, 9 сьнежня былі заплянаваныя і іншыя працэсы за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»:

  • Суд Савецкага раёну Менску, 10:30. Уладзімер і Надзея Калачы, арт. 342 КК
  • Суд Заводзкага раёну Менску, 10:30. Арцём Сасьнін, арт. 342 КК
  • Суд Маскоўскага раёну Менску, 10:30. Алег Абдулаеў, арт. 342 КК
  • Суд Заводзкага раёну Менску, 10:30. Уладзіслаў Савін, арт. 342 і 209 КК.

Музыкаў Irdorath затрымалі разам зь іх сябрамі пад Менскам 2 жніўня. Затрыманьне было брутальнае, са зброяй.

Спачатку затрыманых судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а потым завялі крымінальную справу.

Першым асудзілі Шыманскага

Першым паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) 29 кастрычніка вынесьлі прысуд Зьмітру Шыманскаму. Справу разглядаў судзьдзя Алег Каляда.

Згодна з абвінавачаньнямі, 16 жніўня 2020 году Зьміцер Шыманскі разам зь Пятром Марчанкам, Юліяй Юніцкай (Марчанкай), Надзеяй Калач, Уладзімерам Калачом, Антонам Шніпам на вуліцы Леніна ў Менску «рухаўся ў натоўпе, публічна выкрыкваў лёзунгі, перакрываў праезную частку, адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаваньням міліцыянтаў».

Вырак — 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Аднак дудар гурту Irdorath ня стаў чакаць «разьмеркаваньня на хімію» і выехаў зь Беларусі. Цяпер ён у Варшаве.

Чым вядомы гурт Irdorath

Irdorath — папулярны ў Беларусі і за яе межамі фэнтэзі-фольк-гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне.

Пачыналі як вулічныя музыкі, з канцэртаў стараліся зрабіць шоў, аб’езьдзілі больш за тузін краін Эўропы з канцэртамі, напісалі песьню на верш Уладзімера Караткевіча.

2 жніўня музыкаў фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath затрымалі на лецішчы пад Менскам з удзелам узброеных байцоў САХР і міліцыі Менскай вобласьці. Там сьвяткавалі дзень нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач.

Чатырох чалавек, затрыманых на лецішчы разам з музыкамі, аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў.

Пяцёх затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх». Гэта Ўладзімер Калач, Антон Шніп, Пётра Марчанка, Павал Шмыга, Юлія Юніцкая.

Галоўнае ў справе Irdorath

  • 2 жніўня 2021 году музыкаў фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath затрымалі са стралянінай на лецішчы пад Менскам з удзелам узброеных байцоў САХР і міліцыі Менскай вобласьці. Там сьвяткавалі дзень нараджэньня ўдзельніцы гурту Irdorath Надзеі Калач. Сілавікі скарысталі дрон, каб зьняць захоп. На відэа ў музыкаў на целе відаць сьляды пабіцьця.
  • Чатырох чалавек, затрыманых на лецішчы разам з музыкамі, аштрафавалі ў судзе Менскага раёну на сумы ад 870 да 1160 рублёў і адпусьцілі.
  • Шасьцёх затрыманых падазраюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзеле ў іх». Гэта Ўладзімер Калач, Надзея Калач, Антон Шніп, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая), Дзьмітры Шыманскі. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • Іх перасьледуюць за выступы падчас масавых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году. Прэс-служба МУС паведаміла, што «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калёну пратэстоўцаў», чым «залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсьце грамадзян».
  • Irdorath — папулярны ў Беларусі і ў іншых эўрапейскіх краінах гурт, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку, выкарыстоўвае дуды, ліру, бузукі, дзякуючы аўтэнтычным інструмэнтам мае ўнікальнае гучаньне. Яго заснавалі гарадзенцы Ўладзімер і Надзея Калач у 2009 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG