Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 100 гадоў Таварыству беларускай школы, 30 гадоў сустрэчы ў Віскулях


Карціна мастака Аляксея Панцюка-Жукоўскага
Карціна мастака Аляксея Панцюка-Жукоўскага

Падзеі 7 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

1991 — у Віскулях пачалася сустрэча Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча. На наступны дзень яны падпісалі заяву, у якой канстатавалі, што СССР «спыняе сваё існаваньне», і абвясьцілі пра ўтварэньне СНД.​

Таксама ў гэты дзень

1550 — Барбара Радзівіл каранаваная ў Кракаве як польская каралева.

1921 — з ініцыятывы Браніслава Тарашкевіча ў Радашкавічах утворана Таварыства беларускай школы.

1941 — Японія атакуе амэрыканскую вайскова-марскую базу Пэрл-Харбар, ЗША ўступаюць у Другую сусьветную вайну.

1988 — у землятрусе ў Сьпітаку (Армэнія) загінула больш за 25 тысяч чалавек.

1988 — Ясір Арафат прызнае права Ізраіля на існаваньне.

У гэты дзень нарадзіліся

1878 — Аляксандар Астрамовіч, беларускі каталіцкі сьвятар, паэт.

1907 — Мікалай Дворнікаў, адзін з кіраўнікоў камуністычнага падпольля ў Заходняй Беларусі.

1912 — Мікалай Раманоўскі, дэкан геаграфічнага факультэту БДУ, навуковец у галіне эканамічнай геаграфіі.

1928 — Радзім Гарэцкі, беларускі вучоны-геоляг, грамадзкі дзяяч.

1941 — Васіль Ліцьвінка, зьбіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклёру.

1955 — Віктар Вараб'ёў, беларускі вясьляр, заслужаны майстар спорту.

1977 — Дамінік Говард, ударнік брытанскага рок-гурту Muse.

У памяці

1735 — памёр Аляксандар Мікалай Гараін, рымска-каталіцкі дзяяч ВКЛ, біскуп у розныя гады віленскі, смаленскі, жамойцкі.

1943 — загінуў Вацлаў Іваноўскі, беларускі грамадзкі і палітычны дзяяч.

Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі

Сьціхотна робіцца, калі задумваесься, колькі талентаў і інтэлектуальных сілаў мы аддалі суседзям, часта атрымліваючы ад іх на падзяку нежаданьне нават прызнаваць, што ёсьць на сьвеце такі народ – беларусы. Своеасаблівым сымбалем гэтых стратаў ёсьць шляхецкая сям’я Іваноўскіх. З чатырох братоў два, Станіслаў і Юры, сталі перакананымі палякамі, яшчэ адзін, Тадэвуш, – літоўцам. На шчасьце, Беларусь не аддала чацьвертага брата – Вацлава.

Выпускнік Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, у дваццаць дзевяць гадоў доктар навук, ён замест яснай і гладкай кар’еры абраў непрадказальны шлях беларускага дзеяча.

Ён быў сярод заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Ствараў першае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» і быў яго кіраўніком. Пісаў у «Нашу Ніву» (псэўданім Вацюк Тройца). Дарэчы, гэта Іваноўскі стаў ініцыятарам увядзеньня ў беларускую лацінку літараў Č, Š, Ž, якія адрозьнівалі б яе ад польскай.

У жыцьці Вацлава Іваноўскага здараліся пэрыяды, калі ён адыходзіў ад грамадзка-палітычнай дзейнасьці й заглыбляўся ў сваю ўлюбёную навуку – хімію. Але беларушчына не адпускала.

Ён быў дэлегатам Першага Ўсебеларускага зьезду, займаў пасаду міністра асьветы ва Ўрадзе БНР на чале з Антонам Луцкевічам і ўдзельнічаў у перамовах з палякамі, імкнучыся прадухіліць падзел Беларусі паміж Польшчай і савецкай Расеяй. Тым часам ягоны брат Станіслаў, баронячы польскія інтарэсы, меў заданьне схіліць Урад БНР да калябарацыі, а Тадэвуш – ужо Тадас Іванаўскас – быў эмісарам літоўскага ўраду ў Шчучыне. (Юры стане называцца Ежы і зробіцца міністрам у польскім урадзе.)

У гады Другой усясьветнай вайны Іваноўскі зноў вярнуўся да палітычнай дзейнасьці: узначальваў Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, уваходзіў у Цэнтральную Раду Беларускай народнай самапомачы, быў намесьнікам старшыні Беларускага навуковага таварыства.

Прызначаны акупацыйнымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Менску, Іваноўскі тым ня менш падтрымліваў сувязі як зь незалежніцкімі беларускімі коламі, так і з Арміяй Краёвай. З улікам гэтых акалічнасьцяў вэрсія пра забойства Іваноўскага савецкімі партызанамі не выглядае цалкам пераканаўчай. У сьмерці надзвычай аўтарытэтнага беларуса былі ня меней зацікаўленыя і самі нацысты.

За савецкім часам ягоная магіла на менскай Кальварыі была занядбаная. Сапраўдны надмагільны помнік Вацлаву Іваноўскаму зьявіўся толькі ў 2006-м. Улады тут, вядома, ні пры чым: грошы на ўшанаваньне памяці выдатнага беларускага дзеяча сабрала разам з аднадумцамі жыхарка Менску Людміла Ліцьвінава.

Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды


1972 — памёр Васіль Тарасенка, беларускі археоляг, кандыдат гістарычных навук.

1988 — памёр Леанід Пракопчык, беларускі краязнавец, пісьменьнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG