У заяве для сайту championat.com арганізатары падкрэсьлілі, што былі вымушаныя прыбраць тры экіпажы мазаўцаў з гонкі паводле рашэньня францускіх уладаў — сядзіба A.S.O. месьціцца ў Францыі. Тры экіпажы «МАЗ-СПОРТаўта» значыліся ў папярэднім сьпісе ўдзельнікаў грузавога заліку, аднак затым зьніклі зь яго.
Сёлета ў ліпені Эўразьвяз увёў чацьвёрты пакет санкцый супраць беларускага рэжыму. Акрамя шэрагу чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, пад абмежаваньні трапілі і некалькі прадпрыемстваў, уключна зь Менскім аўтазаводам. Кіраўніцтва прадпрыемства падало пазоў на Раду Эўразьвязу аб «беспадстаўным рашэньні», аднак плёну гэта не прынесла.
«Дакар-2022» пройдзе 2–14 студзеня наступнага году ў Саудаўскай Арабіі. «МАЗ-СПОРТаўта» рэгулярна ўдзельнічаў у гонцы з 2012 году, апошнім часам змагаючыся за прызавыя месцы. Найлепшыя вынікі — срэбра і бронза лідэра каманды Сяргея Вязовіча ў 2018 і 2020 гадах адпаведна.