Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праваабаронцы Стэфановіча пагоршыўся зрок. Настаўнік гісторыі Пятроўскі выцягвае корд з гумы. Навіны палітвязьняў 20 лістапада


Андрэй Пятроўскі
Андрэй Пятроўскі

Настаўнік гісторыі Андрэй Пятроўскі, якога асудзілі на паўтара года калёніі за паклёп на Лукашэнку, працуе на ўчастку перапрацоўкі гумы, паведаміў тэлеграм-канал «Право имеют».

«Выцягваю мэталакорд з слаёў гумы, а гуму скручваем у шары ці валікі. У канцы зьмены здаём. Норма — 1 кіляграм. Норму ці перавыконваю, ці амаль выконваю. Шмат залежыць ад гумы, якую прывозяць з Бабруйскага шыннага камбінату», — напісаў ён у лісьце

Жыцьцё настаўніка гісторыі са Смаргоняў Андрэя Пятроўскага кардынальна зьмянілася пасьля таго, як ён паказаў выпускному клясу «экстрэмісцкі» відэаролік пра Канстытуцыю. Яго спачатку звольнілі, а 25 жніўня асудзілі за паклёп на Лукашэнку.

У праваабаронцы Валянціна Стэфановіча пагоршыўся зрок за кратамі

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

«Зараз я акрамя газэт нічога не чытаю, даў сваім вачам адпачынак. Мне падаецца, зрок у мяне ўпаў, дробныя літары цяжкавата чытаць», — цытуе ліст Стэфановіча «Вясна».

Валянцін Стэфановіч лічыць, што да канца лютага, на які заплянаваны рэфэрэндум, «сытуацыя будзе заставацца цяжкай, усё будзе жорстка і рэпрэсіі будуць працягвацца». Магчыма, напружаньне захаваецца і да наступных прэзыдэнцкіх выбараў, якія могуць адбыцца і ў 2025 годзе, разважае ў лісьце Стэфановіч. Але далей у будучыню глядзіць з аптымізмам.

«Веру, што зьмены не за гарамі. Мы назіраем пачатак заходу гэтай эпохі, нават зыходзячы зь ліміту часу для вядомага пэрсанажа. Так што вы яшчэ на сваім веку засьпееце гэтыя зьмены і перамены», — напісаў Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч — намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна». Яму 49 гадоў. Яго затрымалі 14 ліпеня і абвінавацілі спачатку ў арганізацыі беспарадкаў, а пазьней — і ў няплаце падаткаў.

Сямёра вясноўцаў цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні. Гэта старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, ягоны намесьнік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзь Лабковіч, каардынатарка валянтэраў Марфа Рабкова, актывісты з Гомлі Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца ды валянтэр Андрэй Чапюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG