Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Удзячная ідэолягу за звальненьне». Што кажуць беларусы, якія засталіся бяз працы «праз палітыку»


Акцыя пратэсту ў Менску 16 жніўня 2020 году
Акцыя пратэсту ў Менску 16 жніўня 2020 году

За апошнія паўтара года многіх беларусаў пазвальнялі «за палітыку». Сытуацыя ў кожнага ўнікальная. Унівэрсальнасьць гісторый у тым, што зь лёгкасьцю звальнялі як унікальных адмыслоўцаў зь вялізным досьведам, так і маладых спэцыялістаў. Прычым з аднолькавай фармулёўкай: «Вы самі ўсё разумееце».

Супрацоўніца Нацыянальнага банку, памежнік, рабочы, выкладчык музыкі, супрацоўніца дзяржаўнага тэлебачаньня расказалі Свабодзе пра свае «палітычныя звальненьні».

«Страціла працу ў банку, усьлед за ёю — інтэрнат. Пачала ўсё з нуля»

30-гадовая Анастасія сем гадоў працавала ў банках. У верасьні 2020 году атрымала пасаду галоўнага спэцыяліста ў юрыдычным упраўленьні Нацыянальнага банку. Яна з Наваградку. У Менску ад працы атрымала інтэрнат.

«Хадзіла на маршы ў Менску. Потым была на маршы ў Горадні, за што атрымала штраф. 15 лістапада 2020 году мяне, як і многіх беларусаў, затрымалі на „плошчы Перамен“, на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Атрымала 15 сутак. У ізалятары захварэла на каранавірус. Таму пасьля вызваленьня пайшла на бальнічны, лячылася. У сьнежні вярнулася на працу — пад клявіятурай ляжаў блянк звальненьня па ўласным жаданьні. Потым мне патэлефанавала начальства. Размова была кароткая: мы з табой сёньня разьвітваемся. Ці па ўласным жаданьні, ці будзе па-дрэннаму, выбірай. Я не хацела канфліктаваць, таму ў той жа дзень мяне звольнілі», — расказала Анастасія.

Яна кажа, што кіраўніцтва гаварыла пра «загад зьверху». Але калегі з банкаў спачувалі ёй і дапамагалі.

Анастасію «папрасілі» з інтэрнату, дзе яна жыла па хадайніцтве наймальніка.

«Давялося ўсё пачынаць з нуля. Некалькі месяцаў я не магла знайсьці працу. Толькі ў сакавіку нарэшце ўладкавалася працаваць у прыватную кампанію, юрыстам. Потым на мяне „праваахоўныя органы“ спрабавалі „павесіць“ нейкую абразу. Пачалі выклікаць на допыты, нагадвалі, што я маю „народны артыкул 23.34“, я разумела, што мяне ў спакоі не пакінуць», — кажа Анастасія.

Цяпер яна ў Славаччыне, у працэсе атрыманьня часовага віду на жыхарства. У Славаччыне невялікая дыяспара беларусаў. «Але кожны аўторак мы ходзім пад амбасаду Беларусі, праводзім акцыі салідарнасьці», — дадала беларуска.

Яна кажа, што і простыя славакі, і мясцовыя актывісты ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі і спачуваюць беларусам.

«Мне здаецца, што ў бліжэйшыя гады я не змагу вярнуцца дахаты. Кожны чалавек, які меў хоць якое дачыненьне да пратэстаў, трапляе пад увагу „праваахоўных органаў“. Мая пазыцыя такая, што чым менш людзей будзе сядзець у турмах, тым лепш. Пра сябе магу сказаць, што я ні пра што не шкадую. Адно шкадую, што мы не дабіліся пакуль сваёй мэты», — кажа Анастасія.

«У турме з „былымі“ з розных органаў абыходзяцца вельмі жорстка»

Андрэй (імя зьменена, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) служыў да звальненьня памежнікам.

«Я адкрыта выказваў сваю пазыцыю — і быў звольнены за гэта. Тады яшчэ, летась і на пачатку 2021 году, прынамсі з памежнікамі „цацкаліся“. Кіраўніцтва прасіла „падумаць“, выклікалі на гутаркі, прасілі „выправіцца“. Цяпер, як я ведаю, ніхто ні з кім не цырымоніцца — звальняюць адразу. Асабліва тых памежнікаў, якія цяпер адмаўляюцца дапамагаць мігрантам. Так, ёсьць такія загады, і ёсьць тыя, хто ня хоча гэта рабіць. Што тычыцца мяне, то мяне звольнілі за „парушэньне ўмоў кантракту“. Гэта проста — злавіць ці падлавіць чалавека на нейкіх парушэньнях і звольніць. Зь дзяржаўнай структуры лёгка можна звольніць любога чалавека», — кажа Андрэй.

Бяз працы ён не застаўся. Кажа, што меў іншую працу ўжо праз тры дні, як быў звольнены.

Андрэй ня мае расчараваньня — ні ад свайго звальненьня, ні ад усяго, што адбылося напярэдадні.

«Калі б можна было адматаць час назад — я ні пра што не шкадую і рабіў бы тое самае. Я які быў, такі і застаўся. Дый людзі, якіх я ведаю, засталіся на сваіх прынцыпах. Адзінае цяпер, што стараюся менш высоўвацца. Галоўная задача цяпер — захаваць сябе, таму што ў турмах да „былых“ з розных органаў ставяцца надзвычай жорстка», — кажа Андрэй.

«Шкадую толькі аб адным — што раней не сышла з тэлебачаньня»

Марына (імя зьмененае, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) больш за 20 гадоў працавала на адным з каналаў дзяржаўнага тэлебачаньня.

«Я ўвосень 2020 году актыўна выказвалася, як на Facebook, так і ў нашых тэлевізійных чатах. Але ня я адна, нас было вельмі шмат — тых, хто быў за перамены. Але мяне ня звольнілі, проста пачакалі да сканчэньня кантракту і не працягнулі яго. Наколькі я ведаю, „адказны за ідэалёгію“ нават прынёс на мяне цэлую папку кампрамату, каб сказаць кіраўніцтву: „Глядзіце, вы што, каго вы трымаеце на працы!“. Папраўдзе, у нас многіх не звальнялі, чакалі, пакуль скончыцца кантракт, і тады разьвітваліся зь імі. Або прымушалі перапісаць кантракт тэрмінам на шэсьць месяцаў. Я страціла працу тры месяцы таму», — кажа Марына.

Пасьля звальненьня яна спрабавала знайсьці іншую працу, пагатоў мае дзьве вышэйшыя адукацыі.

«Мне сказалі, што я нікуды не ўладкуюся. На дзяржаўныя службы мне шлях закрыты. Нават на прыватнае радыё мне закрыты шлях. Раней нашых з тэлебачаньня ахвотна бралі ў расейскія СМІ. Я таксама паспрабавала. Але адказ быў такі, што возьмуць толькі на прапагандысцкую працу. Што ж, мне 50 гадоў, але я цяпер перавучваюся на іншую прафэсію. Мне ў гэтым дапамагае ініцыятыва „Честные люди“. Ужо знайшла працу», — кажа Марына.

Яна дадае, што не шкадуе пра звальненьне.

«Шкадую толькі, што не зрабіла гэтага раней. Канечне, гэта праца, якой я аддала палову жыцьця. Але цяпер мне рэальна лягчэй дыхаць. Я нават сказала б „дзякуй“ ідэолягу за звальненьне. Бо працуеш, прыкіпеў да месца, і самому цяжка часам звольніцца. Цяпер на дзяржаўным тэлебачаньні наступаюць цяжкія часы. Чаму? Таму што вось зрабілі такую перадачу „X-фактор“ — „дорага, багата“. І цяпер праз гэта тэлевізійнікам рэжуць ганарары. Бо аклады ў нас малыя, асноўныя заробкі — ганарары. А тут Бузавай трэба плаціць. А грошы дзе браць? Вось рэжуць ганарары», — дадала Марына.

Яна ўпэўненая, што не прападзе. «Былі б у чалавека мазгі — знойдзе працу», — кажа жыхарка Менску.

«Я ня мушу паміраць на гэтай працы»

25-гадовы Аляксей рабіў на «ГроднаАзоце». Адпрацаваў там пяць гадоў. 26 кастрычніка 2020 году далучыўся да забастоўкі.

«Спачатку нас было на прахадной каля, можа, трохсот чалавек, потым неяк многія разышліся. Недзе каля сотні чалавек заставаліся на прахадной. Я так зразумеў, што забастоўка такая 26 кастрычніка была ня вельмі ўдалая, і вырашыў далей нешта рабіць на сваім месцы і ў прававым полі. Напрыклад, у нас забаронена прымаць зьмену, калі ёсьць паломкі ці парушэньні. А такое — спрэс. 27 кастрычніка я сказаў начальству, што зьмену ня буду прымаць, бо смурод, і зафіксавана парушэньне нормаў па аміяку. Начальства што зрабіла? Проста адключыла абсталяваньне, якое фіксуе парушэньні, загазаванасьць. А мяне вывелі з аховай за тэрыторыю. Начальства сядзіць вышэй, і ім няма справы, што тут загазаванасьць і людзям цяжка дыхаць. Мяне мала таго, што вывелі з тэрыторыі і на маё месца тут жа паставілі іншага чалавека, але яшчэ і прымусілі мяне пісаць тлумачальную — на якой падставе я быў на працы ў непрацоўны час! Паставілі прагул і звольнілі», — кажа Аляксей.

Разам з такімі ж звольненымі рабочымі і з дапамогай незалежнага прафсаюзу ён судзіўся за незаконнае звальненьне.

«Але суд стаў не на наш бок. Я казаў у судзе, што я магу адмовіцца ад працы, калі там неспрыяльныя ўмовы, загазаванасьць — я ня мушу паміраць на працы! Але судзьдзя не пачуў нас», — дадаў былы работнік заводу.

Так ён застаўся бяз працы. Атрымаў дапамогу ад розных фондаў. У верасьні 2021 году Аляксея затрымалі як сьведку па справе «Рабочага руху».

«Забралі тэлефон, лаптоп, пагражалі, што могуць перавесьці са статусу сьведкі ў статус абвінавачанага. Калі вызваліўся, то доўга ня думаў і зьехаў зь Беларусі ў Польшчу», — кажа Аляксей.

Пра звальненьне ён не шкадуе.

«Пра свой выбар я не шкадую. Шкадую, што такая сытуацыя ў нас у Беларусі, што настолькі ўсё несправядліва! Крыўдна ад такой сытуацыі. Цяпер, як я бачу гэтыя крывадушныя заявы ўладаў, што яны так пераймаюцца за мігрантаў... Ды яны ніколі не пераймаліся за ўласных грамадзян, за бясьпеку на прадпрыемствах! Таму страшна падумаць, што можа быць з тымі мігрантамі на мяжы», — дадаў Аляксей.

У Польшчы ён ужо знайшоў працу.

«Крыўдна, што раней не сышоў»

Сяргею амаль 50 гадоў. Усе ягоныя працы былі зьвязаныя з аддзеламі культуры і адукацыі. Працаваў настаўнікам у школе, выкладчыкам гітары ў музычнай школе. Апошнюю працу меў у музычнай школе ў адным з райцэнтраў Беларусі.

«З 2015 году працаваў у гэтай музычнай школе. Кантракт працягвалі без пытаньняў. Не было заўваг і па працы. Пасьля падзей 2020 году кантракт не працягнулі. Дырэктар сказаў, што яму далі вусны загад на мяне, вось і ўсё. Справа была ў тым, што ўвосень мінулага году я пісаў заявы на выканкам, каб дазволілі правесьці санкцыянаваную акцыю. І плюс назіраў на выбарах. Ну, і з жонкай атрымалі раз „народны артыкул 23.34“ і штраф. Гэта аказалася дастатковым, каб мне не працягнулі кантракт», — кажа Сяргей.

Ён дадае, што калектыў шкадаваў пра ягонае звальненьне.

«Я лічу, што ўсё, што ні робіцца, — робіцца да лепшага. Шукаў працу па спэцыяльнасьці нават у суседніх райцэнтрах. Але мне сказалі, што такіх, як я, на працу не бяруць. Знайшоў цяпер усё-ткі працу. На хлеб з малаком зарабляю. Не шкадую ні пра што. Я ня тое што спадзяюся — я веру ў перамены да лепшага. Таму што дыктатуры на тое заплянаваныя, каб разваліцца», — дадаў жыхар райцэнтру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG