Швэдзкі эканаміст і дыплямат Андэрс Осьлюнд разам з польскім эканамістам Янам Хагемэерам падрыхтавалі для варшаўскага Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў дакумэнт «Санкцыі ЭЗ стасоўна Беларусі як эфэктыўны інструмэнт палітыкі».
У гутарцы з Радыё Свабода Осьлюнд патлумачыў, чаму выступае за максымальна жорсткія і хуткія санкцыі.
Тэзісы Осьлюнда:
- Рост беларускай эканомікі прыблізна на два працэнты сёлета, пасьля спаду на адзін працэнт летась, — гэта фактычна стагнацыя.
- З 2012 году ў Беларусі можна гаварыць пра поўную стагнацыю эканомікі. Эканамічная сыстэма Лукашэнкі не дазваляе эканамічнага росту.
- Лукашэнка, а ня санкцыі, — галоўная праблема для эканомікі Беларусі. Насельніцтва будзе пакутаваць у любым выпадку.
- Лукашэнка цалкам залежыць ад Расеі. Чым больш адыёзным ён робіцца, тым даражэй для Расеі яго падтрымліваць.
- Выглядае, што Расея ня вельмі хоча захопліваць тэрыторыю Беларусі, бо яны ня хочуць мець мноства ворагаў на сваёй тэрыторыі.
- Трэба яшчэ больш падняць цану падтрымкі Лукашэнкі для Расеі. Лічу, што трэба ўводзіць максымальныя санкцыі.
- Санкцыі трэба ўводзіць не паступова, а максымальна хутка. Іх мэта — каб Лукашэнка сышоў з улады, а ня каб ён палепшыў свае паводзіны.
- У мінулыя гады абмежаваныя санкцыі супраць Лукашэнкі мелі станоўчы эфэкт, але год таму мы пабачылі, што Лукашэнка страціў усялякую легітымнасьць, і цяпер ужо зусім іншая сытуацыя.
- Пуцін пачаў ахвотна сустракацца з Лукашэнкам толькі ад лютага, калі праз паўгода пасьля так званых выбараў Лукашэнка больш-менш аднавіў кантроль над краінай. Для Пуціна павольныя, паступовыя санкцыі больш выгадныя.
- Я ня веру, што ўзровень пратэстаў не залежыць ад сытуацыі ў эканоміцы. Я жыў у Маскве як швэдзкі дыплямат з 1984 па 1987 год, і агульная думка тады была, што тут нічога не мяняецца ніколі. Але, як вядома, усё адбылося ня так.
- Рэжым Пуціна таксама зламаецца. Я не магу сказаць калі, але, верагодна, гэта будзе пазьней за рэжым Лукашэнкі.
- Расея цяпер, верагодна, дае Беларусі 2 мільярды даляраў на год. Валавы нацыянальны прадукт Беларусі цяпер каля 60 мільярдаў. Пятнаццаць гадоў таму Расея давала штогод каля 6 мільярдаў, гэта 10 працэнтаў ад ВНП.
- Для параўнаньня — Расея дае Крыму з фэдэральнага бюджэту 5 мільярдаў даляраў штогод і 4 мільярды даляраў Данбасу.
- Узровень жыцьця ў Расеі зьніжаецца — за апошнія сем гадоў гэты ўзровень зьнізіўся на 11 працэнтаў. Калі гаварыць пра падтрымку Расеяй Лукашэнкі, дык пытаньне ў тым, наколькі Пуцін гатовы сапсаваць жыцьцё для сваіх грамадзян.
- Санкцыі трэба было ўводзіць хутчэй, але я зьдзіўлены, што эўрапейскія санкцыі больш жорсткія за амэрыканскія і што іх увялі раней. Я быў уражаны сэктаральнымі санкцыямі і санкцыямі супраць крымінальных сяброў Лукашэнкі, якія Эўразьвяз увёў у чэрвені.
- Асабліва мне спадабалася, што яны ўвялі санкцыі супраць Міхаіла Гуцэрыева — галоўнага расейскага алігарха, які дзейнічае ў Беларусі. Варта таксама ўвесьці санкцыі супраць такіх людзей, як Дзьмітры Мазепін і Герман Грэф, бо яны ўліваюць расейскія дзяржаўныя грошы ў Беларусь.
- Я жыву ў Вашынгтоне і бачу, што амэрыканцы лічаць: Беларусь — гэта перадусім эўрапейская праблема. Яны чакаюць, што Эўропа будзе дзейнічаць першай.
- Думаю, што санкцыі будуць узмацняцца, бо Лукашэнка ня робіць нічога добрага — толькі рэпрэсіі.
- У адказ на міграцыйны крызіс можна ўводзіць санкцыі супраць авіякампаніяў, якія перавозяць мігрантаў у Беларусь.
- Найперш трэба ўводзіць санкцыі супраць фінансавага сэктару — супраць дзяржаўных банкаў Беларусі, бо яны працуюць на дзяржаўныя кампаніі, якія кантралюе Лукашэнка. Але таксама і супраць расейскіх дзяржаўных банкаў у Беларусі.
- Калі адным пакетам уводзіць маштабныя санкцыі, я б назваў тры асноўныя пункты:
- Крымінальныя сябры Лукашэнкі і ягонай сям’і. Трэба адсачыць іх грошы, якія, верагодна, знаходзяцца ў Дубаі.
- Дзяржаўныя фінансы Беларусі.
- Дзяржаўныя фінансы Расеі, зьвязаныя зь Беларусьсю, і тыя алігархі, якія спрабуюць купіць беларускія прадпрыемствы за расейскія дзяржаўныя грошы.