Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такія розныя мігранты. Як спагадаць ім, але ня даць сябе падмануць


Мігранты на беларуска-польскай мяжы каля Брузгоў
Мігранты на беларуска-польскай мяжы каля Брузгоў

Як ставіцца да мігрантаў? Хто яны: абяздоленыя няшчасныя людзі, ратаваць якіх — маральны абавязак Эўропы, ці хітраватыя і цынічныя аматары любой цаной прарвацца праз эўрапейскую мяжу, дасягнуць заможнай Заходняй Эўропы і там жыць за кошт шчодрых сацыяльных дапамог?

Гэтыя пытаньні нечакана сталі ледзь не самымі злабадзённымі для многіх беларусаў. Пра гэта сёньня спрачаюцца, сварацца і нават лаюцца ў сацыяльных сетках. Бо мігранты ня недзе далёка, а тут, побач, на суседняй вуліцы, за вокнамі беларускіх дамоў.

Калі табе сапраўды пагражае небясьпека з прычыны палітычных поглядаў, калі на цябе палююць, як на загнанага зьвера, ты будзеш рады нават намёту ў лесе і місцы гарачага супу — абы гэта было бясьпечнае месца, куды па цябе ня прыйдуць, каб надзець кайданкі. І ты ня будзеш асабліва зважаць, што за краіна за вакном — багатая Нямеччына ці ня надта заможная, але блізкая табе мовай і культурай Ярданія (ці Лібан, ці Эгіпет, ці тузін іншых арабскіх краін — бедных, але цалкам бясьпечных. Адкуль ня гоняць братоў па веры і дзе, калі будзеш працаваць, не памрэш ад голаду).

Гляджу відэа ў сацыяльных сетках. Маналёгі мігрантаў, якія ці то толькі спрабуюць прабіцца праз калючую агароджу ў раёне Брузгоў, ці ўжо нейкім чынам прабіліся, але былі нагнаныя польскімі памежнікамі недзе пасярод кукурузнага поля ля Кузьніцы.

— У нас нічога няма. Нам холадна. Мы хочам есьці і піць... Мы хочам эўрапейскай дапамогі.

— Хацелася б, каб наш голас пачулі ўсе журналісты ў Эўропе, асабліва ў Нямеччыне, каб нехта прыехаў нас уратаваць ад гэтага кепскага становішча.

— Але ў вас у Польшчы мы заставацца ня хочам, пусьціце нас далей, у Нямеччыну, а яшчэ лепей у Брытанію...

Была Нямеччына, а стане Курдыстан у цэнтры Эўропы?

Чаго большасьць зь іх дакладна ня хоча, дык гэта доўгіх месяцаў (а то і гадоў) у польскім міграцыйным лягеры. Хоць нібыта ўсё тут гарантавана: дах над галавой, чыстая пасьцель, трохразовае гарачае харчаваньне... Рана ці позна ўсе абставіны тваёй справы вывучаць, дасьледуюць, прымуць рашэньне.

Магчыма, ёсьць сярод іх і тыя, хто сапраўды ўцякае ад рэальнага палітычнага перасьледу, каму ў выпадку вяртаньня на радзіму пагражае турма альбо нават сьмерць. Як адрозьніць адных ад другіх? Як не парушыць высокія гуманітарныя стандарты эўрапейскай цывілізацыі і адначасова не захліснуцца ад патокаў некантраляванай эканамічнай міграцыі, не стварыць праблемаў уласным краінам і народам?

Хуткага і простага адказу на гэтыя пытаньні няма. Дакладней, яго няма ў цывілізаваным дэмакратычным сьвеце. Пры дыктатуры такую праблему, як слушна піша беларуская прапаганда, можна вырашыць кіўком галавы аднаго ўсім вядомага пэрсанажа: «Па пстрычцы пальцамі да заўтрашняй раніцы мігрантаў на тэрыторыі Беларусі можа ня быць» (цытата зь дзяржаўнага тэлеканала АНТ). Сёньня беларускія «сілавікі» гоняць тысячы мігрантаў, як быдла, штурмаваць польскую мяжу, а заўтра яны ж могуць гэтак жа загнаць іх у самалёты і гвалтам усіх адправіць туды, адкуль прывезьлі. Чалавечае жыцьцё пры дыктатуры мала каштуе, скалечанымі людзкімі лёсамі тут не пераймаюцца.

Менавіта таму ніхто зь мігрантаў ня рвецца заставацца ў Беларусі.

А што ж у тым свабодным і заможным сьвеце, які так вабіць сыноў і дачок усходніх стэпаў і пустэльняў? Так, яны маюць права на спагаду і базавую элемэнтарную дапамогу ў бядзе: на чысты ложак у цёплым месцы, на кавалак хлеба і міску супу. Але гэтак жа краіна, у якую яны так ірвуцца, мае права адстойваць уласныя інтарэсы — нацыянальную ідэнтычнасьць, дабрабыт, будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Ва ўрадаў гэтых краін ёсьць абавязак найперш перад уласнымі грамадзянамі — і ён больш важны за спагаду да чужых грамадзянаў, якімі б няшчаснымі яны ні выглядалі.... Калі настане такі момант (а ён можа настаць), калі больш як палову насельніцтва, напрыклад Нямеччыны, складуць, напрыклад курды, то гэта ўжо будзе не Нямеччына — гэта будзе Курдыстан у цэнтры Эўропы.

300 эўра і зваротны квіток у Эрбіль

Немагчыма патрабаваць ад пастуха авечак зь берагоў Тыгра, што ён будзе разьбірацца ў тонкасьцях палітычнай гульні, якую вядзе ці то Лукашэнка, ці то нехта іншы. Але нейкія базавыя рэчы, выбіраючыся за тысячы кілямэтраў ад сваёй радзімы, ён павінен разумець. Што, калі табе ў адказ на твае сьлёзы і выгляд твайго малога дзіцяці працягнулі руку дапамогі, ты ня можаш адштурхоўваць гэту руку з тае прычыны, што кавалак хлеба ў ёй здаўся табе недастаткова вялікім ці смачным.

Маральная каштоўнасьць і перавага эўрапейскіх прынцыпаў у вырашэньні праблемы мігрантаў — тое, што тут, як гэта ні складана, спрабуюць прыгледзецца да кожнага лёсу. І дапамагчы таму, каму сапраўды пагражае сьмяротная небясьпека. Нават калі гэта толькі адзін з тысячы тых, хто качуюць сёньня ўздоўж беларуска-польскай ці беларуска-літоўскай межаў.

Літва і Польшча ня надта багатыя краіны. І тым ня менш усе, хто законным чынам папросяць тут дапамогі, атрымаюць яе. У межах разумнага, зразумела. Усе галодныя будуць накормленыя, замерзлыя — абагрэтыя, а распранутыя атрымаюць адзеньне. Але потым, калі высьветліцца, што вы ратуецеся не ад палітычнага перасьледу і сьмерці, а ідзяце толькі дзеля таго, каб сесьці на шыю нямецкаму ці брытанскаму падаткаплатніку, жыць за кошт шчодрага эўрапейскага «сацпакета» — то выбачайце. Успрымайце як норму тое, што вас ветліва возьмуць за руку і — накормленага, апранутага і сагрэтага — пасадзяць у самалёт, пакладуць на дарогу 300 эўра ў кішэню і выправяць туды, адкуль вы прыляцелі — у Эрбіль, у Багдад, у Масул. Дзе вам рэальна нічога асаблівага не пагражае. Апроч ня надта заможнага побыту. Ну а хто ж яшчэ, апроч вас, грамадзянаў вашай уласнай краіны, павінен ствараць вам заможнае жыцьцё, адбудоўваць і парадкаваць зямлю, на якой вы нарадзіліся?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG