Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты — ахвяры ці халяўшчыкі? Дыскусія экспэртаў


Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Мігранты на беларуска-польскай мяжы

Што важней — права дзяржавы на ахову межаў ці гуманітарнае права ўцекачоў? Хто вызначае ступень невыноснасьці жыцьця мігрантаў на іх радзіме? Мігранты — ахвяры ці неадэкватныя людзі? Якія правілы можна парушаць?

Па гэтых пытаньнях на канале Свабода Premium спрачаюцца Пётра Рудкоўскі, палітоляг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, і Раман Урбановіч, дактарант сацыяльнай і культурнай антрапалёгіі Ўнівэрсытэту Хэльсынкі.

Тэза: Дзяржавы маюць права ахоўваць свае межы і не пускаць да сябе тых, каго ня хочуць.

Антытэза: Ёсьць міжнароднае гуманітарнае права, Жэнэўская канвэнцыя аб уцекачах: людзі, якія жывуць на радзіме ў невыносных умовах, маюць права шукаць прытулку ў бясьпечных краінах.

Рудкоўскі

  • Аналёгія з праблемай бяздомных.
  • Ёсьць імпэратыў, што трэба салідарызавацца зь людзьмі, якія знаходзяцца ў складаным становішчы.
  • Але ёсьць пытаньне спосабаў, як аказаць ім дапамогу.
Пётр Рудкоўскі
Пётр Рудкоўскі
  • Дапамагчы бяздомным можна было б, скасаваўшы прынцып замка.
  • Не замыкаць дзьверы, і каб бяздомны мог зайсьці ў любы дом і прытуліцца.
  • Але такі шлях паралізаваў бы магчымасьць аказваць рэальную дапамогу бяздомным.
  • Тая самая лёгіка мае месца і адносна міграцыі.
  • Нельга пагадзіцца з тым, што мігранты агрэсіўна штурмуюць межы.

Урбановіч

  • У мігранцкім крызісе на межах Беларусі мэта аднаго з бакоў — дасягнуць каляпсу працэдураў аказаньня дапамогі ўцекачам.
  • Для памежных службаў Літвы і Польшчы важна захоўваць непарушнасьць законных працэдураў.
  • Міжнародныя канвэнцыі дазваляюць нелегальнае перасячэньне мяжы з мэтай складаньня просьбы аб прытулку.
Раман Урбановіч
Раман Урбановіч
  • Пакуль чалавек не перасек мяжу, памежнік мае права перашкодзіць яму гэта зрабіць любым спосабам.
  • Але калі ён ужо перасек мяжу, міжнародныя канвэнцыі дазваляюць яму скласьці просьбу аб прытулку.
  • Справаздача Amnesty International расказвае пра тое, як польскія памежнікі незаконна выціскалі з Польшчы афганскіх мігрантаў.

Тэза: Мігранты неадэкватныя, яны самі сябе загналі ў пастку, яны як кліенты фінансавых пірамідаў. Самі вінаватыя, адказнасьць на іх саміх.

Антытэза: Мігранты — няшчасныя людзі, яны маюць права шукаць лепшага жыцьця так і там, як і дзе яны хочуць.

Урбановіч

  • Тут я згодны і з тэзай, і з антытэзай.
  • У іх сынтэзе палягае вастрыня гэтай драмы — чалавечай, сацыяльнай, філязофскай.
  • Рашэньне мігрантаў пайсьці на такі крок — рацыянальнае ў межах іх суб’ектыўнай лёгікі.

Рудкоўскі

  • Мігранты зьяўляюцца ахвярамі. Але хто нясе за гэта адказнасьць?
  • Безумоўна, частка адказнасьці ляжыць і на іх саміх, на тых, хто паддаўся гэтай апрацоўцы з боку беларускіх уладаў і іх прадстаўнікоў.
  • Калі зьяўляецца чалавек, які абяцае, што ты праедзеш у Беларусь і празь яе трапіш у Эўразьвяз, то многія паддаюцца на гэтыя абяцаньні.

Тэза: Ніякай вайны, пагрозы жыцьцю, павальнага голаду ў Курдыстане цяпер няма. У мігрантаў няма падставаў казаць пра невыносныя ўмовы жыцьця на радзіме.

Антытэза: Ступень невыноснасьці людзі вызначаюць самі. Калі яны, патраціўшы вялікія для іх грошы, выправіліся на край сьвету, значыць, несалодкае ў іх жыцьцё на радзіме.

Рудкоўскі

  • Кожны вызначае ступень невыноснасьці ўмоваў свайго жыцьця. Але іншыя могуць і не пагадзіцца з гэтым вызначэньнем.
  • У курдаў сытуацыя няпростая, яны — меншасьць у 4 краінах.
  • Пытаньне — ці рабілі яны спробы легальным спосабам трапіць у Эўропу, калі ў іх такая небясьпека жыцьцю?
  • Мы не абавязаныя ўпускаць у свой дом кожнага, хто абвесьціць сябе бяздомным.

Урбановіч

  • Заявы курдаў, што яны або трапяць у ЭЗ, або памруць у лесе ў Беларусі, не здаюцца мне цынічным падманам.
  • Я сустракаў меркаваньні ў беларускім ФБ, што намер мігрантаў — нахрапам атрымаць тое, чаго яны не зарабілі, абдурыць сыстэму.
  • Нехта зь іх, можа, і меў такую матывацыю.
  • Але сытуацыя, у якую яны трапілі цяпер — наўрад ці яны менавіта пра яе марылі.
  • Ёсьць шырэйшая праблема: усё больш людзей спрабуюць пакінуць глябальны Поўдзень у кірунку глябальнай Поўначы.
  • Нешта не ў парадку ў сьвеце.
  • Ці можна ўявіць, што палова сьвету хлусіць наконт таго, што яна жыве ў невыносных умовах?

Тэза: Мігранты дзейнічаюць, як беларускія ўлады — парушаюць агульнапрынятыя правілы.

Антытэза: Мігранты дзейнічаюць, як беларускія пратэстоўцы летась. Леташнія пратэсты не былі дазволеныя, яны таксама парушалі правілы, якія дзейнічалі ў Беларусі.

Урбановіч

Кожны закон можа трактавацца як справядлівы ці несправядлівы рознымі групамі людзей паводле розных прычынаў.

Калі мы бяром фармальную літару закону, то беларускія пратэстоўцы летась яго парушалі.

Але ўсім зразумела, чаму так адбывалася: быў шырокі кансэнсус значнай часткі грамадзтва, што гэты закон несправядлівы.

Я мяркую, што міжнародныя правілы перасячэньня межаў успрымаюцца прынамсі часткай мігрантаў як несправядлівыя.

Рудкоўскі

  • Што тычыцца пратэстаў, то ёсьць канстытуцыйнае права мірна зьбірацца і выказваць сваю думку.
  • Што тычыцца аналёгіі з рэжымам, то адна справа — калі правілы парушае субʼект улады, які мае шмат сілы, а іншая — калі парушае шараговы, звычайны чалавек.

Тэза: Прынцып першай бясьпечнай краіны: мігранты, трапіўшы ў Беларусь, павінны прасіць прытулку ў Беларусі.

Антытэза: Якая ж бясьпечная? ЭЗ кажа, што небясьпечная, санкцыі ўводзіць.

Рудкоўскі

  • Тое, што ў Беларусі перасьледуюць палітычных апанэнтаў, ня робіць яе небясьпечнай для мігрантаў.
  • Абсалютна бясьпечных краінаў няма. Але калі гаварыць пра адносную бясьпеку для мігрантаў, то адносна бясьпечныя краіны для іх — і Беларусь, і Расея.

Урбановіч

  • Я б не сказаў, што Беларусь — нават адносна бясьпечная краіна для мігрантаў.
  • Яна і да цяперашняга палітычнага крызісу не была для іх надта бясьпечнай.
  • У інтэрнэце можна знайсьці паасобныя зьвесткі пра становішча, у якім былі ўцекачы ў Беларусі ў папярэднія гады.
  • Адносна іх міліцэйскі гвалт ужываўся значна часьцей, чым адносна сярэдняга абываталя і нават апазыцыйнага абываталя.

Міграцыйны крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG