Нямецкі Цэнтар усходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў ZOiS апублікаваў вынікі онлайн-апытаньня беларусаў.
У дасьледаваньні ўдзельнічала каля 2 тысяч чалавек ва ўзросьце 16-64 гады, якія пражываюць у гарадах з насельніцтвам больш за 20 тысяч чалавек.
Апытаньні праводзіліся двойчы: у сьнежні 2020 году і ў чэрвені 2021-га.
Беларусаў спыталі аб іх стаўленьні да бягучай палітычнай сытуацыі ў краіне, пасьля чаго падзялілі на групы:
- 14,5% — «моцныя прыхільнікі рэжыму»,
- 15,9% — «памяркоўныя прыхільнікі рэжыму»,
- 16,1% — «тыя, што ня вызначыліся»,
- 11,3% — «памяркоўныя крытыкі рэжыму»,
- 42,2% — «моцныя крытыкі рэжыму».
Апытаньні, праведзеныя ў вышэйзгаданых адрэзках часу, паказалі, што істотных зьменаў у колькасьці прадстаўнікоў кожнай катэгорыі не адбылося.
Колькасьць «моцных крытыкаў рэжыму» нязначна зьнізілася, а лічба «тых, што ня вызначыліся» вырасла.
На пытаньне, які найлепшы выхад зь цяперашняга палітычнага тупіку, большасьць рэспандэнтаў назвала новыя выбары. У сьнежні такі адказ далі 43% удзельнікаў апытаньня, а ў чэрвені 2021 году ўжо каля 53%. Канстытуцыйная рэформа таксама працягвае заставацца на высокай пазыцыі ў рэйтынгу адказаў.