Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: Расея пастаўляла гранатамёты, снайпэрскія вінтоўкі і міны сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны


Снайпэрскія вінтоўкі. Ілюстрацыйнае фота
Снайпэрскія вінтоўкі. Ілюстрацыйнае фота

Дасьледаваньне зброі і боепрыпасаў паказала, што Расея сыстэматычна «разьдзімае канфлікт» на ўсходзе Украіны пастаўкамі зброі.

Пра гэта піша The New York Times са спасылкай на справаздачу кампаніі Conflict Armament Research, прафінансаваную Эўразьвязам і ўрадам Нямеччыны.

Дасьледчыкі вывучылі маркіроўку, сэрыйныя нумары і іншыя апазнавальныя знакі 4793 адзінак боепрыпасаў для стралковай зброі і 43 адзінак зброі, знойдзеных на палях бітваў з 2014 па 2019 год.

Знойдзеная зброя, на думку дасьледчыкаў, магла зьявіцца толькі з расейскіх вайсковых арсэналаў. Напрыклад, яны выявілі некалькі тыпаў гранатамётаў, снайпэрскіх вінтовак і наземных мін, якія ніколі не знаходзіліся на ўзбраеньні Ўзброеных сіл Украіны. Такім чынам, гэтая зброя не магла быць захопленая і выкарыстаная сэпаратыстамі. Акрамя таго, дасьледчыкі знайшлі і спэцыялізаванае ўзбраеньне, напрыклад, расейскую заводзкую прыладу, якая выбухае пры спробе абясшкодзіць міну.

Аўтары дакладу ўказваюць на тое, што, напрыклад, аўтаматы Калашнікава, якія былі знойдзены падчас канфліктаў у іншых краінах і зьяўляюцца паўсядзённай зброяй многіх баевікоў, звычайна зьбіраюцца з дэталяў некалькіх аўтаматаў, і сэрыйныя нумары кампанэнтаў не супадаюць адзін з адным. У выпадку з аўтаматамі, выкарыстанымі сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны, такога не заўважана: у вінтовак былі аднолькавыя дэталі, што паказвае хутчэй на больш прамы шлях паставак ад заводу да поля бою.

У справаздачы гаворыцца, што сэпаратысцкія сілы на ўсходзе Ўкраіны — «больш, чым апалчэнцы, узброеныя зброяй, атрыманай у спадчыну ад былога Савецкага Саюзу».

Расейскія ўлады і расейскія вытворцы зброі не адказалі на запыты аўтараў дасьледаваньня, якія прасілі іх пракамэнтаваць гэта.

  • Канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году. Тады часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны выйшлі з-пад кантролю Кіева. Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў падтрымцы ўзброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Масква ўсе абвінавачаньні адхіляе, у тым ліку абвінавачаньні ў пастаўках зброі на ўсход Украіны.
  • Улетку 2014 году ў Данецкай вобласьці Ўкраіны быў зьбіты самалёт малайзійскіх авіяліній МН17, у выніку чаго загінулі 298 чалавек — грамадзяне 17 дзяржаў. Паводле вэрсіі Міжнароднай сумеснай сьледчай групы, самалёт быў зьбіты ракетай, выпушчанай устаноўкай «Бук» расейскай вытворчасьці, разьмешчанай непадалёк ад гораду Сьнежнае на тэрыторыі, якую кантралявалі сэпаратысты самаабвешчанай «ДНР», а сама ўстаноўка належала 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе расейскай СПА з Курску. Паводле вэрсіі сьледчых, устаноўку даставілі на тэрыторыю «ДНР» з Курскай вобласьці Расеі незадоўга да стрэлу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG