Юрыстка, праваабаронца з каманды Human Constanta Наста Лойка тлумачыць, якія зьмены ўнесеныя ў закон, ці можна падпісвацца на «экстрэмісцкія» сайты, як ня трапіць у шэрагі «экстрэмістаў».
«Відавочна, што заканадаўства профільна мянялася пад запыты ГУБАЗіКа»
— На вашу думку, чым абумоўленыя зьмены ў заканадаўстве, пасьля якіх пашыраны панятак экстрэмізму?
— Мы і раней адзначалі занадта шырокае і няпэўнае вызначэньне панятку «экстрэмізму» ў беларускім заканадаўстве, якое даўно пачалі выкарыстоўваць як рэпрэсіўны інструмэнт.
Зьмены, якія ўступілі ў сілу 15 чэрвеня, дадалі да вызначэньня 6 новых пунктаў і пашырылі яшчэ 2. На маю думку, зьмены ў заканадаўстве ў цэлым, прынятыя ў красавіку парлямэнтам, накіраваныя на большую прававую магчымасьць для рэпрэсіўных захадаў і прыцясьненьня іншадумства ў любой форме. Відавочна, што гэтае заканадаўства профільна мянялася пад запыты ГУБАЗіКа. Такія пашырэньні штучна ствараюць новую глебу для працы сілавікоў.
Больш падрабязна зьмены мы разьбіралі ў аглядзе тут.
Крымінальная адказнасьць ня толькі за стварэньне і кіраваньне, але і за ўдзел
— У заканадаўстве зьявіліся новыя, нязвыклыя для беларусаў тэрміны: экстрэмісцкія фармаваньні, экстрэмісцкія арганізацыі і гэтак далей. У чым іх адрозьненьне?
— Так, ёсьць пэўная блытаніна. Трэба адрозьніваць, што такое экстрэмісцкія фармаваньні, экстрэмісцкія арганізацыі, што такое экстрэмісцкія матэрыялы і сымболіка з атрыбутыкай, і што такое, напрыклад, заблякаваныя сайты (з розных прычын).
Калі гаварыць пра экстрэмісцкія фармаваньні, то гэта новы тэрмін, зусім нядаўна ўведзены ў заканадаўства. Тэрмін уводзіцца для таго, каб перасьледаваць нефармальныя ўтварэньні грамадзян.
І асноўны выклік у тым, што сапраўды гэта спрэчная працэдура. Экстрэмісцкія фармаваньні прызнае МУС і КДБ. Працэдура замацаваная ў пастанове Савету міністраў ад 12 кастрычніка 2021 году. Прычым прапісана, што абскарджваць можна ў тым жа МУС.
За экстрэмісцкія фармаваньні прадугледжана крымінальная адказнасьць. Прычым раней, да ўнясеньня паправак, адказнасьць па артыкуле 361-1 КК была толькі за стварэньне і кіраваньне, а цяпер адказнасьць ёсьць і за ўдзел у такіх фармаваньнях.
І фармальна ўдзелам улады могуць палічыць падпіску на пэўныя каналы альбо камэнтаваньне падзей. І таму, калі навінавы сайт прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем, калі людзі будуць там штосьці камэнтаваць, то фармальна на іх могуць завесьці крымінальную справу па артыкуле 361-1. Пакуль такіх прэцэдэнтаў мы ня бачылі, але ў любы момант улады могуць скарыстацца гэтым.
«Мы бачым, што заканадаўствам аб экстрэмізьме ўжо зьбіраюцца злоўжываць»
— А чаму цяпер ня суд, а МУС, КДБ маюць права прызнаваць структуры экстрэмісцкімі?
— Гэта выключна палітычны крок. Даецца больш паўнамоцтваў таму ж ГУБАЗіКу, каб спрасьціць гэтую працэдуру. Зразумела, нічым гэта не абгрунтоўваецца, гэта адвольнае дзеяньне. Калі мы паглядзім, хто ўжо ў сьпісе экстрэмісцкіх фармаваньняў, то, напрыклад, там ёсьць нейкі чат Ждановічаў, у якім 4 чалавекі — наўрад ці гэта цягне на сур’ёзнае экстрэмісцкае фармаваньне.
Дарэчы, экстрэмісцкімі арганізацыі прызнае суд, і яны будуць у адным сьпісе з экстрэмісцкімі фармаваньнямі, МУС павінен іх туды ўнесьці. Яшчэ будзе сьпіс індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх будзе таксама прызнаваць суд. А таксама сьпіс фізычных асобаў — іх будуць прызнаваць экстрэмістамі, калі ў іх ёсьць судзімасьць па тым, што лічыцца экстрэмісцкім артыкулам. Прычым нідзе ў заканадаўстве няма дакладнага пераліку, што лічыцца экстрэмісцкімі артыкуламі.
У нас ёсьць сьмешная гісторыя. Нядаўна выйшла пастанова Саўміну, што пэўны від пэнсіі за асабістыя заслугі можна скасаваць, калі чалавек асуджаны за экстрэмісцкія артыкулы. Мы напісалі запыт у Савет Міністраў, што лічыцца экстрэмісцкімі артыкуламі, той пераслаў ліст у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Нам даслалі даволі дзіўны адказ, што паколькі ў пастанове СМ гэта дакладна не прапісана, то за любое злачынства чалавек можа быць пазбаўлены гэтай пэнсіі. То бок мы бачым, што гэтым заканадаўствам аб экстрэмізьме ўжо зьбіраюцца злоўжываць.
За падпіску пакараць ня могуць, але могуць знайсьці іншую нагоду
— У заяве МУС адзначаецца, што «дзеяньні стваральнікаў, кіраўнікоў экстрэмісцкага фармаваньня, а таксама яго ўдзельнікаў утвараюць склад злачынства ў межах артыкула 361-1 КК Беларусі». Чытачы, гледачы, падпісчыкі на тэлеграм-канал — таксама «ўдзельнікі фармаваньня»? Ці могуць пакараць падпісчыкаў, якія наступствы для іх?
— Доўгі час была спрэчка: ГУБАЗіК напісаў, што ёсьць адказнасьць за падпіскі на каналы, прызаныня «экстрэмісцкімі матэрыяламі», сайты; МУС — што няма адказнасьці за падпіскі.
Практыкі, каб людзей прыцягвалі да адказнасьці за падпіскі, пакуль няма — менавіта паводле артыкула 19.11 КаАП. Але часам, калі бачылі ў людзей такія падпіскі, на іх складалі пратаколы па іншых артыкулах: хуліганства, пікетаваньне. Таму фармальна, калі пабачаць — могуць пакараць у іншай форме.
Ці забаронена падпісвацца? Тэрміну «забаронена» няма ў заканадаўстве. У прынцыпе, гэта проста спроба абмежаваць свабоду слова, свабоду выказваньняў, свабоду сходаў і асацыяцый. Але фармальна ўлады могуць трактаваць падпіску на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі, як фармальны ўдзел і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 361-прым.
Я думаю, што адсачыць усіх падпісчыкаў будзе складана, бо гэта занадта шмат людзей. Але выбарачна — я дапускаю, што яны могуць кантраляваць. Бо затрымліваюць людзей ужо другім наваратам, хто раней быў ужо пакараны. І проста відавочна, што ў сілавікоў шмат прафэсійнага рэсурсу, рэальна няма каго перасьледаваць, і яны могуць заняцца такімі сьпісамі.
Блякаваньне сайту не азначае, што ён «экстрэмісцкі»
— Часта мы сустракаем інфармацыю, што заблякаваны нейкі навінавы сайт. Ці азначае гэта, што заходзіць на яго небясьпечна?
— Блякаваньне сайту не азначае, што сайт у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта можа азначаць, што Міністэрства інфармацыі з сваёй ініцыятывы вырашыла гэты сайт заблякаваць — зь любой фармулёўкай. Сайтам гэтым можна карыстацца з дапамогай VPN, друкаваць адтуль штосьці, камэнтаваць. Адказнасьці за прагляды няма, сайты проста заблякаваныя дзеля нязручнасьці, каб немагчыма было зайсьці без VPN.
«Гэта яшчэ адна вайна зь „Белсатам“»
— Якія наступствы тэарэтычна могуць быць для «Белсату», які ўчора прызналі экстрэмісцкім, улічваючы, што само прадстаўніцтва тэлеканалу знаходзіцца за мяжой? Ці маюць права шукаць былых супрацоўнікаў, фрылансэраў, якія працавалі на «Белсат», і прыцягваць да адказнасьці?
— Што тычыцца «Белсату», могуць завесьці крымінальную справу на кіраўніцтва, каб забараніць ім уезд у Беларусь. Калі хтосьці застаецца ў Беларусі, гэта будзе распаўсюджвацца і на іх. Гэта яшчэ адна вайна зь «Белсатам». Мы ведаем, колькі іх ужо перасьледавалі.
І яшчэ адзін нюанс: тое, што матэрыялы зь іх сайту былі прызнаныя экстрэмісцкімі, азначае, што саму назву «Белсат», а таксама лягатып «Белсату» выкарыстоўваць ня варта, бо за гэта могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 19.11 КаАП.