Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто ня меў падпісак на „дэструктыўныя чаты“ — таго ГУБАЗіК сам падпісваў». Аповед затрыманага за «экстрэмізм»


Аляксандар з Гомля летась пасьля атрыманьня дыплёму ўнівэрсытэту імя Сухога
Аляксандар з Гомля летась пасьля атрыманьня дыплёму ўнівэрсытэту імя Сухога

Некалькі дзён у Гомельскай вобласьці «працаваў» ГУБАЗіК. Вынікам сталі брутальныя затрыманьні дзясяткаў беларусаў за падпіскі на «дэструктыўныя чаты». За што хапалі людзей, як зь імі абыходзіліся і ці сапраўды яны «экстрэмісты» — у размове Свабоды з адным з затрыманых.

«Схапілі на працы, нагамі заштурхалі ў аўто»

25-гадовы Аляксандр летась скончыў Гомельскі тэхнічны ўнівэрсытэт імя Сухога. Уладкаваўся на працу ў «Гомельэнерга». 25 кастрычніка быў панядзелак, працоўны дзень.

«Я ўжо лічыў дні да пераводу на іншую працу, апэратарам, такая „беларуская мара“. Бо там добра плацяць. 25 кастрычніка да мяне на працу прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК у цывільным. Падхапілі пад рукі і пацягнулі. Папярэдзілі: „Зараз убачыш людзей у чорным — не глядзі ім у вочы, а то табе будзе капец“. Убачыў. Насустрач выбеглі тыя самыя „людзі ў чорным“ у масках, і на мяне пасыпаліся ўдары. Потым нагамі яны заштурхалі мяне ў аўто. Пачалі выпытваць пароль ад тэлефона, выкручвалі рукі так, што і цяпер да некаторых пальцаў не вярнулася адчувальнасьць. Білі, крычалі, зьдзекаваліся. Было відаць, што ім падабаецца прычыняць боль, яны, так бы мовіць, любяць сваю працу», — кажа Аляксандар.

У ягоным Тэлеграме міліцыя знайшла падпіску на Zerkalo — былы партал Tut.by, прызнаны экстрэмісцкім.

«Міліцыянты пачалі мне прыпісваць нейкі камэнтар, нібыта я пісаў, што трэба захопліваць апорныя пункты міліцыі, забіраць там зброю. Трызьненьне. Сказалі, калі я ня здам сваіх сяброў — „змагароў“, то пайду па крымінальным артыкуле. Тым часам прыехалі да мяне дадому на вобшук. Там была жонка. У яе забралі тэлефон і знайшлі падпіску на „НЕХТА“. Яна даўно падпісалася і забылася, нават не чытала. Бо яна ні ў чым ня ўдзельнічала. Яны абрадаваліся: „О, наш кліент!“. На вобшуку забралі лэптоп, бо на ім была маленькая налепка з Пагоняй», — кажа жыхар Гомля.

«Патрабавалі раскаяцца на відэа, але я адмовіўся»

Ад Аляксандра патрабавалі пасьля вобшуку падпісаць дакумэнты, але ён адмовіўся.

«Тады яны сказалі, што як не хачу па-добраму, то будзе па-дрэннаму. Павялі зноў у аўто, там білі, круцілі рукі, пагражалі, што блага зробяць маёй жонцы. Яны ўсё задавалі дзіўныя пытаньні, крыкам: „Колькі табе заплацілі, хто, прызнавайся“, хоць не тлумачылі — за што заплацілі, і адказаў, відаць, не чакалі», — кажа малады чалавек.

Яго, як і жонку, і іншых затрыманых, прывезьлі ў Чыгуначны РАУС Гомля. Там паставілі на расьцяжку і забаранялі шавяліцца. Калі шавяліўся — білі. Затым Аляксандра «перадалі» супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС.

«У тых ужо работа кіпела ва ўсю, над экстрэмістамі. Мне да гэтага супрацоўнікі ГУБАЗіК прапанавалі пакаяцца на камэру, але я адмовіўся. Тады адзін зь іх падскочыў да мяне з бруднай лаянкай: „Ох ты ж сука, бл...ць!“. Па выніку я сказаў на камэру толькі свае дадзеныя і дзе я працую. Але яны, калі выпусьцілі відэа, на ім паказалі чужую, ня нашу кватэру. Яшчэ такі момант, што яны самі падпісалі мяне на тэлеграм „ГУБОП“, і ў міліцыі аказалася, што на гэты канал яны ўсіх падпісваюць, каго затрымаюць. Вось так падпісчыкаў сабе набіраюць. У аддзеле міліцыі доўга ламалі галаву — каму што напісаць. Па выніку пісалі „распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў“. Тым, хто не адразу, скажам, разблякаваў тэлефон — яшчэ і непадпарадкаваньне», — кажа Аляксандар.

У Чыгуначным РАУС Аляксандар сустрэў шмат людзей, якія таксама трапілі пад «спэцапэрацыю ГУБАЗіК». «Са мной у аддзеле апынуліся дызайнэр, праграміст, інжынэр-будаўнік, студэнтка Лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Палова з затрыманых наогул ня мела ніякіх падпісак, але вынаходлівыя хлопцы з ГУБАЗіК зь лёгкасьцю гэта выпраўлялі. Падпісалі самі чалавека, ад яго імя перасылалі нейкія матэрыялы, рабілі здымак экрану — і гатова. Прычым, скажам, чалавек у 9.28 падпісаўся на нейкі канал, а ў 9.30 ужо быў затрыманы міліцыяй. Небывалая апэратыўнасьць!» — кажа жыхар Гомля.

«Можа, ты ідэолягу не падабаесься, дык ён цябе здасьць»

Аляксандар не зразумеў сыстэмы ці лёгікі, па якой затрымлівалі людзей.

«Са мной быў чалавек, ён ня меў падпісак, але яго „прынялі“. Ён думаў усё — за што? Можа, толькі за тое, што ён нядаўна прыехаў з Польшчы. Пра сябе я таксама не зразумеў. Адзінае, што летась я яшчэ вучыўся ва ўнівэрсытэце, і там была спроба зладзіць акцыю. Мы проста выйшлі і стаялі каля ВНУ. Праўда, потым мяне цягалі ў дэканат, дапытваў КДБ, выклікалі ў міліцыю. Хутчэй за ўсё, бралі людзей, якія хоць недзе „засьвяціліся“. Ці, напрыклад, ты не падабаесься ідэолягу на прадпрыемстве. Ён на цябе пакажа як на нядобранадзейнага — і ўсё. Я думаю, у іх ёсьць пэўная база неляяльных», — мяркуе жыхар Гомля.

Зь міліцыі затрыманых павезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У аўто было вельмі душна, не хапала паветра. Кіроўцу прасілі прачыніць дзьверы.

Гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня, архіўнае фота
Гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня, архіўнае фота

«Але ён адказаў: „Тут усюды камэры, і мяне могуць пазбавіць прэміі праз вас, і мая жонка не атрымае грошы“. А, ну добра, раз так. То пацерпім, канечне. У самім ІЧУ нас распраналі, там было вельмі холадна, яшчэ і падганялі: „Хутчэй, змагар’ё!“. Ежы не давалі тыя двое сутак, пакуль мы там былі. Ну, і матрацаў і бялізны, зразумела, таксама не давалі. У ізалятары я сустрэў „палітычных“, якія адседзелі ўжо там па 30 сутак, і на іх пасьля распачалі крымінальныя справы», — дадаў Аляксандар.

«Паложана — дык жары!»

Затрыманыя спадзяваліся хоць на якое сьняданьне, але ім не далі ранкам ежы.

«Сказалі: „Не паложана!“. Калі адзін мой таварыш сказаў, што „паложана“, то канвойны адказаў: „Паложана — дык жары!“.

Калі нас павезьлі нарэшце ў суд, то нас было 12 чалавек. Аднаму было вельмі блага — у яго выдаленая падстраўнікавая залоза, а ён ня еў двое сутак. Калі мы пачалі скардзіцца, то канвойныя толькі адпускалі цынічныя жарты, кшталту: „Ну што, дзед, яшчэ не памёр?“. Па выніку са скандалам яго забрала з суду хуткая, ён ужо траціў прытомнасьць.

Першыя выходзілі з так званага суду з „суткамі“. Каму давалі 7, каму 15. Але на мне сыстэма нешта зламалася. Я пачаў даказваць судзьдзі, што пратакол складзены непраўдзіва, што я ні ў чым не вінаваты. Што ў пратаколе напісана, што мяне затрымалі дома, але на мне рабочая вопратка „Гомельэнэрга“. Па выніку мяне адпусьцілі і сказалі чакаць позвы ў суд. Адпусьцілі і жонку», — расказаў Аляксандар.

«У Беларусі толькі міліцыя добра працуе, але яны ж не вытворчасьць тавараў ці паслуг»

Родныя параілі Аляксандру і ягонай жонцы зьяжджаць. Яны паехалі ў Маскву, адтуль у Кіеў, і далей ва Ўроцлаў.

«Я ня думаю, што бліжэйшым часам нешта зьменіцца ў Беларусі. Можа, частка людзей, як іх называюць — „памяркоўныя“, заслугоўваюць такога кіраўніцтва краіны. Актыўных — ці пасадзілі, ці прымусілі зьехаць з краіны. І гэта людзі, якія маглі нешта зрабіць для эканомікі! Па выніку цяпер у Беларусі добра працуе толькі міліцыя. Але ж яны — не вытворчасьць тавараў ці паслуг, толькі катаваньне і беззаконьне», — дадаў Аляксандар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG