Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першы палёт». Што вядома пра беларусаў з экіпажу АН-12, які разьбіўся пад Іркуцкам


На месцы катастрофы
На месцы катастрофы

Сёньня пад Іркуцкам у Расеі разьбіўся самалёт АН-12 авіякампаніі «Гродна», які ляцеў зь Якуцку ў Іркуцк. На борце знаходзіліся, паводле ўдакладненай інфармацыі, 9 чалавек, усе яны загінулі. У складзе экіпажа былі трое беларусаў — штурман Андрэй Сяргееў, інжынэры Дзьмітры Гарманенка і Максім Карпук.

Пра іх распавядае партал Zerkalo.io.

Штурману Андрэю Сяргееву было 39 гадоў. Па словах знаёмых, яны з жонкай выхоўвалі дваіх дзяцей.

— З 1996-га па 2000-ы мы з ім вучыліся ў адной роце ў сувораўскай вучэльні. Потым ён паступіў у Ваенную акадэмію на авіяцыйны факультэт, затым служыў у ВПС, — распавядае адзін са знаёмых Сяргеева. — У мінулым годзе звольніўся на цывільную службу. Наколькі памятаю, пайшоў ён тады ў «РубіСтар» (беларуская грузавая авіякампанія).

Па словах знаёмай Андрэя, мужчына родам з Барысава. Апошнія гады да звальненьня з войска служыў вайсковым штурманам у частцы пад Менскам.

— Андрэй вельмі пазытыўны чалавек. Чалавек, які любіў неба. Ён вельмі радаваўся, што перайшоў у цывільную авіяцыю. Быў шчасьлівы, што зараз зможа шмат лётаць, — кажа яго знаёмая. — Распавядаў, што лётае ў Эўропу і па Беларусі.

Знаёмыя Андрэя Сяргеева не ведаюць, як даўно ён працуе ў авіякампаніі «Гродна».

— А ён не казаў, чаму вырашыў перайсьці ў грамадзянскую авіяцыю?

— Як я разумею, выслугі было дастаткова для атрыманьня вайсковай пэнсіі. Многія так і робяць, — дзеліцца здагадкамі знаёмы Андрэя.

Пра інжынэра Дзьмітрыя Гарманенку вядома няшмат. У 2001 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную авіяцыйную акадэмію, вучыўся на спэцыяльнасьці «Тэхнічная эксплюатацыя лятальных апаратаў».

У сакавіку 2018-га «Транспартны весьнік» пісаў, што Дзьмітры Гарманенка працуе ў авіякампаніі «Горадня» з 2004 года. На той момант ён кіраваў участкам па тэхабслугоўваньні самалётаў. «Для нас асноўнае — гарантаваць бясьпеку людзей, тэхнікі, грузаў, — казаў тады ён. — Авіяцыя памылак не даруе, таму кантроль у нас вельмі строгі».

Самы малады беларус у экіпажы Ан-12 — авіяцыйны інжынэр Максім Карпук. Яму было 26 год. Ён скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі, па спэцыяльнасьці «Тэхнічная эксплюатацыя авіяцыйнага абсталяваньня».

Пасьля выпуску, расказаў адзін з яго аднагрупнікаў, вярнуўся ў Горадню, працаваў у мясцовай авіякампаніі: у асноўным на зямлі, займаўся абслугоўваньнем самалётаў.

«Наша Ніва» апублікавала гутарку з бацькам Максіма Карпука.

Мужчына кажа: «Мы зьвязваліся з сынам праз Вайбэр пару дзён таму. Ён пазваніў, калі яны прыбылі ці то ў Сургут, ці то Ўсурыйск. Усё было нармальна. Сын, праўда, казаў, што дакладна не ведаў, чаго яны туды лятуць».

Па словах бацькі, сын расказваў, што нейкі плянавы рамонт перад вылетам самалёт прайшоў, ніякіх скаргаў на ляйнэр не было.

«Максім скончыў тэхнікум у Менску, пасьля атрымаў яшчэ адну адукацыю, стаў інжынэрам у мінулым годзе. Ён ня лётаў звычайна, працаваў на месцы. Яго праца — рамантаваць самалёт. Гэта быў яго першы палёт, першая камандзіроўка, бо патрэбныя інжынэры былі недзе на курсах, не было каго адпраўляць».

Пра гібель сына бацька Максіма Карпука даведаўся ад журналістаў. Прадстаўнікі авіякампаніі зь ім пакуль не зьвязваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG