Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі памянялі закон аб вяртаньні банкаўскіх укладаў. Што новага


Банк у Менску, ілюстрацыйнае фота
Банк у Менску, ілюстрацыйнае фота

Свабодныя грошы агенцтва, якое гарантуе вяртаньне ўкладаў цяпер могуць пераводзіць у аблігацыі Банку разьвіцьця. Чым гэта небясьпечна?

4 кастрычніка Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла зьмены ў закон «Аб гарантаваным вяртаньні банкаўскіх укладаў (дэпазытаў) фізычных асобаў.

Што зьмяняецца

Найперш павялічваецца час, у які магчыма зьвярнуцца па вяртаньне банкаўскага дэпазыту: з двух да пяці гадоў. Такую меру фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб называе станоўчай.

«Гэта пазытыўная мера, гэта тэрмін, у які пасьля банкруцтва банку ўкладчык можа зьвярнуцца па свае грошы, каб іх яму вярнулі», — патлумачыў экспэрт.

Скарачаецца з аднаго месяца да 7 дзён (з даты падачы заявы аб выплаце кампэнсацыі) тэрмін выплаты кампэнсацыі банкаўскіх укладаў.

Таксама свабодныя сродкі агенцтва, якое займаецца вяртаньнем укладаў, цяпер могуць укладвацца ў аблігацыі Банку рэканструкцыі і разьвіцьця.

Што небясьпечнага

Раней свабодныя сродкі агенцтва гарантаванага вяртаньня ўкладаў маглі ўкладвацца ў аблігацыі Нацыянальнага банку і Міністэрства фінансаў.

Цяпер да гэтага сьпісу дадаўся Банк рэканструкцыі і разьвіцьця, які часта падтрымлівае стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Напрыклад, банк доўгі час займаўся дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі.

«Аблігацыі Банку разьвіцьця, хутчэй за ўсё, будуць выдавацца на доўгія тэрміны. Асноўны доўг вяртаецца па сканчэньні аблігацыі. Гэта значыць, патоку наяўных грошай у агенцтва па вяртаньні ўкладаў амаль ня будзе, апроч адсоткаў па аблігацыях. Ці можна аблігацыі прадаць на другасным рынку, пытаньне адкрытае. У выпадку банкруцтва нейкага банку, калі агенцтву спатрэбяцца жывыя грошы, а будуць толькі аблігацыі, невядома, як іх хутка перавесьці ў грошы і разьлічвацца з укладчыкамі», — кажа Вадзім Іосуб.

Што чакае ўкладчыкаў

Агенцтва вяртаньня ўкладаў зможа накіроўваць частку свабодных грошай на аблігацыі Банку разьвіцьця. У якім аб’ёме, невядома. Па законе грошы ўкладчыкаў нельга вяртаць у выглядзе аблігацый.

«Закон прадугледжвае вяртаньне ўкладаў у выглядзе грошай, а не аблігацый. Сытуацыя, калі ўкладчыкі ня змогуць вярнуць свае ўклады, ня зможа адбыцца заўтра-пасьлязаўтра. Для гэтага мусіць здарыцца масавае банкруцтва банкаў, пры якім у агенцтва вяртаньня ўкладаў не застанецца для ўсіх вольных грошай, а толькі аблігацыі Банку разьвіцьця. Толькі ў такой сытуацыі змогуць узьнікнуць складанасьці пры разьліку з укладчыкамі», — гаворыць Вадзім Іосуб.

На думку старшага навуковага супрацоўніка Beroc Льва Львоўскага, «такая зьмена можа абцяжарыць крызіс, калі ён наступіць».

«Ці можна назваць інвэстыцыйны пакет Банку разьвіцьця бясьпечным? Не. Яны засяроджаныя на Беларусі, яны часта робяць палітычныя інвэстыцыі, зыходзячы з палітычных перакананьняў. А сродкі „на чорны дзень“ укладаюцца ў даволі рызкоўныя інвэстыцыі. Сама такая зьмена ў закон не выклікае крызісу, але калі ён наступіць, то яна можа абцяжарыць яго», — падсумоўвае Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG