Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праўда, што Ўкраіна не выконвае запытаў Беларусі, як заяўляў генпракурор Швед?


Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, архіўнае фота
Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, архіўнае фота

У канцы верасьня генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што суседнія краіны ігнаруюць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні і не адказваюць на запыты ягонага ведамства па ўсіх злачынствах, у тым ліку зьвязаных з карупцыяй. Сярод такіх краін ён назваў дзяржавы Балтыі, Польшчу і Ўкраіну.

Свабода разьбіралася, ці адпавядае гэтая заява рэчаіснасьці і якія запыты не выконвае, у прыватнасьці, Украіна.

Што такое міжнародная дапамога і як яна адбываецца

Паводле беларускага заканадаўства, з запытам па міжнародную прававую дапамогу да замежных дзяржаў могуць зьвяртацца:

  • Генэральная пракуратура,
  • Вярхоўны суд
  • Міністэрства юстыцыі

Па сутнасьці, гаворка ідзе аб тым, што гэтыя органы просяць аналягічныя ведамствы іншых краін правесьці на сваёй тэрыторыі працэсуальныя дзеяньні, неабходныя для расьсьледаваньня крымінальных, грамадзянскіх ці адміністрацыйных справаў і іхнага судовага разгляду, а таксама для выкананьня судовага рашэньня ці выраку.

Па атрыманьні такога запыту або даручэньня адпаведны орган Украіны абавязкова зьвяртаецца ў суд па дазвол на выкананьне міжнароднай дапамогі.

Крадяжы з банкаўскіх картак

Толькі за апошні месяц украінскія суды розных рэгіёнаў разгледзелі каля сотні зваротаў Беларусі. Гэты вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестру судовых рашэньняў Украіны. Пры гэтым варта адзначыць, што ў ім публікуюцца далёка ня ўсе такія дакумэнты. Што праўда, у Беларусі яны ўвогуле не абнародуюцца.

Найбольшая частка беларускіх запытаў тычыцца кібэрзлачынстваў, у прыватнасьці крадзяжоў грошай з банкаўскіх картак беларусаў шляхам несанкцыянаванага доступу да рахункаў.

Найчасьцей такія выпадкі адбываюцца, калі беларусы праз інтэрнэт выстаўляюць на продаж свае рэчы — ад гульнявой прыстаўкі да мэблі. З прадаўцамі праз розныя мэсэнджары зьвязваюцца нібыта патэнцыйныя «пакупнікі», а папраўдзе злачынцы, якія, атрымаўшы рэквізыты картак, крадуць зь іх грошы. Праз сваю даверлівасьці беларусы страчваюць часам вялікія сумы — ад 100 рублёў да тысяч даляраў. Быў сама меней адзін выпадак, калі грамадзянка Беларусі сама пералічыла некалькі тысяч даляраў невядомаму грамадзяніну, зь якім пазнаёмілася ў Інтэрнэце, на квіток, каб той прыехаў да яе ў Беларусь.

Ва ўсіх гэтых выпадках ІР-адрас ці нумар мабільнага тэлефона былі ўкраінскімі. Найчасьцей суды абавязвалі мабільных апэратараў выдаць дакумэнты і анкетную інфармацыю пра асобаў, якія карысталіся гэтымі нумарамі. Але праблема ў тым, што дакладна вызначыць асобу магчыма толькі ў выпадку, калі яна карыстаецца мабільнай сувязьзю на падставе кантракту. Ва Ўкраіне дагэтуль можна набыць SIM-картку без пашпарта і афармленьня дамовы аб камунікацыйных паслугах.

Даўгі за навучаньне і алімэнты

Найбольшая колькасьць беларускіх даручэньняў тычыцца цывільных або адміністрацыйных справаў. Запыты, якія датычаць штрафаў, даўгоў, алімэнтаў і пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, выконваюцца.

Напрыклад, 4 кастрычніка адзін зь мясцовых судоў Днепрапятроўскай вобласьці прызнаў і даў дазвол на прымусовае выкананьне рашэньня беларускага суду па спагнаньні з грамадзяніна Ўкраіны 1 386 рублёў у даход дзяржавы за ўтрыманьне і навучаньне ягонага дзіцяці ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Таксама ў кастрычніку суд у Валынскай вобласьці абавязаў украінца сплаціць 972 рублі за ўтрыманьне ягонай дачкі ў Чэрвеньскім раённым сацыяльна-пэдагагічным цэнтры.

Крымінал і карупцыя

Ужо не адзін год у судах працягваюцца некалькі працэсаў, зьвязаных з экстрадыцыяй грамадзян Беларусі, якіх на радзіме абвінавачваюць у эканамічных злачынствах, хабарніцтве або ў распаўсюджваньні наркотыкаў.

Найбольш гучныя сярод іх - справа сям’і бізнэсоўцаў Шчарбініных: бацькі Генадзя і ягоных сыноў Кірыла і Ільлі. Пасьля затрыманьня ў лістападзе 2019 году усе яны знаходзяцца пад хатнім начным арыштам (з абавязкам начаваць па месцы жыхарства. - РС) і спрабуюць атрымаць статус уцекача, матывуючы свой перасьлед у Беларусі палітычнымі абставінамі. Двое зь іх былі атрымалі часовы прытулак на паўгода, але тэрмін прытулку скончыўся, і яны працягваюць судзіцца.

На адным з судовых пасяджэньняў Генадзь Шчарбінін заявіў, што ягоны перасьлед выкліканы тым, што ён удзельнічаў у апазыцыйных рухах і выбарчых кампаніях у 1990-2000-х гадах на баку альтэрнатыўных кандыдатаў, а таксама выявіў факты карупцыі і раскраданьняў з боку кіроўных асобаў ААТ «Нафтан» і вышэйшых дзяржаўных асобаў Беларусі.

Ужо амаль чатыры гады праводзіцца экстрадыцыйная праверка ў справе грамадзяніна Беларусі Вячаслава Кушнера, абвінавачанага ў «сыстэматычнай перадачы хабараў». Ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе і таксама спрабуе атрымаць ва Ўкраіне статус уцекача. Вячаслаў Кушнер праходзіў у рэзананснай справе беларускага бізнэсоўца, заснавальніка групы кампаній «Сармат-СТІ» Аляксандра Кныровіча і шасьці іншых супрацоўнікаў гэтага прадпрыемства. Аляксандар Кныровіч быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня. Пазьней пакараньне скарацілі на год. Сёлета ў жніўні ён выйшаў на волю і неўзабаве пакінуў Беларусь. Цяпер ён узначальвае напрамак міжнароднага бізнэсу стартап-хабу «Імагуру».

Больш за два гады трывае экстрадыцыйная справа бізнэсоўца Дзьмітрыя Дашука, якога абвінавачваюць у злачынствах супраць інфармацыйнай бясьпекі. Ягоныя адвакаты параўноўвалі гэтую справу са «справай БелТА», бо Дзьмітрыя Дашука абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага прадпрыемства РУП «Белмытсэрвіс». Цяпер ён вызвалены ўжо і з-пад хатняга арышту — можа свабодна перамяшчацца па Ўкраіне, але абавязаны па выкліку зьяўляцца ў суд і пракуратуру.

З 2014 году беларускія праваахоўныя органы шукалі грамадзяніна Беларусі Юрыя Зайцава, якога летась затрымалі ў Адэсе. Яго абвінавачваюць у стварэньні злачыннай арганізацыі, кантрабандзе і незаконным абарачэньні наркотыкаў і псыхатропаў.

Паводле матэрыялаў справы, Юры Зайцаў быў ідэолягам стварэньня і кіраўніком інтэрнэт-рэсурсаў, празь якія распаўсюджваліся наркотыкі і псыхатропы ў 2013–2014 гадах. Іншыя 16 удзельнікаў гэтай схемы продажу спайсаў асуджаныя ў Беларусі ў 2016 годзе на тэрмін ад 9 да 19 гадоў пазбаўленьня волі. Сам Зайцаў заявіў аб палітычным перасьледзе, а ў ягоную падтрымку пачаў выступаць «Беларускі дом ва Ўкраіне».

Анархісты і пратэстоўцы

У красавіку 2019 году ва Ўкраіне затрымалі беларускага анархіста Артура Кандратовіча. У Беларусі яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў праз абвінавачаньне ва ўдзеле ў акцыі супраць праваахоўных органаў: некалькі гадоў таму ў Івацэвічах Берасьцейскай вобласьці анархісты падпалілі рэклямны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні». Справа аб выдачы Кандратовіча таксама знаходзіцца ў судзе.

Сёлета стала вядома як мінімум пра тры запыты, якія датычаць удзельнікаў пратэставага руху, што пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Беларусь запытала анкетную інфармацыю пра грамадзян, якія нібыта пагражалі і абражалі начальніка Галоўнага ўпраўленьня ДАІ ў Беларусі Дзьмітрыя Карзюка (цяпер ён прызначаны намесьнікам міністра ўнутраных справаў), пагражалі намесьніку камандзіра віцебскага АМАПу Віталю Кушнеру , а таксама супрацоўніцы міліцыі грамадзкай бясьпекі ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага райвыканкаму — яна працуе інспэктарам у справах непаўналетніх.

Ва ўсіх гэтых выпадках суд дазволіў украінскім сьледчым забраць у мабільных апэратараў дакумэнты адносна тых нумароў тэлефонаў, зь якіх нібыта пагражалі. Але, як і ў выпадку з кібэрзлачынствамі, такую інфармацыю мабільны апэратар можа мець толькі ў выпадку кантрактнага выкарыстаньня кліентам мабільнага нумару, што малаімаверна ў выпадку з пагрозамі.

Сёлета ў траўні стала вядома аб выкананьні запыту Беларусі ў межах справы Мікалая Аўтуховіча. Што праўда, зь неафіцыйных крыніц. Пра гэта заявіў колішні камандзір добраахвотніцкага батальёна «Данбас», былы народны дэпутат Сямён Сяменчанка, калі яго арыштавалі.

Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што ня маюць інфармацыі, хто адсочваў перамяшчэньні і сустрэчы Мікалая Аўтуховіча ў Кіеве і запісваў ягоныя размовы, якія пазьней прагучалі ў фільме дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ «Тратыл пратэсту».

На якіх падставах могуць адмовіць у выкананьні запыту

Паводле ўкраінскага заканадаўства, запыт або даручэньне аб міжнароднай прававой дапамозе павінен адпавядаць патрабаваньням Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны і зьмяшчаць усе неабходныя доказы.

Запыт можа быць адпраўлены электронным, факсымільным або іншым сродкам сувязі. Але ўкраінскі бок выконвае і адказвае на яго толькі пасьля атрыманьня арыгіналу звароту. У адваротным выпадку адказу ня будзе.

Апроч таго, украінскае заканадаўства прадугледжвае абмежаваньне на выдаваньне інфармацыі пра контравыведную, апэратыўна-пошукавую дзейнасьць і дасудовыя расьсьледаваньні.

У верасьні на адпаведны запыт Свабоды Служба бясьпекі паведаміла, што не выконвае запытаў беларускага боку і ў тым выпадку, «калі ёсьць дастатковыя прычыны лічыць, што просьба аб міжнароднай прававой дапамозе накіраваная на перасьлед асобы за палітычныя перакананьні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG