Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага ва Ўкраіне беларускага анархіста вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі Артур Кандратовіч, затрыманы сёлета ў красавіку ва Ўкраіне і арыштаваны для экстрадыцыі ў Беларусь, вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе.

У Беларусі яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў акцыі супраць праваахоўных органаў: два гады таму ў Івацэвічах Берасьцейскай вобласьці анархісты падпалілі рэклямны шчыт з гербам Міністэрства юстыцыі і надпісам «Сіла закону ў яго выкананьні». Генэральная пракуратура Беларусі 12 красавіка накіравала ва Ўкраіну запыт на ягоную экстрадыцыю.

Увесь гэты час Артур Кандратовіч утрымліваўся ў Кіеўскім сьледчым ізалятары, а 14 жніўня Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева пастанавіў вызваліць яго з-пад варты пад асабістыя абавязацельствы: па першым патрабаваньні прыходзіць у пракуратуру, ня выяжджаць за межы населенага пункту, дзе ён пражывае, здаць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і іншыя дакумэнты, на падставе якіх ён можа выехаць з Украіны.

Суд палічыў, што трыманьне пад вартай ёсьць «празьмерным» захадам у дачыненьні да беларуса — ён трывалы час знаходзіцца ва Ўкраіне, жыве разам з жонкай у Кіеве, мае працу і не ўхіляецца ад экстрадыцыйнай праверкі, якую працягваюць праваахоўныя органы Ўкраіны.

Вядома, што Артур Кандратовіч зьвярнуўся ў міграцыйную службу Ўкраіны па атрыманьне статусу ўцекача або асобы, якой патрэбная дадатковая абарона.

Раней беларускія праваахоўнікі ў справе пра падпал рэклямнага шчыта затрымалі яшчэ двух анархістаў. У лютым 2018 году суд Івацэвіцкага раёну прызнаў іх вінаватымі і прызначыў кожнаму зь іх пакараньне ў выглядзе 3 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG