«На ліст Беларускай службы Радыё Свабода наконт сачэньня за грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і праслухоўваньнем ягоных размоў паведамляем пра адсутнасьць інфармацыі, якую запытвалі», — гаворыцца ў адказе, падпісаным начальнікам упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні з сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцёма Дзехцярэнкі.
У сваім запыце Беларуская служба Радыё Свабода прасіла адказаць на наступныя пытаньні:
- Ці былі датычныя супрацоўнікі СБУ да праслухоўваньня і сачэньня за грамадзянамі Беларусі і Ўкраіны на ўкраінскай тэрыторыі?
- Ці магчымыя былі такія дзеяньні з боку беларускіх спэцслужбаў і ці ўзгаднялі яны з СБУ такія дзеяньні?
- Хто і на якой падставе ажыцьцяўляў праслухоўваньне, і каму перадаваліся гэтыя запісы?
- Хто і на якіх падставах сачыў за Мікалаем Аўтуховічам ва Ўкраіне?
- Якім чынам запісы размоў трапілі ў Беларусь?
У фільме ОНТ былі прадэманстраваныя высакаякасныя тэлефонныя размовы зь нібыта экс-камандзірам добраахвотніцкага батальёну «Данбас» Сямёнам Сяменчанкам, з вэтэранам гэтага батальёну, былым грамадзянінам Беларусі Дзьмітрыем Палойкам, з уласьніцай кватэры, у якой нібыта жыў Мікалай Аўтуховіч у Кіеве, з прадаўцом украінскай крамы зброі, а таксама шэрагам неідэнтыфікаваных асобаў з указаньнем нумароў украінскіх мабільных апэратараў і з грамадзянкай Беларусі Аленай Васільевай, якая зьвярнулася ва Ўкраіне па статус уцекача.
Што папярэднічала
Сёлета ў траўні стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.
У прыватнасьці, КДБ хоча дапытаць беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Ўкраіну летась у верасьні, беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, а таксама шэраг грамадзян Украіны, зь якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 году.
Адпаведнае даручэньне КДБ накіраваў СБУ 24 лютага 2021 году, а празь месяц ва Ўкраіне арыштавалі Сямёна Сяменчанку паводле падазрэньня ў стварэньні прыватнай вайсковай кампаніі і ў тэрарыстычным акце. 14 ліпеня яго вызвалілі пад хатні арышт, але СБУ абскардзіла гэтае рашэньне, і 26 ліпеня экс-камандзіра батальёну «Данбас» зноў узялі пад варту.
У судзе Сямён Сяменчанка заявіў пра сувязь ягонай справы з запытам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і фабрыкацыяй аналягічнага расьсьледаваньня ў Беларусі супраць Мікалая Аўтуховіча.
«Гэта даручэньне, якое ў часе вайны КДБ краіны, кіраўніцтва якой не прызнана ўсім сьветам, выдае ўкраінскаму СБУ», — падкрэсьліў Сямён Сяменчанка.
Экс-камандзір батальёну «Данбас» таксама заявіў, што цягам усяго 2020 году ягоная кампанія бясьпекі працавала «ў якасьці структуры прыкрыцьця Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны».
«Канкрэтна — дапамагалі беларускім патрыётам, якія сюды прыяжджалі, бо чакалі ўварваньня Расеі ў Беларусь, як гэта адбылося ў 2014 годзе ва Ўкраіну, дапамагалі ім атрымаць навыкі самаабароны, тлумачылі, куды магчыма вывезьці сем’і на выпадак чаго. То бок фактычна мы зьяўляемся спэцыялістамі, і ўнікальнымі спэцыялістамі, па стварэньні атрадаў самаабароны, па стварэньні добраахвотніцкіх батальёнаў. І ў гэтай якасьці мы былі далучаныя Галоўным упраўленьнем выведкі Мінабароны», — патлумачыў Сямён Сяменчанка.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча» ў Беларусі
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.
Уладзімер Гундар і былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.