24 кастрычніка кампанія Microsoft заявіла, што апошняя хваля нападаў расейскай групы Nobelium нацэлена на «гандлёвых пасярэднікаў і іншых пастаўшчыкоў тэхналягічных паслуг» хмарных сэрвісаў. Па словах кампаніі, гэтыя напады — частка больш шырокай кампаніі, якая пачалася мінулым летам. Microsoft таксама паведамляе, што ў пэрыяд з 1 ліпеня па 19 кастрычніка яна апавясьціла 609 кліентаў аб тым, што яны зазналі напад. Як паведаміла Microsoft выданьню New York Times, толькі невялікі працэнт падобных спроб аказаўся пасьпяховым.
Зьвязацца з прадстаўнікамі службаў кібэрбясьпекі ЗША для пацьверджаньня названай інфармацыі не ўдалося.
Афіцыйныя асобы ЗША пацьвердзілі New York Times, што хваля хакерскіх нападаў, аб якой ідзе гаворка, адбываецца проста цяпер; высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі, які гаварыў на ўмовах ананімнасьці, назваў яе «нескладанымі, звычайнымі апэрацыямі, якія можна было б прадухіліць, калі б пастаўшчыкі хмарных паслуг укаранілі базавыя мэтады кібэрбясьпекі».
Паводле яго слоў, якія прыводзіць кампанія Microsoft, названыя дзеяньні — «яшчэ адно сьведчаньне таго, што Расея імкнецца атрымаць доўгатэрміновы сыстэматычны доступ да розных пунктаў тэхналягічнага ланцужка паставак і стварыць мэханізм для адсочваньня — сёньня ці ў будучыні — цэляў, якія зьяўляюцца цікавымі для ўраду Расеі».