Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плацяць ад 150 рублёў, бяруць толькі ў рабочыя. Што з працай на «хіміі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Некалькі палітвязьняў расказалі Свабодзе пра асаблівасьці працы асуджаных на абмежаваньне волі ў Беларусі.

«Ён „змагар“, з голаду не памрэ»

Сябры берасьцейца Дзьмітрыя Абрамука, асуджанага па «карагоднай справе» і за абразу Лукашэнкі на 3 гады «хіміі», расказалі, што адміністрацыя віцебскай папраўчай установы не дазваляе яму працаўладкавацца. На думку суразмоўцаў, прычына ў тым, што вязень «не зьмяняе сваіх перакананьняў».

«Проста не пускаюць на працу, і ўсё. Кшталту, ён „змагар“, з голаду не памрэ», — тлумачаць сябры Абрамука.

Раней Абрамук працаваў на будоўлі ў Польшчы. У яго сярэдняя адукацыя. Цяпер жыве на ашчаджэньні, яшчэ дапамагаюць фонды. У месяц яму трэба мінімум 20 рублёў на аплату пражываньня на «хіміі», у сэзон ацяпленьня — каля 50 рублёў. Вязьні на «хіміі» харчуюцца за свой кошт, ва ўстанове іх ня кормяць.

Асуджаных не бяруць на кіраўнічыя пасады

Іншы палітвязень ананімна расказаў, што, паводле ягоных назіраньняў, «палітычных» менш ахвотна бяруць на працу ў дзяржаўныя арганізацыі.

«Магчыма, гэта рашэньне адміністрацыі прадпрыемства. Прычыны могуць быць у тым, што „палітычныя“ больш упэўненыя, разумнейшыя, яны часьцей з вышэйшай адукацыяй, умеюць адстойваць сваю пазыцыю», — мяркуе суразмоўца.

Некаторыя так і застаюцца бяз працы цягам усяго тэрміну. Тады ім могуць дапамагаць фінансава родныя. Часам чалавеку ніхто не дапамагае. Каб выжыць, ён ідзе на супрацу з пэрсаналам папраўчай установы, даносіць на паплечнікаў «за ежу».

У іншым розьніца паміж палітычнымі і непалітычнымі на «хіміі» невялікая. З працай усім досыць складана.

Галоўная праблема — гэта нізкія заробкі. У большасьці месцаў «хімікаў» (так часам называюць асуджаных да абмежаваньня волі) не бяруць на кіраўнічыя пасады або любыя, вышэйшыя за простага рабочага.

«Яны часта кажуць: „Мы разумеем, якая ў вас кваліфікацыя, але ж вы разумееце, што мы ня можам вас узяць на гэтую пасаду“», — пераказвае словы адміністрацыі вязень.

Ён адзначае, што на «хіміі» часта сядзяць адукаваныя людзі, якія раней займалі кіраўнічыя пасады і сядзяць ня толькі «за палітыку», але і, прыкладам, за карупцыю.

«Адзін былы начальнік казаў: „Давайце я буду працаваць рабочым, але разам з вамі, каб дапамагчы разьвіваць прадпрыемства“. Бо некаторым важна, каб праца была ня лёгкая, а творчая», — тлумачыць суразмоўца.

Можна паспрабаваць атрымаць лепшае месца, прайсьці курсы, здаць экзамэн, атрымаць вышэйшы разрад. Аднак, хутчэй за ўсё, гэта ўсё роўна будзе месца рабочага.

Калі раней вязень працаваў рабочым і мае адпаведныя «корачкі», яму гэта дапаможа ўладкавацца па сваёй спэцыяльнасьці. Ёсьць людзі, якія, адбыўшы тэрмін, застаюцца працаваць на тым жа прадпрыемстве.

Заробак ад 150 рублёў

Мінімальны заробак асуджаных на абмежаваньне волі супадае зь мінімальным у краіне — каля 420 рублёў. Аднак ад яго трэба адняць заробак за некалькі дзён, калі вязень абавязаны дзяжурыць, прыбіраць у сваім інтэрнаце паводле графіку, бо тады ён прапускае асноўную працу — і ў выніку атрымлівае менш за 400 рублёў.

У той жа час зваршчык або будаўнік можа атрымліваць больш за 1000 рублёў. Гэта рабочая пасада, але заробкі там высокія. У сярэднім жа асуджаныя атрымліваюць за працу 500–600 рублёў. У многіх пры гэтым на волі застаюцца сем’і, дзеці, якіх яны павінны забясьпечваць.

Бывае, што на прадпрыемства бяруць асуджаных у якасьці «вучняў». Ім плацяць ад 150 рублёў у месяц. Такое навучаньне можа ісьці некалькі месяцаў. Здараецца, што вучні праз кароткі час пачынаюць выконваць працу нароўні зь іншымі работнікамі, аднак заробак застаецца на тым жа ўзроўні, пакуль за імі захоўваецца статус «вучня».

Большасьць вязьняў звычайна працуе ў адным месцы

Большасьць «хімікаў» працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, некаторых пасылаюць працаваць у калгасы, кагосьці бяруць на працу прыватнікі. Паводле дамовы, асуджаных нельга звальняць.

«Гэта можа быць яшчэ адной прычынай, чаму дзяржаўныя прадпрыемствы ня хочуць зьвязвацца са спэцкантынгентам», — мяркуе суразмоўца.

Звычайна адна папраўчая ўстанова супрацоўнічае зь невялікай колькасьцю прадпрыемстваў, і большасьць «хімікаў» працуе ў адным месцы. Так адміністрацыя спрабуе спрасьціць сабе абслугоўваньне асуджаных.

З кожным прадпрыемствам, дзе працуюць асуджаныя, складаюць шмат папер: рыхтуюць дамовы паміж прадпрыемствам і папраўчай установай; прапісваюць маршруты, па якіх вязьні ідуць на працу; прызначаюць адказных за вязьняў з боку «хіміі» і з боку прадпрыемства; запаўняюць дакумэнт пры прыходзе на працу і сыходзе з працы.

«Адміністрацыя ня хоча надта павялічваць асартымэнт прадпрыемстваў, бо гэта больш працы для яе», — мяркуе суразмоўца.

«Трэба ўмець адстойваць лепшае для сябе»

Ці можа вязень абраць, куды ісьці працаваць, ці гэта прымусова? Невялікі выбар можа існаваць. Сам асуджаны, хутчэй за ўсё, ня зможа прапанаваць адміністрацыі свой варыянт працы, ня зможа застацца працаваць на сваёй ранейшай працы дыстанцыйна, нават калі ягоны кіраўнік ня супраць.

Працу асуджанаму прапануюць у папраўчай установе. Адбываецца гутарка, дзе разглядаюць кандыдатуру вязьня і прапануюць яму пэўнае месца ў арганізацыі.

«Але тут як на рынку. Трэба ўмець адстойваць лепшае для сябе. На гутарцы ты разумееш: ці ты зможаш паспаць на працы, ці ты ўвесь час будзеш пад жорсткім наглядам. Адміністрацыя хоча цябе заперці кудысьці, бо там працуюць усе і ім там з табою будзе прасьцей. Можна зрабіць так, каб цябе на самім прадпрыемстве не захацелі прымаць на працу, на якую ты ня хочаш: задаваць шмат няёмкіх пытаньняў, паказаць сябе недастаткова адпаведным вакансіі», — мяркуе палітвязень.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG