Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Мяне дома чакалі чацьвёра дзяцей». Памілаваны Максім Шаўлінскі расказвае пра «хімію» і вызваленьне


Максім Шаўлінскі пасьля вызваленьня
Максім Шаўлінскі пасьля вызваленьня

Бацька чатырох дзяцей, 33-гадовы Максім Шаўлінскі з Воршы — адзін з 13 асуджаных па палітычных матывах, хто быў памілаваны і вызвалены паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Шаўлінскі кажа, што з просьбай аб памілаваньні ён зьвярнуўся да кіраўніка «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юрыя Васкрасенскага.

Максіма Шаўлінскага асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу за камэнтар у чаце пра супрацоўніка аршанскай міліцыі.

Максім расказаў, што зьвярнуўся да «Круглага стала дэмакратычных сіл» і Васкрасенскага, каб яго імя ўнесьлі ў сьпіс на памілаваньне.

«Я ўбачыў у інтэрнэце, што можна падаць прашэньне. Я запоўніў адмысловую анкету на імя Васкрасенскага, і ўсё. Я яе накіраваў, а потым прыйшоў электронны адказ, што я ўнесены ў сьпісы. Для мяне гэта было нечаканасьцю», — кажа Шаўлінскі.

Потым папраўчая ўстанова пачала рыхтаваць дакумэнты на памілаваньне.

Максім адбываў «хімію» з 24 ліпеня ў Мазырскай установе адкрытага тыпу № 21. Ён працаваў у ЖРЭА электрыкам і сантэхнікам, выконваў розныя працы.

«Літаральна праз два тыдні мне патэлефанавалі, каб я зьбіраў рэчы дахаты, — сказаў Максім. — Я якраз быў на працы. Мне патэлефанавалі з інтэрнату, маўляў, едзь звальняйся, бо цябе вызваляюць. Ня верылася, але калі ўжо пачаў запаўняць дакумэнты, то зразумеў, што гэта ўсё скончылася».

Паводле Максіма, у яго былі ўсе падставы для вызваленьня.

«У мяне раней не было ніякай судзімасьці, ніякіх адміністратывак. Я сплаціў пазоў пацярпеламу ў 1000 рублёў. Да таго ж мяне дома чакалі чацьвёра дзяцей. Вось гэта, відаць, і стала падставай для майго вызваленьня 16 верасьня».

Дадому Максім дабіраўся сам: маршруткай да Менску, а потым цягніком даехаў да Воршы а 3 гадзіне ночы.

Як сябры і блізкія паставіліся да таго, што ён напісаў заяву аб памілаваньні?

«Усе ўсё разумеюць. Калі ёсьць шанец, то чаму ім не скарыстацца? Тым больш што тут трэба думаць пра дзяцей, расьціць, карміць і ставіць на ногі, дзеці ў школу ідуць. Жонка адна не ўпраўляецца. Трэба дапамагаць, а я там».

Максім на «хіміі» меў месячны заробак 400 рублёў. Зь іх трэба было заплаціць за інтэрнат, пакрыць іншыя выдаткі. «На жыцьцё» заставалася каля 150–200 рублёў. Дапамагчы сям’і з гэтага заробку ён ня мог. На «хіміі» Максім схуднеў на 8 кіляграмаў.

«Калі б я даслаў ім сто рублёў, то быў бы добры экспэрымэнт — жыцьцё на 50 рублёў цягам месяца, але нядоўгі», — кажа Максім.

Паводле яго, «хімія» нагадвае службу ў войску: пэўныя правілы, пэўныя абавязкі, пад’ём а 6 раніцы і адбой а 10 вечара.

«Галоўнае — нічога не парушаць, быць паголеным, хадзіць на працу і без спазьненьня прыходзіць назад ва ўстанову. Страшнага і цяжкага нічога не было. Але натуральна, што ты не на волі».

Некаторыя з палітвязьняў адмаўляюцца пісаць просьбы аб памілаваньні. Як ставіцца да гэтага Максім?

«Гэта справа кожнага. Проста нехта не прызнае віну, а нехта прызнае. Бо сам факт прашэньня аб памілаваньні — гэта прызнаньне сваёй віны. У мяне яна была прызнаная адпачатку, яшчэ на судзе. Я прызнаў на судзе віну і сплаціў кампэнсацыю. Таму мне не было сэнсу ад гэтага адмаўляцца, — кажа Максім. — Я на свабодзе, таму гэта спрацоўвае».

Жыцьцё на волі памалу наладжваецца, Максім ужо вярнуўся на ранейшую працу. Ён кажа, што яму ня ставілі пэўных умоваў вызваленьня, але раз на два месяцы ён павінен адзначацца ў РАУС.

«Там проста будуць адзначаць, што жывы-здаровы, нідзе не „касячу“, выконваю правілы і парадкі».

Сям’я таксама вяртаецца да ранейшага жыцьця. Малодшай дачцэ Максіма ўсяго сем месяцаў, яшчэ трое вучацца ў школе. Кажа, што сябры яму дапамагалі, дасылалі пасылкі на «хімію» і прыяжджалі.

«Будзем жыць, будзем рухацца далей», — кажа Максім Шаўлінскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG