Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя патлумачыла, што прыпыніла плянавую дапамогу ў паліклініках праз сытуацыю з каранавірусам


Хуткая дапамога падчас пандэміі. Менск, верасень 2021
Хуткая дапамога падчас пандэміі. Менск, верасень 2021

«Сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй прымушае расстаўляць прыярытэты».

У Міністэрстве аховы здароўя растлумачылі, чаму быў уведзены новы загад, якім часова прыпынілі аказаньне плянавай мэдыцынскай дапамогі ў амбуляторна-паліклінічных арганізацыях сыстэмы аховы здароўя.

Гаворка ідзе аб правядзеньні дыспансэрызацыі, скрынінгу, рэабілітацыйнай дапамогі, фізіятэрапэўтычных працэдур, маніпуляцый падчас знаходжаньня ў аддзяленьнях дзённага знаходжаньня.

У тым ліку прыпыняецца:

  • правядзеньне дыспансэрызацыі,
  • скрынінгавыя мерапрыемствы,
  • аказаньне рэабілітацыйнай дапамогі,
  • выкананьне фізіятэрапэўтычных працэдур,
  • лячэньне ў аддзяленьнях дзённага знаходжаньня,
  • плянавая стаматалягічная дапамога.

«Улічваючы эпідэмічную сытуацыю, сёньня Міністэрству аховы здароўя падаецца мэтазгодным паставіць больш жорсткія рамкі ў працы амбуляторна-паліклінічнага зьвяна. Пры гэтым загадам павялічваецца час працы КТ-кабінэтаў у Менску. Гэта дапаможа павысіць частату выяўленьня і забясьпечыць своечасовую шпіталізацыю і аказаньне дапамогі пацыентам з COVID-19. Акрамя таго, вызваляючы мэдыкаў ад плянавай дапамогі, мы павялічваем колькасьць кантактных брыгад на выездах. Сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй прымушае расстаўляць прыярытэты», — гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама ўнесьлі зьмены ў графік працы амбуляторна-паліклінічнага зьвяна Менску і ў Рэкамэндацыі (часовыя) аб арганізацыі аказаньня мэдыцынскай дапамогі пацыентам з інфэкцыяй COVID-19. У прыватнасьці, нагрузка на апараты кампутарнай тамаграфіі мусіць павялічыцца на 45%, а таксама перагледжаны рэжым працы кабінэтаў з тамаграфіяй, дапускаецца іхная праца па нядзелях з улікам магчымасьцяў у выпадку візыту пацыента з падазрэньнем на COVID-19.

Загадам вызначылі дазаваньне прэпаратаў барыцытыніб і тофацытыніб, якія выкарыстоўваюць пры лячэньні.

«Асобы зь ліку кантактаў першага і другога ўзроўню, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжаньня дзяцей і дарослых, належыць ізаляваць на 14 дзён з нагоды кантакту з хворымі і па заканчэньні тэрміну ізаляцыі дапускаць у калектывы пры адсутнасьці сымптомаў вострай рэсьпіраторнай інфэкцыі», — гаворыцца ў загадзе.

Траціну ложкаў у беларускіх шпіталях ужо перапрафілявалі для хворых з каранавіруснай інфэкцыяй, заявіў міністар здароўя Дзьмітры Піневіч. Гэта 32 тысячы ложкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG